Так можа коратка апісаць найважнейшы кірунак свайго служэння намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Ірына Даўгала. У рабоце яна заўжды кіруецца галоўным жыццёвым правілам — «Спяшацца рабіць дабро».
Жывы зварот — нефармальны адказ
— Дапамагаць людзям было і застаецца маім галоўным прынцыпам, — падкрэслівае Ірына Даўгала. — Але важна не проста выслухаць чалавека, а давесці хвалюючую яго справу да выніку. Толькі тады дэпутацкая праца мае сапраўдны сэнс.
У рабоце ў сваёй Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе № 34 дэпутат парламента заўжды імкнецца не проста быць у курсе падзей, а адчуваць рытм жыцця гэтай тэрыторыі, жыць клопатамі выбаршчыкаў і адказваць за прынятыя рашэнні па хвалюючых іх пытаннях.
Асабістыя прыёмы, прамыя тэлефонныя лініі, адзіныя дні інфармавання, сустрэчы ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства дазваляюць парламентарыю падтрымліваць непасрэдную сувязь з выбаршчыкамі, даюць магчымасць не толькі пачуць, але і зразумець чалавека, убачыць сутнасць праблемы і разам шукаць выхад.
Летась падчас работы ў выбарчай акрузе Ірына Віктараўна правяла каля двух дзясяткаў «прамых ліній» і асабістых прыёмаў, прыняла больш як 80 грамадзян, разгледзела каля 90 зваротаў ад фізічных і юрыдычных асоб.
— За кожным з гэтых зваротаў — лёсы людзей, іх надзеі і чаканне дапамогі. Звароты дазваляюць выразна бачыць, што сёння найбольш актуальна. Жыхары звяртаюцца па самых розных пытаннях: работа жыллёва-камунальнай гаспадаркі, добраўпарадкаванне двароў, рамонт дарог, арганізацыя транспартных маршрутаў. Нямала пытанняў датычыцца будаўніцтва і рамонту сацыяльных аб'ектаў, работы ўстаноў аховы здароўя і адукацыі, прымянення норм заканадаўства ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях, — адзначае дэпутат парламента.
Па яе словах, каб кожны зварот разглядаўся па сутнасці, выбудавана ўзаемадзеянне з профільнымі службамі і органамі ўлады. Пры неабходнасці накіроўваюцца запыты ў рэспубліканскія органы, выканаўчыя камітэты, спецыялізаваныя структуры. І большасць пытанняў знаходзіць станоўчае рашэнне, а тыя, што патрабуюць дадатковых сродкаў ці часу, застаюцца на кантролі. Асобная ўвага — сітуацыям, якія можна вырашыць без працяглых працэдур. У такіх выпадках выкарыстоўваюцца прамыя кантакты з кіраўнікамі і спецыялістамі, а калі патрэбна, арганізуюцца выезды на месца. Гэта дазваляе аператыўна разабрацца ў праблеме і даць людзям зразумелы адказ.
Работу са зваротамі выбаршчыкаў Ірына Віктараўна спалучае з удзелам у развіцці тэрыторыі сваёй выбарчай акругі і дарагога сэрцу Гомеля. І ў гэтым кірунку дзейнасці, пераканана народная выбранніца, немагчыма без цеснага ўзаемадзеяння з мясцовымі органамі ўлады. Увогуле, вельмі важная для парламентарыя форма работы ў выбарчай акрузе — гэта і ўдзел у пасяджэннях адміністрацыі раёна, гарадскога выканаўчага камітэта, у сесіях Саветаў дэпутатаў, што дапамагае выбудоўваць паслядоўную і ўзважаную работу, прааналізаваць, што рэалізавана ў тым ці іншым кірунку, што яшчэ трэба зрабіць, і агучыць пытанні, з якімі звярталіся выбаршчыкі.
Як падкрэслівае Ірына Віктараўна, работа ў выбарчай акрузе непасрэдна ўплывае і на заканатворчую дзейнасць. Бо, вядома, звароты грамадзян, іх прапановы і заўвагі агучваюцца пры падрыхтоўцы ініцыятыў і прапаноў на заканадаўчым узроўні.
«Самі ідзём да людзей»
У рабоце ў выбарчай акрузе Ірыне Віктараўне важна заставацца ў рытме жыцця краіны. Дапамагаюць у гэтым жывыя сустрэчы. Сярод нядаўніх — наведванне пагранічных застаў «Новая Гута» і «Глыбоцкае» Гомельскага раёна і сустрэчы з вайскоўцамі. Дэпутат парламента агледзела шэраг аб'ектаў: ад навучальных аўдыторый і месцаў падрыхтоўкі да службы да трэнажорнай залы і сталовай, адзначыла выключны парадак у кожным з іх.
Як нагадала парламентарый, абараназдольнасць краіны — адзін з найважнейшых прыярытэтаў бягучай пяцігодкі, абазначаны Прэзідэнтам на Усебеларускім народным сходзе.
— Таму важна асабіста сустрэцца з тымі, хто нясе службу па ахове рубяжоў нашай Радзімы, расказаць аб найважнейшых прыярытэтах дзяржаўнай палітыкі і абмеркаваць канкрэтныя пытанні, якія хвалююць ваеннаслужачых, — пераканана Ірына Віктараўна. — Падчас праходжання тэрміновай вайсковай службы на заставе маладыя людзі асвойваюць не толькі ваенную спецыяльнасць, але і набываюць неабходныя бытавыя навыкі. І гэта таксама вельмі важна, што дадому пасля службы вярнуцца моцныя, упэўненыя ў сабе маладыя мужчыны з карысным досведам, якія стануць надзейнай апорай для сваіх сем'яў і нашага грамадства ў цэлым, — падзялілася сваімі назіраннямі ад гэтай жывой сустрэчы народная выбранніца.
Важны фармат работы ў яе графіку — маніторынг цэн, даступнасці, асартыменту сацыяльна значных тавараў і лекавых сродкаў у гандлёвых аб'ектах і аптэках.
Увогуле адным з пастаянных кірункаў работы ў выбарчай акрузе для Ірыны Віктараўны застаецца камунікат з тымі, хто мае асаблівую патрэбу ў падтрымцы. Вельмі кранальныя жывыя сустрэчы гэтай зімой традыцыйна ў дэпутата парламента прайшлі ў рамках акцыі «Ад усёй душы». Ірына Даўгала ўжо амаль два дзесяцігоддзі наведвае бальніцу сястрынскага догляду ў Старых Дзятлавічах Гомельскага раёна. Для яе, як падзялілася Ірына Віктараўна, гэта нагода падтрымаць людзей, якім проста патрэбныя чалавечае цяпло і спагада.
Парламентарый знаходзіць час і для іншай, не менш важнай місіі — аб'ядноўваць людзей вакол значных грамадскіх ініцыятыў. Ірына Даўгала ўзначальвае пярвічную арганізацыю «Белай Русі» ў Палаце прадстаўнікоў і бачыць у гэтым яшчэ адну магчымасць для рэалізацыі сваёй грамадзянскай пазіцыі.
— Здавалася б, нашая арганізацыя невялікая — аб'ядноўвае 66 чалавек з улікам дэпутатаў і супрацоўнікаў сакратарыята, але дастаткова актыўная. І мне вельмі прыемна, што нашы ініцыятывы падтрымлівае Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, які таксама з'яўляецца членам грамадскага аб'яднання, — адзначыла парламентарый.
Праца з выбаршчыкамі, дзейнасць у грамадскім аб'яднанні, рэалізацыя праектаў... Уся разнастайная і шматпланавая дзейнасць для Ірыны Віктараўны складаецца ў адзін выразны арыенцір — ключавы прынцып ролі дэпутата.
— Якім бы прафесіяналам ты ні быў, якім бы жыццёвым досведам ні валодаў, але калі не любіш людзей, не можаш, не хочаш і не ўмееш іх слухаць і чуць, то не варта ісці ў гэту прафесію. Дэпутат — гэта перш за ўсё пра чалавека. Таму я заўжды заклікаю — спяшайцеся рабіць дабро! — акрэсліла сутнасць дэпутацкага служэння Ірына Даўгала.
Наталля КАПРЫЛЕНКА