Top.Mail.Ru

У Свіслачы сёлета пачнецца будаўніцтва першага ў раёне басейна

Аб’ект адобраны Гродзенскім аблвыканкамам і будзе фінансавацца за кошт абласной інвестыцыйнай праграмы. Зараз праект праходзіць экспертызу, пасля чаго падрадныя арганізацыі пачнуць узвядзенне басейна. Мяркуецца, што здача ў эксплуатацыю павінна адбыцца да пачатку новага навучальнага года.


Як расказаў намеснік старшыні Свіслацкага райвыканкама Юрый Куляшоў, гэта будзе асобны будынак, але злучаны з сярэдняй школай № 2. Адукацыйная ўстанова — самая вялікая ў раёне, тут займаецца больш за 600 вучняў, якія будуць займацца плаваннем на уроках фізкультуры. Дарэчы, такая магчымасць з’явіцца літаральна ва ўсіх астатніх школах раёна, вучні якіх змогуць прыязджаць сюды на ўрокі плавання. Ранкам і днём басейн будзе прадастаўлены менавіта ўстановам адукацыі, а ў вячэрнія гадзіны ім будуць карыстацца ўсе жыхары горада і раёна. 

— Басейн — гэта той праект, які павінен прыцягваць жыхароў. Сюды змогуць прыходзіць і прыязджаць усе жадаючыя. Там будзе працаваць асноўны стандартны басейн на 25 метраў з чатырмя дарожкамі. Прадугледжана і спецыяльная зона для малых дзетак. Таксама будуць працаваць лазні, сауны і джакузі. Такім чынам, аб’ект будзе мець усе якасці воднага аздараўленчага комплекса, — паведаміў Юрый Куляшоў.

Ён падкрэсліў, што падчас грамадскага абмеркавання, жыхары вельмі станоўча адрэагавалі на новы аб’ект. І гэта зразумела. У раёне пакуль няма ніводнага басейна, а заняцца воднымі працэдурамі такога кшталту жадаюць многія. Заўваг па праекту у ходзе абмеркавання не паступіла, таму зараз ён накіраваны на экспертызу. Плануецца, што сёлета басейн у Свіслачы будзе здадзены ў эксплуатацыю. Тэрмін рэалізацыі праекта ад 7 да 10 месяцаў. 

Таксама сёлета тут мяркуюць заняцца спартыўнай інфраструктурай у старажытным парку, які захаваўся яшчэ з часоў яго былога ўладальніка графа Тышкевіча. 

—У нас ёсць зручныя спартыўныя пляцоўкі, якія пабудаваны, у тым ліку, з удзелам прэзідэнтскага клуба. Ёсць дзіцячыя пяцоўкі. Разам з тым, тут яшчэ вялікае поле для дзейнасці. Думаем тэрыторыю парка мадэрнізаваць, поўнасцю эліктрыфіцыраваць, дабудаваць дарожкі, усталяваць летні амфітэатр, дадаць дзіцячыя пляцоўкі, трэнажоры. Магчыма, будзем рыхтаваць праект па парку на абласны конкурс грамадзянскіх ініцыятыў, які ініцыіраваны Гродзенскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў, — расказаў прадстаўнік адміністрацыі раёна.

Юрый Куляшоў таксама паведаміў, што ў Свіслачы сёлета з’явіцца першы арэндны дом, дзе змогуць пасяліцца, у тым ліку, і маладыя спецыялісты. Для гэтай мэты рыхтуецца праект па рэканструкцыі былога інтэрната на 36 двух — і аднапакаёвых кватэр. 

Фота аўтара

Свіслач

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю