Свята атрымалася пышным і аб’яднала ў сабе калейдаскоп культурных падзей, сабраўшы на вуліцах тысячы ўсмешлівых гродзенцаў і гасцей горада. Гістарычны цэнтр ператварыўся ў адну вялізную інтэрактыўную пляцоўку пад адкрытым небам, дзе кожны крок дарыў новыя эмоцыі. Паветра было напоўнена водарамі смачнай ежы, гукамі жывой музыкі і шчырым смехам, пацвярджаючы галоўны дэвіз свята: «Гродна — горад шчаслівых людзей».
Горад з асаблівай атмасферай
З цёплымі словамі віншавання да жыхароў і шматлікіх гасцей горада звярнуўся старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый КАРАЕЎ:
— Для мяне Гродна — гэта не проста горад, дзе я працую. Гэта горад, які я люблю. Мне падабаецца хадзіць па яго старадаўніх вулачках, зазіраць у ціхія панадворкі. У такія моманты асабліва востра адчуваеш, як шмат у нашым горадзе гісторыі, душы, нейкай асаблівай, ні з чым не параўнальнай атмасферы. Мне заўсёды цікава, чым жывуць гродзенцы, чым дыхае горад. Таму я стараюся як мага часцей бываць у розных раёнах, мець зносіны з людзьмі, чуць іх голас. Бо за кожным зваротам, за кожнай просьбай — лёс чалавека, яго клопаты і надзеі. І наша агульная задача — каб Гродна станавіўся больш утульным, камфортным, каб у ім хацелася жыць, працаваць, гадаваць дзяцей.
«Пашпартны» квэст
Галоўнай навінкай гэтага года стаў менавіта інтэрактыўны квэст — любы ахвотны мог атрымаць спецыяльны «Пашпарт удзельніка свята» на вуліцы Ажэшкі або плошчы Савецкай. Для гэтага трэба было прайсці дзесяць ключавых святочных лакацый, выконваючы заданні і збіраючы пячаткі, каб абмяняць іх на памятныя сувеніры.

А літаральна за вуглом, на адной з пешаходных вуліц, разгарнуўся кранальны арт-праект «Фотасушка», дзе на вяровачных расцяжках пагойдваліся здымкі ўтульных куткоў Гродна, зробленыя самімі жыхарамі.
Сіла родных традыцый
Сэрцам гастранамічных і відовішчных актыўнасцяў сталі адразу некалькі лакацый. На плошчы Леніна разгарнуўся ўжо трынаццаты па ліку сырны фестываль
«Сіла родных традыцый». Галоўнай інтрыгай дня тут стала стварэнне самай вялікай сырнай талеркі ў гісторыі краіны, дзе майстры прапанавалі калекцыю са ста смакаў. Госці актыўна дэгуставалі навінкі і галасавалі за самы смачны прадукт.

Тым часам парк Жылібера патанаў у зеляніне і яркіх фарбах дзякуючы дэбютнаму фестывалю гародніны. Сапраўдны ажыятаж выклікалі гіганцкія экспазіцыі з таматаў, перцаў і рэдкіх сартоў вінаграду. А школьнікі здзіўлялі неверагоднымі мастацкімі кампазіцыямі з кабачкоў і гарбузоў.
Крыху далей, на вуліцы Ажэшкі, у рамках «Кветка-ФЭСТу» гродзенцы заміралі ад захаплення перад вытанчанымі дызайнерскімі сукенкамі і фігурамі, сабранымі цалкам з жывых кветак.
Музыка нас звязала
Для аматараў душэўнага адпачынку і мастацтва каля тэатра лялек была створана ўтульная прастора «Гродна тэатральны», а плошча Савецкая ператварылася ў эпіцэнтр «Вячэрняга музычнага драйва». Тут гучалі магутныя акорды джаза, блюза і хард-рока, прымушаючы танцаваць нават выпадковых прахожых. Вячэрняя праграма свята стала па-сапраўднаму гарачай і насычанай, плаўна перацякаючы з дзённых гулянняў у грандыёзны музычны марафон.
Асноўным цэнтрам прыцягнення гараджан у вячэрні час стала плошча Леніна. Тут фінальным акордам маштабнага марафону мясцовых калектываў стала яркая шоу-праграма «#ЛучшийГородЗемли». Задаваў магутны музычны тэмп вечару гурт «Харызма», які разагрэў шматтысячную публіку перад выхадам спецыяльнага госця з Расіі —
папулярнага рэп-выканаўцы Мота. Яго гадзіннае выступленне было напоўнена хітамі і жывой энергетыкай.

Затым начное неба над плошчай Леніна размаляваў тысячамі яркіх агнёў феерверк. Але і на гэтым святкаванне Дня горада не скончылася — музычную эстафету падхапіў кавер-гурт «Цені» са сваімі дынамічнымі танцавальнымі рытмамі.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота БелТА