На мінулым тыдні геаэканамічнае супрацьстаянне выйшла на новы ўзровень. Я не пра чарговыя санкцыі Еўропы супраць Расіі і Беларусі заадно. Па ліку гэта ўжо 21-ы пакет, таму ён не стаў ні сенсацыяй, ні падзеяй, ні нават, па вялікім рахунку, вартай вялікай увагі навіной. Адбыліся дзве больш эпахальныя падзеі. Па-першае, на рэстрыкцыі Бруселя ў дачыненні да Масквы адказаў Пекін і ўвёў абмежаванні для шэрагу кампаній з ЕС. Па-другое, Еўракамісія ўсё ж аштрафавала Google на 890 мільёнаў долараў у рамках Акта аб лічбавых рынках (DMA). За некалькі дзён ЕС умудрыўся жорстка абвастрыць адносіны і з Вашынгтонам, і з Пекінам.
Мабыць, еўрачыноўнікі прызабыліся, што ні Расія, ні Беларусь не трапілі ў поўную ізаляцыю. Наадварот, з краінамі глабальнага Усходу і Поўдня ў нас адносіны пашыраюцца і паглыбляюцца. Таму сваім 21-м «залпам» санкцый яны трапілі ў інтарэсы не толькі расійскіх і беларускіх кампаній, але і суб’ектаў гаспадарання з Казахстана, Турцыі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Кітая і Індыі. З-за жорсткага пратэкцыянізму ЕС супраць кітайскіх тавараў адносіны з Паднябеснай увогуле было складана ў апошнія гады назваць цёплымі, а цяпер яны яшчэ больш абвастраюцца. Цяжка сказаць, ці меркавалі еўрапейскія палітыкі такое развіццё падзей, уводзячы абмежаванні супраць Расіі. Аднак факт застаецца фактам — у Пекіне не тое каб пакрыўдзіліся, але зусім выразна прадэманстравалі: ёсць лініі, якія не варта пераходзіць ва ўшчамленні кітайскіх інтарэсаў.
Кітай унёс 14 еўрапейскіх кампаній у спіс экспартнага кантролю, паведамляе South Chіna Mornіng Post са спасылкай на Міністэрства камерцыі КНР. Згодна з распараджэннем ведамства, кітайскім кампаніям забаронена экспартаваць у гэтыя арганізацыі тавары двайнога прызначэння — прадукцыю, якая можа выкарыстоўвацца як у грамадзянскіх, так і ў ваенных мэтах. Абмежаванні таксама распаўсюджваюцца на пастаўкі тавараў двайнога прызначэння кітайскага паходжання. Сярод кампаній, якія трапілі пад абмежаванні Пекіна, аказаліся нямецкі вытворца ўзбраенняў Rheіnmetall, італьянскі вытворца электрарухавікоў Lafert і французскі распрацоўшчык беспілотнікаў Cavok UAS. Абмежаванні таксама закранулі кампаніі з Польшчы, Нідэрландаў, Чэхіі, Балгарыі і Літвы.
Эканамічная канфрантацыя паміж Еўропай і КНР абвастраецца. І па ўсіх франтах. Яшчэ не знайшоў канчатковага вырашэння скандал з кітайскай карпарацыяй Nexperіa, у якой у лістападзе 2025 года ўрад Нідэрландаў фактычна ўвёў знешняе кіраванне.
У адказ было ўведзена абмежаванне на ўзаемадзеянне са страчанай Nexperіa шэрагу кітайскіх кампаній. Карпарацыя ў Нідэрландах з’яўлялася адным з вядучых вытворцаў электронікі для аўтамабільнай прамысловасці і вытворцаў бытавой тэхнікі.
Сваю прадукцыю яна пастаўляла еўрапейскім гігантам, але вытворчыя ланцужкі замыкаліся на кампаніях-партнёрах у Кітаі. Гэтыя ланцужкі разарваліся штучным шляхам. І аўтагіганты Еўропы прамым тэкстам выказвалі заклапочанасць наконт узніклага дэфіцыту электронных кампанентаў. Гэта гісторыя так і не знайшла пакуль лагічнага
завяршэння. Было заяўлена аб перагаворах Амстэрдама, Пекіна і прадстаўнікоў зацікаўленых карпарацый, але кансэнсусу дасягнуць не ўдалося. Прынамсі, яго не агучвалі публічна.
І вось новы віток абвастрэння з КНР.
Зноў у высокатэхналагічнай сферы, у якой Еўропа не з’яўляецца лідарам. Наадварот, паступова адстае ад ключавых ігракоў на гэтым рынку, хоць і спрабуе нагнаць упушчанае. Еўрачыноўнікі шчодра распрацоўваюць разнастайныя праграмы па вядучых інавацыйных кірунках. Іншае пытанне, што яны не заўсёды (дакладней — амаль ніколі) не рэалізуюцца. Але ў гэтым сакрэт еўрапейскай бюракратыі: шмат дзеянняў з не надта відавочным вынікам, а часта і зусім з адсутнасцю яго.
Кейс з Google ўвогуле можа мець вельмі шырокія наступствы. Спрачацца не будзем: амерыканскі тэхналагічны гігант паводзіць сябе іншы раз нават вельмі агрэсіўна. Нават у сябе на радзіме. І як яго паставіць на месца, а дакладней, паставіць у рамкі заканадаўства, ламаюць галовы і вашынгтонскія палітыкі. Лічбавыя карпарацыі новай эпохі разбілі ўсе ўяўленні аб канкурэнцыі. Антыманапольнае заканадаўства, якім удавалася ўтаймоўваць трэсты ў мінулым стагоддзі (нафтавыя, транспартныя, прадуктовыя і іншыя), ужо не зусім працуе ў адносінах да тэхналагічнага сектара. Можна з пляча разануць па любой карпарацыі, але няма рэальных прэтэндэнтаў, якія маглі б годна заняць сегмент, што вызваліўся, і сфарміраваць канкурэнтнае поле. Такая спецыфіка лічбавай эканомікі. Прынамсі, на сённяшнім этапе.
У еўрапейцаў альтэрнатыў амерыканскім лічбавым карпарацыям не праглядаецца нават тэарэтычна. Нягледзячы на захапленне ў свой час тэхналагічнай рэвалюцыяй 4.0, у галіне ІT еўрапейскі бізнес застаецца ў аўтсайдарах. Па якіх прычынах — асобная размова. Але ў ЕС няма нават прыкмет лічбавага суверэнітэту. У адрозненне ад Кітая і Расіі, у Еўрасаюзе адсутнічаюць і еўрапейская аперацыйная сістэма, і месенджары, і сацыяльныя сеткі, і мноства іншых лічбавых рашэнняў. Таму прэтэнзіі да Google не зусім вытлумачальныя: як можна ціснуць манапольным становішчам еўрапейскі лічбавы рынак, калі яго, па сутнасці справы, няма?! І развіцца ён не можа ў сілу цвёрдай еўрапейскай рэгуляторыкі.
Рашэнне па Google з’яўляецца фактычна геапалітычным. Вашынгтон чулліва адносіцца да санкцый супраць сваіх тэхналагічных гігантаў, наўрад ці карпарацыя сыдзе з ЕС. А вось меры ў адказ могуць прыняць афіцыйныя амерыканскія асобы. У прыватнасці, па пошлінах на еўрапейскія тавары. Тым больш што ў Белага дома даўно свярбяць рукі адхіліць еўрапейскіх вытворцаў ад свайго рынку. Дакладней — перавабіць на сваю тэрыторыю. Гаворачы аб’ектыўна, Еўропа захоўвае значны індустрыяльны патэнцыял. І, мяркуючы па ўсім, ЗША не супраць прыбраць яго да рук у той частцы, у якой амерыканскай эканоміцы гэта выгадна. Чарговае абвастрэнне гандлёвых адносін можа наблізіць Белы дом да гэтай мэты. Таму сыход еўрапейскіх кампаній у Новы Свет працягнецца і нават узмоцніцца. Гэтаму Стары Свет яшчэ мог супрацьстаяць у калабарацыі з Паўднёва-Усходняй Азіяй. Але, мяркуючы па ўсім, Брусель упарта хоча гуляць без саюзнікаў. Аднак ці хопіць рэсурсаў — інтэлектуальных, сыравінных, энергетычных, экалагічных, — каб у ганарлівай адзіноце выйграць канкурэнцыю за месца пад сонцам у новай канфігурацыі сусветнай эканомікі?! Адназначнага адказу няма. Пакуль афіцыйныя ўлады ў Еўропе нават не шукаюць партнёраў, а ствараюць дадатковыя канфлікты. З відавочнымі ўронам і наступствамі, але з сумнеўнай выгадай.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ