Top.Mail.Ru

У сям’і Вальфовічаў чатыры пакаленні мужчын прысвяцілі жыццё служэнню Айчыне

Кожны чалавек, асабліва калі ён носіць пагоны, адчувае найвялікшы гонар, калі яго дынастыя мае працяг. Прадстаўнікі афіцэрскіх дынастый — асаблівыя людзі, для якіх пераемнасць традыцый, маральныя каштоўнасці, а таксама павышанае пачуццё адказнасці не толькі за сваю сям’ю, а ў цэлым за народ, краіну — не пустыя словы. Здолець усё гэта перадаць сваім нашчадкам, захапіць іх сваёй справай, якая выходзіць за рамкі прафесійных абавязкаў, можа далёка не кожны. У сям’і Вальфовічаў гэта атрымліваецца — прадстаўнік ужо чацвёртага пакалення ваеннаслужачых прысвяціў свой лёс служэнню Айчыне. Да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл мы пагутарылі з начальнікам штаба — першым намеснікам камандзіра 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады падпалкоўнікам Максімам Вальфовічам. Максім Аляксандравіч расказаў аб сваіх гераічных продках, шляху да ўласных афіцэрскіх пагонаў. Ён падзяліўся таксама, наколькі адказна быць сынам генерала, чаму важна любіць справу, якой прысвяціў жыццё.


З дзяцінства ў танку і загартоўка сувораўскім

Незайздросны лёс сям’і ваеннаслужачага: пастаянныя пераезды, змена месца жыхарства, новыя калектывы, сябры. Але з самага дзяцінства Максіму гэта падабалася. Мяняліся краіны, гарнізоны, школы, а любоў да прафесіі, якую на працягу многіх гадоў выбіралі ўсе мужчыны сям’і, толькі мацнела.

На адсутнасць бацькавай увагі Максім ніколі не скардзіўся. Каб бачыцца з ім часцей, пасля школы нярэдка забягаў у воінскую часць, дзе той служыў. Па магчымасці старэйшы Вальфовіч браў сына на палігоны, дзе ў Максіма была магчымасць і ў танку праехацца, і патрымаць у руках сапраўдны аўтамат. Тое, аб чым марыць ці не кожны хлопчык, для яго было рэальнасцю.

Жаданне атрымаць афіцэрскія пагоны з кожным днём расло, а тут яшчэ сусед, выхаванец Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, пачаў распавядаць пра курсанцкія будні. Расказваў так, што і Максіму захацелася: у выніку ў 2003 годзе і ён папоўніў шэрагі сувораўцаў.

«Гэта была выключна мая ініцыятыва, — расказвае Максім Вальфовіч. — Зразумела, у 12 гадоў прымаць такія рашэнні няпроста, у першую чаргу павінна быць падтрымка сям’і. Мама гэтаму не абрадавалася: з улікам таго, што я адно дзіця ў сям’і, яна не хацела са мной надоўга расставацца. Бацька маё рашэнне падтрымаў, але не было такога — «ты павінен», «абавязаны» або «гэта неабходна». Ён сказаў так: «Ёсць жаданне — ідзі, але ты павінен разумець, што калі выбіраеш гэты шлях, то ідзеш да канца. Без адступленняў».

З такім настроем Максім і вучыўся ўсе пяць гадоў. Прызнаецца, было няпроста, але разумеў адказнасць — падвесці бацьку не мог. Ды і наперадзе была мэта, якую ён планаваў дасягнуць, — паступленне ў Ваенную акадэмію.

Максім з цеплынёй згадвае гады, праведзеныя ў сувораўскім вучылішчы. «Каля ста дванаццацігадовых хлопчыкаў (усе абсалютна розныя) у адзін момант сутыкнуліся з новай абстаноўкай, — кажа ён. — Вядома, гэта было няпроста, але ўсе разумелі: нельга пусціць слязу, бо ты знаходзішся ў мужчынскім калектыве і тут цябе не зразумеюць. Як аказалася, пэўныя абмежаванні, у якіх мы знаходзіліся, прыводзяць да станоўчага выніку і ў вучобе. Хочаш пайсці ў звальненне — вучыся. Дрэнна вучышся — значыць, не пойдзеш. Не будзеш прытрымлівацца дысцыпліны — замест звальнення цябе чакае сутачны нарад. Безумоўна, гэта загартоўвала характар, закладваўся мужчынскі стрыжань у пытаннях дысцыпліны, выхавання, самастойнасці».

У 10 і 11 класах Максім сутыкнуўся з чарговым выпрабаваннем: па прычыне таго, што бацька паступіў у Акадэмію Генеральнага штаба Расійскай Федэрацыі, сям’я вымушана была з’ехаць з Беларусі. На сямейным савеце было вырашана: сын працягне вучобу ў сувораўскім. Бачыліся нячаста, але хлопец не застаўся адзін: бацькоў на пэўны час замяніў дзядуля, не давалі сумаваць і таварышы-кадэты.

Па словах ваеннаслужачага, сяброўства, якое завязалася ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы, вельмі адрозніваецца. З хлопцамі, з якімі пачыналі спасцігаць тонкасці ваеннага майстэрства, сябруюць дагэтуль. «Мы можам не бачыцца цэлы год, але, калі таварыш мне патэлефануе і скажа, што ў яго ёсць праблема, абавязкова прыйду на дапамогу», — заўважае Максім Вальфовіч.

Школа прафесійнага станаўлення

Максіму, як і многім яго таварышам, было прасцей, у параўнанні з учарашнімі школьнікамі, адаптавацца да навучальнага працэсу і побыту ў Ваеннай акадэміі, куды ён паступіў. Сур’ёзная школа сувораўскага вучылішча прайшла недарэмна: асвоеныя за пяць гадоў азы ваеннай справы дазволілі не толькі добра спраўляцца з пастаўленымі задачамі, але і нават дапамагаць таварышам.

Малады чалавек паступіў на агульнавайсковы факультэт, вучыўся па спецыяльнасці «Кіраванне мотастралковымі падраздзяленнямі». Пры выбары роду дзейнасці кіраваўся тым, што хацеў бы быць у гушчы ваеннага жыцця, а гэта значыць пастаянна ўдзельнічаць у баявой падрыхтоўцы, вучэннях, пастаянна кантактаваць з людзьмі, узаемадзейнічаць з тэхнікай. Усё гэта Максіму вельмі падабалася, таму не дзіўна, што на момант размеркавання ў 2012 годзе ён — адзін з лідараў пры выбары першага месца службы. Своеасаблівым бонусам было і тое, што падчас вучобы Максім з’яўляўся намеснікам камандзіра ўзвода, што ў грамадзянскай ВНУ прыраўноўваецца да старасты курса.

У той час, як многія курсанты (як, дарэчы, і студэнты) хочуць застацца ў сталіцы, Максім Вальфовіч імкнуўся служыць падалей ад Мінска, ад бацькоўскай апекі. «На слыху была 6-я асобная гвардзейская механізаваная брыгада, якая дыслацыруецца ў Гродне, — кажа ваеннаслужачы. — Многія імкнуліся туды трапіць. Я не выключэнне».

Мара збылася. Восем гадоў службы ў воінскім падраздзяленні праляцелі незаўважна. Тут Максім набіраўся вопыту, прафесійна сталеў: у Гродне прайшоў шлях ад камандзіра мотастралковага ўзвода да камандзіра асобнага механізаванага батальёна. «Фактычна ўся служба прайшла на палігонах, — успамінае ён. — Гэта пастаяннае навучанне салдат тэрміновай службы, узаемадзеянне з афіцэрскім складам, прапаршчыкамі. Нягледзячы на вялікую нагрузку, ніколі не пашкадаваў аб сваім выбары. Яшчэ раз пераканаўся ў тым, што ва Узброеных Сілах служаць моцныя хлопцы, надзейныя баявыя таварышы».

У 2020 годзе Максім Вальфовіч быў накіраваны на навучанне ў Ваенную акадэмію на факультэт Генеральнага штаба. Пасля яго заканчэння ў 2022 годзе быў размеркаваны ў 120-ю асобную механізаваную брыгаду на пасаду намесніка начальніка штаба — начальніка аператыўнага аддзялення. Праз год яго прызначылі начальнікам штаба ўсяго воінскага падраздзялення.

Афіцэр у чацвёртым пакаленні

Малады чалавек ганарыцца сваімі продкамі. Іх самаахвярнае служэнне Радзіме, гераічныя ўчынкі як у ваенны, так і ў мірны час з’яўляюцца прыкладамі для пераймання.

Армейскія будні (Максім Вальфовіч злева)

Пачынальнік ваеннай дынастыі — прадзядуля Максіма. Аляксандр Рыгоравіч Вальфовіч прайшоў Вялікую Айчынную вайну, якую завяршыў у званні старшага лейтэнанта. Як самую дарагую рэліквію праўнук захоўвае яго баявыя ўзнагароды: ордэны Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны І ступені, медалі «За адвагу», «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Прагі», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.»

Сын ветэрана вайны, Рыгор Аляксандравіч пайшоў па слядах бацькі. Ён танкіст. Службу скончыў намеснікам камандзіра 3-га танкавага палка ў званні падпалкоўніка запасу. Максім лічыць, што характарам ён у дзеда. Кажа, што менавіта той сыграў ключавую ролю, калі малады чалавек вызначаўся з будучай ваеннай спецыяльнасцю. «Дзед заўсёды побач, падтрымлівае мяне ва ўсім, — прызнаецца малады чалавек. — Можам пагаварыць на любыя тэмы, дзедавы парады заўсёды каштоўныя, яго меркаванне важнае для мяне».

Прадзед па лініі мамы — Давыд Іванавіч Пінталюшка — таксама ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Характар будучага кадравага афіцэра загартоўваўся падчас рэальных баявых дзеянняў. Скончыць вайну ў баявых радах не дазволіла раненне. Пасля лячэння працягваў службу ў ваенным вучылішчы, у якім служыў да самай адстаўкі. Сярод узнагарод прадзеда — ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені і медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.».

Дзед Максіма Вальфовіча па матчынай лініі таксама быў кадравым афіцэрам. Службу заканчваў зампалітам 114-га палка 72-й дывізіі (цяпер 72-і аб’яднаны навучальны цэнтр падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў) у званні падпалкоўніка. Ва Узброеных Сілах служаць і два родныя дзядзькі маладога чалавека.

Шлях да генеральскіх пагонаў

Галоўным прыкладам для пераймання для Максіма заўсёды быў яго бацька. Для многіх — дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі нашай краіны, генерал-лейтэнант Аляксандр Вальфовіч. Для яго ж — самы надзейны таварыш і найлепшы сябар.

Максім расказвае, што ў свой час прафесійны выбар бацькі нават не абмяркоўваўся: унук героя Вялікай Айчыннай, сын кадравага афіцэра павінен быў працягнуць сямейную дынастыю. А ён і не быў супраць: асяроддзе, у якім выхоўваўся будучы военачальнік, фарміравала стрыжань мужнага чалавека і патрыёта.

«Бацька нарадзіўся ў Казані, але потым сям’я пераехала ў Барысаў, куды перавялі дзеда, тут і засталіся, — расказвае Максім Вальфовіч. — Калі прыйшоў час вызначацца з прафесіяй, дзед хацеў, каб сын быў танкістам, але бацька вырашыў паступіць у Маскоўскае агульнавайсковае каманднае вучылішча».

На адлегласці ад роднага дома, ва ўмовах адсутнасці падтрымкі блізкіх людзей загартоўваўся характар будучага генерала. «Бацька расказваў, што спраўляцца з усімі цяжкасцямі дапамагала моцнае мужчынскае сяброўства, — заўважае сын. — Дагэтуль ён захоўвае альбомы з вучылішча, падтрымлівае адносіны з таварышамі, з якімі вучыўся».

Пасля вучобы малодшага Аляксандра Вальфовіча размеркавалі ў Туркменію. Падчас прыезду дадому ў свой першы адпачынак пазнаёміўся з будучай жонкай. Пасля распаду Савецкага Саюза сям’я вярнулася на Радзіму.

«Час быў складаны, многія сыходзілі з арміі, а ён да канца быў верны прафесіі, — адзначае Максім Вальфовіч. — Быў час у 1990-я, калі мы жылі ў службовай аднапакаёвай кватэры: я, бацькі і сабака, як у сапраўдных ваенных. І заробкі тады былі не самыя вялікія, вельмі эканомілі на ўсім. Але ў бацькі і думкі не ўзнікала сыходзіць з арміі. Спрацаваў закладзены стрыжань: у той прафесіі, якую калісьці выбраў, трэба ісці да канца. Ды і другі момант: тыя, хто носіць пагоны, не служаць за грошы. І мяне так навучылі».

Нягледзячы на тое, што ў Максіма ўжо свая сям’я (дарэчы, жонка Надзея — таксама афіцэр Узброеных Сіл), бацькаву апору ён адчувае заўсёды. «Ён для мяне прыклад для пераймання ва ўсіх справах, — прызнаецца ваеннаслужачы. — Пачынаючы з сямейных пытанняў: вельмі добрыя ў іх адносіны з мамай. Як павінен паводзіць сябе мужчына, якім павінен быць мужам — гэта я таксама пераймаю ў яго. Прыклад і ў службовых пытаннях: усе, з кім я сутыкаюся па службе, добра аб ім адгукаюцца. І я разумею, чаму. Бацька — чалавек слова. Любое пытанне, з якім да яго звернешся, ніколі не пакіне ўбаку. Чым можа — дапаможа: словам, справай, парадай».

Бацьку і сына Вальфовічаў аб’ядноўвае і любоў да спорту: пры любой вольнай гадзіне яны займаюцца лёгкай атлетыкай, зімой, як правіла, становяцца на лыжы. Дома праводзяць час за шахматамі, іншымі інтэлектуальнымі гульнямі.

Максім добра разумее: быць сынам высокапастаўленага военачальніка — вялікая адказнасць. «Імкнуўся і падчас навучання ў сувораўскім, і ў акадэміі працаваць на свой аўтарытэт, менавіта ўласнай працай дасягаць поспехаў у вучобе, службе, — кажа падпалкоўнік. — Разумею, з-за прозвішча да мяне больш пільная ўвага, таму ў мяне няма права нешта не зрабіць або выканаць задачу несвоечасова. Я не магу падвесці ні майго бацьку, ні сваіх гераічных продкаў».

Фота з асабістага архіва героя публікацыі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю