У штотыднёвай туркменскай газеце «Ашгабат», якая выходзіць накладам каля 8 000 экзэмпляраў, надрукавана падборка вершаў народнага песняра Беларусі Янкі Купалы.
Пераўвасобіў творы на сваю родную мову туркменскі паэт і перакладчык Ісмаіл Таган. «Купала па-новаму адкрывае для мяне свет беларускай паэзіі, саму Беларусь, — гаворыць перакладчык. — Тыя пяць вершаў, якія 12 сакавіка надрукавала наша газета „Ашгабат“, — пачатак маёй вялікай працы па пераўвасабленні твораў Купалы на туркменскую мову. Да асэнсавання творчай спадчыны вялікага беларускага творцы звярталіся многія туркменскія шахіры. У іх слаўнай кагорце — Берды Кербабаеў, Ата Ніязаў, Курбандурды Аразаў, Чары Ашыраў, Рухі Аліеў, Дурды Халдурды, Мамед Сеідаў, Ахмет Курбаннепесаў, Таўшан Эсэнава, Аннаберды Агабаеў, Анна Кавусаў... Развіваецца і туркменская літаратурная мова, іначай мы глядзім на мінулае стагоддзе — усё гэта патрабуе пераасэнсавання даўно напісаных радкоў».
Поруч з публікацыяй пададзены вялікі рэдакцыйны артыкул пра жыццё і творчасць Янкі Купалы. У якасці ілюстрацыі — здымак помніка народнаму паэту Беларусі, які быў устаноўлены ў маі 2024 года на алеі класікаў сусветнай літаратуры ва ўсходняй частцы Ашхабада.
Мікола БЕРЛЕЖ