Залатая пара на палях Міншчыны.
Сельгаспрадпрыемствы вобласці пачалі масавую ўборку кукурузы, якая сёлета абяцае высокі ўраджай. Пра асаблівасці работы з культурай сёлета расказаў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама Сяргей Прымачэнка.

Аграрыі Мінскай вобласці прыступілі да ўборкі кукурузы на сілас і зерне. У гэтым сезоне яны сутыкнуліся з сур’ёзнай затрымкай у развіцці культуры з-за моцна дажджлівага і прахалоднага лета.
Асноўная задача сёння — не ўпусціць час і своечасова прыбраць кукурузу
Гэта адзначыў старшыня Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама Сяргей Прымачэнка: «Стаіць задача ўбраць кукурузу з плошчы больш за 300 тысяч гектараў. З іх каля 200 тысяч гектараў плануецца скасіць на сілас, каб закласці ў сховішчы больш за 4 мільёны тон корму. Яшчэ больш за 100 тысяч гектараў адведзена пад уборку на зерне. У залежнасці ад умоў надвор’я магчымыя карэкціроўкі тых ці іншых плошчаў у той ці іншы бок».
Плошча пад кукурузу ў вобласці застаецца стабільнай. Паводле слоў Сяргея Прымачэнкі, сёлета яна знаходзіцца на звыклым узроўні з нязначнымі ваганнямі. Найбольшыя плошчы палёў пад кукурузу размешчаны ў паўднёвых рэгіёнах вобласці з пясчанымі і супясчанымі глебамі, якія лепш падыходзяць для гэтай культуры. Лідарамі па пасевах з’яўляюцца гаспадаркі Старадарожскага, Бярэзінскага, Любанскага і Чэрвеньскага раёнаў.
Як паўплывала надвор’е
Галоўнай нечаканасцю гэтага сезона стала надвор’е. Халоднае і дажджлівае лета з дэфіцытам сонечных дзён і цяпла прывяло да адставання ў развіцці і паспяванні кукурузы амаль на 2-3 тыдні ў параўнанні з мінулым годам: «Кожны год — гэта сюрпрыз для нас. Гэты быў вельмі складаны для кукурузы, але мы людзі падрыхтаваныя, і стараліся выхопліваць кожную хвіліну, кожную гадзіну, кожны пагодлівы дзень для ўборкі збожжавых культур. У мінулым годзе ў канцы жніўня — пачатку верасня ўжо актыўна вялі ўборку і заклалі больш за 600 тысяч тон сіласу, а на сённяшні дзень толькі каля 100 тысяч», — канстатаваў старшыня камітэта.
Нягледзячы на выклікі, аграрыі маюць намер зрабіць усё магчымае, каб сабраць ураджай без страт і забяспечыць жывёлагадоўлю якаснымі кармамі.
Якіх гатункаў расце кукуруза
Каб мінімізаваць рызыкі, аграрыі выкарыстоўваюць шырокі гатункавы склад. У вобласці вырошчваецца больш за 160 гібрыдаў як айчыннай, так і імпартнай селекцыі. «Прынцып не ў тым, каб высейваць адзін-два гібрыды, а ад 5 да 10 разнапланавай селекцыі. Гэта дазваляе гарантавана атрымаць ураджай нават у неспрыяльных умовах, бо розныя гібрыды ўстойлівыя да засухі, холаду ці пераўвільгатнення», — тлумачыць Сяргей Прымачэнка.
Колькі людзей і тэхнікі будзе задзейнічана
Штодня на ўборцы кукурузы будзе задзейнічана больш за 200 магутных механізаваных атрадаў. Колькасць рабочых каманд можа вар’іравацца ў тую ці іншую ступень, таму што на сённяшні дзень, як толькі кукуруза будзе падыходзіць да паспявання, будуць дадавацца атрады для ўборкі кукурузы на сілас.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ,
Фота прэс-службы Мінскага аблвыканкама.