Top.Mail.Ru

У Ваўкавыску вядуцца работы па пракладцы экалагічнай сцежкі паміж гарадскімі мікрараёнамі

Новы аб’ект экатурызму першы такога роду. Пакуль у раёне няма маркіраваных пешых маршрутаў для актыўнага вольнага часу. Між тым лясны масіў карыстаецца попытам у мясцовых жыхароў. Стварэнне экасцежкі зробіць такія прагулкі не толькі карыснымі, але і цікавымі.


Ініцыятыва пракладкі пешага маршруту належыць Маладзёжнаму парламенту пры Ваўкавыскім раённым Савеце дэпутатаў. Ідэю падтрымаў раённы Савет дэпутатаў і райвыканкам. Да справы падключыўся мясцовы лясгас. Сіламі работнікаў ляснога ведамства вядуцца работы па расчыстцы тэрыторыі. Паколькі лес лічыцца рэкрэацыйным, высечка тут забаронена, акрамя сухастойных дрэў.

Не застаецца ўбаку і моладзь. Як паведаміў старшыня Маладзёжнага парламента пры райсавеце, дырэктар раённага турысцка-інфармацыйнага цэнтра Ягор Гіз, сіламі маладых парламентарыяў і членаў БРСМ праведзены суботнік. Даводзілася змагацца з бураломам і хмызняком. Ніякай дарогі тут не было. Паступова разам з ляснічым вызначаўся напрамак маршруту.

— Лесапаласа, па якой пройдзе экасцежка, злучыць Паўднёвы і Цэнтральны мікрараёны горада. Яе працягласць — 2,5 кіламетра. Цяпер мы рухаемся ў напрамку мікрараёна Паўднёвы, — каментуе Ягор наша падарожжа па будучым маршруце, контуры якога ўжо відаць.

У хуткім часе тут пройдзе грэйдар. Але сцежка будзе натуральнай, лясной, без асфальту, шырынёй 2,5-3 метры. Унікальнасць у тым, што яна пралягае толькі праз лясны масіў і не будзе перасякацца з праезджай часткай. Вядзецца работа па напаўненні будучага экамаршруту.

— Плануецца ўстаноўка інтэрактыўных стэндаў, — паведаміў Ягор Гіз. — Мы актыўна супрацоўнічаем з факультэтам біялогіі і экалогіі Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Сумесна будзе весціся афармленне з пазнавальным кірункам. Напрыклад, каля лавак будуць тактыльныя элементы для вывучэння жывой прыроды. Можна будзе па кары вызначыць пароду дрэў. Плануецца зрабіць стометроўку са спецыяльным насцілам з прыродных элементаў, дзе можна будзе летам прайсці басанож.

Як аказалася, патрэба ў такой экасцежцы даўно існавала сярод гараджан, якія вядуць актыўны лад жыцця.

— Попыт нараджае прапанову. А тут лясны масіў, вельмі чыстае паветра. Сюды ходзяць на выгул сабак, пенсіянеры займаюцца скандынаўскай хадзьбой, хтосьці робіць прабежкі. Таму было вырашана паставіць гэта на цывілізаваны ўзровень. Ды і злучыць два мікрараёны таксама было добрай ідэяй, — заўважае суразмоўнік.

Ён, як дырэктар турысцка-інфармацыйнага цэнтра, лічыць стварэнне экалагічнага маршруту істотным крокам у развіцці турыстычнай галіны. У раёне добра асвоены паляўнічы, рэлігійны, гастранамічны турызм, цяпер удасканальваецца і экалагічны.

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю