Top.Mail.Ru
208

У TіkTok задаліся пытаннем, чаму снег у дварах чысцяць лапатамі

«Дзе ўся тэхніка?»

Адной з галоўных тэм абмеркавання ў сацсетках гэтай зімой стала ачыстка вуліц ад снегу. У TіkTok завірусіліся відэа, як людзі гуртам расчышчаюць заснежаныя сцежкі. У карыстальнікаў сацсеткі ўзнікла пытанне: «Як атрымліваецца, што Беларусь, якая экспартуе трактары, не можа забяспечыць уласныя двары элементарнай снегапрыбіральнай тэхнікай?» Таксама людзі абмяркоўваюць магчымы дэфіцыт дворнікаў. У TіkTok прапануюць лагічнае рашэнне: аўтаматызаваць ручную працу. Замест таго, каб прымушаць аднаго чалавека гадзінамі махаць лапатай, даць яму сучасны кампактны снегапрыбіральнік, які праедзе ўсюды і выканае работу хутчэй і больш якасна. «Дзе сучасная снегапрыбіральная тэхніка? На выстаўках, па тэлевізару — паказуха. А рэаліі — на ўзроўні стогадовай даўніны», — абураліся канапныя эксперты.

Каментарыі ад карыстальнікаў TіkTok, насамрэч, былі розныя: «Сучасны снегапрыбіральнік — гэта крута. Але такая зіма ў Беларусі раз на 10 гадоў. Будзе снегапад кожны год — будзе і снегапрыбіральнік. Вось цікава, вы б набылі сабе такое абсталяванне, каб выкарыстоўваць яго раз на 10 гадоў?»; «Справіліся дзякуючы няныцікам»; «Гэта мінітрактары, Беларусь робіць стандартную тэхніку»; «Лепш бы ўзялі ў рукі лапаты і прыбралі снег, а не языком малолі»; «У самы снегапад дворнікі ўсё прыбіраюць».

Мы вырашылі разабрацца, ці сапраўды снег усюды чысцяць уручную, не ўжываючы малую спецтэхніку.

«Звязда» задала гэта пытанне намесніку генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Вользе Драпей.

Спецыяліст адзначыла, што па ачыстцы снегу і правядзенні супрацьгалалёдных мерапрыемстваў на прысядзібных тэрыторыях шматкватэрнага жыллёвага фонду прыцягваецца ўласная снегапрыбіральная тэхніка ў колькасці 115 адзінак, у тым ліку 59 адзінак малагабарытнай тэхнікі. Акрамя таго, складзены дагаворы з пабочнымі арганізацыямі для прадстаўлення па заявах снегапрыбіральнай тэхнікі. Дадаткова ў ДП «ЖЭУ раёнаў г. Мінска» маецца 127 адзінак сродкаў малой механізацыі (мотаблокі, снегапрыбіральнікі і інш.), якія таксама выкарыстоўваюцца ў зімовы перыяд.

У сталіцы ёсць пункты выдачы інвентару для прыборкі снегу. Ці гаворыць гэта аб недахопе дворнікаў?

«Усяго ў Мінску 2000 рабочых па комплекснай прыборцы. Гэта колькасць дастатковая для сталіцы, аднак усё роўна запрашаем паўдзельнічаць у навядзенні парадку неабыякавых, асабліва моладзь. На перыяд выпадзення вялікіх ападкаў працуюць пункты выдачы інвентару. Жыхары могуць прыйсці ў пункт і ўзяць рыдлёўку для расчышчэння тэрыторыі каля свайго аўтамабіля ці іншай тэрыторыі», — патлумачыла Вольга Аляксандраўна. Яна нагадала, што ў адпаведнасці з Правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання горада Мінска, грамадзяне, якія паркуюць транспартныя сродкі на ўнутрыдваровых тэрыторыях, праезнай часткі вуліц, дарог, праездаў, ажыццяўляюць своечасовую прыборку праезнай часткі ад снегу і смецця на адлегласці не менш за метр ад транспартнага сродку. Вось ім больш за ўсіх і спатрэбіцца інвентар.

Мы даведаліся, ці вырабляюць у Беларусі тэхніку, якая прымяняецца ў зімовы перыяд для расчысткі ад снегу вуліц і двароў.

Як паведамілі ў Міністэрстве прамысловасці, вырабам такой тэхнікі займаюцца такія прадпрыемствы, як «Мінскі трактарны завод», «Амкадор», «Бабруйскаграмаш», «Лідсельмаш» і «БЕЛАЎТАМАЗ». Так, адзін толькі ААТ «Смаргонскі агрэгатны завод» выпускае цэлую лінейку спецтэхнікі — гэта і цэлая лінейка камунальных машын «Беларус», і мотаблок «Беларус 09/012» са снегаачышчальнкам СН-1М. «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў» займаецца вырабам прыбіральных машын, «Аршанскі інструментальны завод» вырабляе экскаватар-пагрузчык «Беларус ЭП-491». Гэта толькі невялікі спіс. Усе вышэй пералічаныя прамысловыя прадпрыемствы вырабляюць дастатковую колькасць айчыннай тэхнікі — снегаачышчальнік шнэкавы, фрэзерна-ротарны, універсальныя пагрузчыкі, машыны для раскідвання саляна-пясочнай сумесі, навясныя снегаачышчальнікі, пяскараскідвальнікі і гэтак далей.

Каб разабрацца, што з гэтай тэхнікі працуе на нашых вуліцах, «Звязда» звярнулася ў ДВА «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама». Нам патлумачылі, што для ўтрымання сталічнай вулічна-дарожнай сеткі парк спецтэхнікі складаецца ў асноўным з мадэльнага шэрагу айчынных вытворцаў. Узімку для прыборкі на праезнай частцы і тратуарах выкарыстоўваюцца такія віды спецтэхнікі, як камбінаваная дарожная машына тыпу МАЗ-5912 і самазвалы з пяскасолеразмеркавальным абсталяваннем, трактары МТЗ тыпу «Беларус» — 82 і 92, «Беларус» 320 і 422 са шматлікім навясным абсталяваннем, а таксама машына пагрузачная «Амкадор 37», — расказалі ў «Гаррамаўтадары».

Такім чынам, мы бачым, што пытанне не ў тым, ці ёсць у беларусаў айчынная тэхніка (а яна ёсць), а ў тым, ці ёсць жаданне ў людзей талакой удзельнічаць не толькі ў расчыстцы вуліц ад снегу, наледзі, але і ў сумесных грамадскіх справах, якія служаць на карысць дзяржаве. Давайце будзем больш ініцыятыўныя, неабыякавыя адно да аднаго, паважаць працу людзей, не ленавацца працаваць самім, робячы карысны ўнёсак у агульную справу.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю