У Доме кнігі «Светач» прайшла прэзентацыя кнігі Навума Гальпяровіча «Пад адным небам». Вядомы ў краіне пісьменнік і журналіст расказвае на старонках выдання пра свае ўражанні ад паездак у Паднябесную, ад сустрэч з дзеячамі кітайскай культуры і мастацтва».
У час прэзентацыі, арганізаванай выдавецтвам «Беларусь» і Саюзам пісьменнікаў Беларусі, аўтару задалі даволі шмат пытанняў. У кнігарні сабраліся чытачы, наведвальнікі, якіх хвалюе тэма Усходу, жыццё і побыт у Кітаі. На гэта і была звернута ўвага аўтара — ён імкнуўся пашырыць старонкі кнігі «Пад адным небам», расказваў і пра ўражанні ад сустрэч з простымі людзьмі, расказваў пра кітайскую кухню, вядомыя і адкрытыя ім таямніцы нацыянальных страў. Усё гэта пераконвае ў тым, што Навум Якаўлевіч яшчэ звернецца да кітайскай тэмы ў сваіх новых творах.
А ў планах выдавецтва «Беларусь» — новыя кніжныя праекты, якія раскажуць беларускаму чытачу пра Паднябесную, пра культуру Кітая, пазнаёмяць беларусаў з кітайскай мастацкай літаратурай. І яшчэ адзін момант: улічваючы, што ў нашай краіне ўжо зараз шмат гасцей і студэнтаў з Кітая, цэлы шэраг турыстычных, пазнавальных выданняў у выдавецтве «Беларусь» выходзіць і на кітайскай мове.
Мікола Берлеж