Top.Mail.Ru

У сутычцы за ўладу паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі пачала ліцца кроў

Ці пагражае ЗША «каляровая рэвалюцыя»?


Здавалася б, якое дачыненне да нашай краіны маюць далёкія заакіянскія падзеі і тое, што адбываецца на паўночнаамерыканскім кантыненце. З першага погляду — ніякага. Бо ўнутраныя пытанні — суверэнная справа саміх краін. Аднак тое, што адбываецца ў ЗША цяпер, на першых палосах сусветнага друку. А ўсё таму, што жорсткая і беспрынцыповая сутычка за ўладу, якая ідзе паміж цяперашняй адміністрацыяй Белага дома, прадстаўленай рэспубліканцамі з аднаго боку, і дэмакратамі, з іх ліберальнымі каштоўнасцямі з другога боку, напрамую ўплывае на ўсю міжнародную палітыку. З усяго гэтага і вынікаюць такія падзеі, як спроба анексіі Грэнландыі, увядзенне санкцый супраць нават дружалюбных краін і нагнятанне абстаноўкі вакол Ірана. Дык што ж адбываецца ў ЗША?

Амерыканскі штат Мінесота і яго сталіца Мінеапаліс, дзе ў апошнія два месяцы разгортваюцца асноўныя падзеі, — сталі сапраўдным полем бою. Федэральныя агенты іміграцыйнай службы ЗША, выкарыстоўваючы зброю і гвалт, ператварылі вуліцы горада ў арэну жорсткіх сутыкненняў як з нелегальнымі мігрантамі, так і пратэстоўцамі. І гэтыя сутыкненні — не проста абмежаваны інцыдэнт, а паказчык імклівага падзелу Злучаных Штатаў на два непрымірымыя лагеры.

Мінесота — не проста нейкі штат. Па-першае, гэта адна з вотчын дэмакратаў і лібералаў усіх масцяў. У гэтым штаце Трамп двойчы прайграваў падчас прэзідэнцкіх выбараў. Да таго ж, Мінеапаліс лічыцца «горадам-прыстанішчам» для нелегальных мігрантаў, як, напрыклад, Чыкага, Лос-Анджэлес і яшчэ пара дзясяткаў буйных мегаполісаў, дзе кіруюць дэмакраты. Па-другое, менавіта тут у 2020 годзе адбылося забойства чарнаскурага злачынцы і наркамана Джорджа Флойда, якое амерыканскія дэмакраты ператварылі ў каталізатар найбуйнейшых пратэстаў у сучаснай гісторыі ЗША, з мэтай нанесці сур’ёзны рэпутацыйны ўдар па рэспубліканцах і па кіруючай тады яшчэ першай трампаўскай адміністрацыі. І ім гэта ўдалося.

Таму Трамп вырашыў нанесці прэвентыўны ўдар, каб атрымаць максімальную перавагу перад сваімі палітычнымі канкурэнтамі напярэдадні прамежкавых выбараў у Кангрэс і Сенат, якія пройдуць у лістападзе. Такім чынам ён распачаў у Мінеапалісе найбуйнейшую ў гісторыі ЗША аперацыю па прымусовым выкананні іміграцыйных законаў. Аднак яна хутка перарасла ў жорсткае супрацьстаянне паміж грамадзянскай супольнасцю і федэраламі. 

Дарэчы, аперацыя пачалася ў снежні мінулага года. Тады ў горад з насельніцтвам каля 450 тысяч чалавек было накіравана больш за тры тысячы сілавікоў, якія разгарнулі масавыя аблавы на нелегалаў. Толькі за месяц былі затрыманы тысячы мігрантаў. 

З самага пачатку аперацыя выклікала рэзкую крытыку з боку дэмакратаў — губернатара Мінесоты, мэра Мінеапаліса і пракурораў штата. Асабліва актыўнае супраціўленне дзеянням федэралаў аказалі гарадскія ўлады. Мясцовым служачым і паліцыі афіцыйна было не толькі забаронена супрацоўнічаць з агентамі, але і пытацца ў людзей аб іх іміграцыйным статусе. Акрыленыя такой падтрымкай, нелегалы адмовіліся падпарадкоўвацца супрацоўнікам іміграцыйнай службы і нават паказваць ім свае дакументы. Так з’явіліся першыя загінулыя, расстраляныя за непадпарадкаванне, а масавыя рэйды і арышты мігрантаў дэзарганізавалі мясцовую эканоміку. Нават школы перайшлі на дыстанцыйнае навучанне. Як вынік — дэмакраты з задавальненнем вывелі на вуліцы Мінеапаліса тысячы пратэстоўцаў. Падобныя акцыі адбыліся таксама ў іншых гарадах пад кіраўніцтвам дэмакратаў — Лос-Анджэлесе, Бостане, Нью-Ёрку і Портландзе. Фактычна стаў рэалізоўвацца сцэнарый так званай «каляровай рэвалюцыі».

Раз’юшаны непадпарадкаваннем гарадскіх улад і дзеяннямі губернатара Мінесоты, Трамп падтрымаў федэральных агентаў і аддаў загад адправіць у Мінеапаліс каля паўтары тысяч салдат 11-й паветрана-дэсантнай дывізіі Узброеных сіл ЗША і прыкладна 200 байцоў Нацыянальнай гвардыі з Тэхаса. Аднак напал грамадзянскага супрацьстаяння ў Мінеапалісе і судовыя рашэнні вымусілі Трампа адступіць. Па інфармацыі амерыканскіх СМІ, адміністрацыя прэзідэнта ЗША цалкам вывела федэральныя падраздзялення нацгвардыі з шэрагу амерыканскіх гарадоў. Напрыклад, у канцы студзеня без афіцыйных заяў з боку Белага дома або Пентагона быў завершаны вывад звыш 5000 ваенных з Лос-Анджэлеса, каля 500 — з Чыкага і каля 200 — з Портланда. Сваю ролю ў фактычным паражэнні Трампа ў сутыкненні з дэмакратамі адыгралі і апублікаваныя дакументы па справе Эпштэйна. Па паведамленні амерыканскай прэсы, Трамп згадваецца ў новых файлах больш за 38 тысяч разоў, хоць ніякай асабістай перапіскі паміж ім і мільярдэрам у апублікаваных дакументах пакуль не выяўлена. 

У цяперашні час супрацьстаянне трампаўскай адміністрацыі і дэмакратаў перайшло на судовую сістэму. Ліберальны суддзя ў Мінесоце падаў у Федэральны суд іск з патрабаваннем спыніць масавыя дзеянні федэральных агентаў, сцвярджаючы, што яны парушаюць Канстытуцыю, аднак акруговы суд, які складаецца з прыхільнікаў рэспубліканцаў, адмовіў заяўніку. Зрэшты, юрыдычныя рызыкі для адміністрацыі Трампа працягваюць нарастаць. Сёння федэральныя суды разглядаюць адразу некалькі іскаў, якія могуць прывесці да часовай або поўнай забароны антымігранцкай аперацыі, а таксама да прызнання асобных дзеянняў Трампа неканстытуцыйнымі. Калі суды стануць на бок Мінесоты, гэта створыць прэцэдэнт для іншых кіруемых дэмакратамі штатаў, гатовых юрыдычна блакіраваць федэральныя іміграцыйныя аперацыі. 

Дастаткова трывожным сігналам для Белага дома з’яўляецца і адсутнасць адзінства ў шэрагах самой рэспубліканскай партыі. Некаторыя яе прадстаўнікі занепакоеныя дзеяннямі міграцыйных агентаў у Мінесоце і асцерагаюцца, што аперацыя або любая асацыяцыя з ёй палітыкаў-рэспубліканцаў можа стаць таксічнай для выбаршчыкаў. А гэта значыць страчаныя галасы на прамежкавых выбарах і чарговая спроба імпічменту Трампа.

Жорсткае супрацьстаянне паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі неўзабаве павінна перакінуцца і на Кангрэс, які плануе разглядаць фінансаванне федэральнага ўрада на чарговы фінансавы перыяд. І амерыканцы зноў могуць сутыкнуцца з шатдаўнам дзяржаўнай сістэмы. 

Дарэчы, гісторыя з расстрэламі пратэстоўцаў ужо ўдарыла па рэйтынгах рэспубліканскай партыі і можа закончыцца паражэннем на прамежкавых выбарах. Менавіта таму гаспадару Белага дома патрэбныя невялікія, але аператыўныя і гучныя перамогі, каб павысіць свой імідж і не выпусціць кантроль над дзвюма заканадаўчымі палатамі Кангрэсам і Сенатам, большасць у якіх цяпер належыць рэспубліканцам. Таму ў бліжэйшы час мы станем сведкамі чарговых нечаканых і жорсткіх крокаў ЗША на міжнароднай арэне. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Сяргей ЧЫЧЫЛАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю