Купала гучыць па-ўзбекску
Начальнік аддзела прапаганды літаратуры і арганізацыі мерапрыемстваў Саюза пісьменнікаў Узбекістана Фарагат Худайкулава пераклала на ўзбекскую мову адзін з вершаў легендарнага купалаўскага цыкла «Санэты»: «Я люблю ўсходы нашых палеткаў, / І спавітыя ў зелень лугі, / І шум бору пануры, глухі, / І шаптанне крынічнае ўлетку...»
«Я вырасла ў вялікай сям’і, у якой гадавалася сем дзяцей, — расказвае Фарагат Худайкулава. — І ўсе ў нас захапляліся чытаннем, з маленства палюбілі кнігу. У школьныя гады я адкрыла для сябе Чынгіза Айтматава, Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага, Чулпан. І, канешне ж, шмат чула пра Якуба Коласа, творчы і жыццёвы лёс якога звязаны з Ташкентам, Узбекістанам. А вось Купалу, як мне падаецца, тонкага лірыка, адкрываю толькі зараз. І на маім рабочым стале цяпер ляжаць падрадкоўнікі іншых яго санэтаў, іншых вершаў...»
Калегу па творчым цэху дапаўняе празаік, перакладчык, публіцыст, літаратурны крытык Рысалат Хайдарава, якая неаднойчы гасцявала ў Беларусі, удзельнічала ў Міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменік і час» у Мінску: «Мы сённяшняе развіццё ўзбекска-беларускіх літаратурных сувязяў грунтуем на ўважлівым стаўленні да творчай спадчыны класікаў. І ў гэтым плане ўдзячны Саюзу пісьменнікаў Беларусі, кансультацыям беларускіх паэтаў, літаратуразнаўцаў, спрыянню беларусаў у падрыхтоўцы падрадкоўнікаў твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча... Ведаем, што ў 2027 годзе Беларусь будзе адзначаць юбілеі народных песняроў Купалы і Коласа. І мы рыхтуемся да гэтых падзей. Упэўнена, што пройдуць і ў нас, у Ташкенце, розныя святочныя імпрэзы, а таксама будуць ажыццёўлены новыя публікацыі твораў Купалы і Коласа на ўзбекскай мове».
Мікола БЕРЛЕЖ