Так і не дачакаліся мы позняга бабінага лета, калі толькі на захадзе краіны, ды і тое з дажджамі, расказалі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У пятніцу надвор’е будуць вызначаць атмасферныя франты і цёплая вільготная паветраная маса. Воблачна з праяснен-нямі, ноччу на большай частцы тэрыторыі, днём пераважна па паўднёва-заходняй палове краіны пройдуць дажджы. Уначы і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы туман. Вецер паўднёва-ўсходні ўмераны, удзень парывісты. Тэмпература паветра ноччу складзе 6 — 12 °C, днём — 12–17 °C.
А ўжо ў суботу ўмовы надвор’я будзе фарміраваць актыўная франтальная сістэма, якая ссоўваецца з боку паўднёвага захаду Еўропы, услед за якой днём пачне паступаць больш халодная паветраная маса. Будзе воблачна, часам пройдуць дажджы, месцамі — моцныя. Вецер паўднёва-ўсходні з пераходам на заходні парывісты, месцамі моцны. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе ад 5 да 12 °С.
Будзе не зусім камфортна і ў нядзелю. У гэты дзень адаб’ецца ўплыў франтальных раздзелаў, якія ссоўваюцца з тэрыторыі Польшчы. Воблачна з праясненнямі, на большай частцы тэрыторыі чакаюцца дажджы. Вецер паўднёва-заходні, паўднёвы парывісты, удзень месцамі моцны. Тэмпература паветра ўначы ад 1 да 7 °C, днём — 6–12 °C.
Сяргей КУРКАЧ
Фота Андрэя Феакцістава