Top.Mail.Ru

У Столінскім раёне адбыўся Рэспубліканскі форум сельскай моладзі «Вёска — тэрыторыя развіцця»

Мерапрыемства аб’яднала каля сотні маладых спецыялістаў аграпрамысловага комплексу і сацыяльнай сферы вёскі. Да работы форуму далучыліся прадстаўнікі профільных міністэрстваў, выканаўчай улады і БРСМ.



Насычаная праграма

У першы дзень форуму яго ўдзельнікі наведалі з экскурсіяй урочышча Стасіна, пасля чаго азнаёміліся з аб’ектамі КСУП «Беражное» — буйнага сельскагаспадарчага прадпрыемства, якое працуе ў галінах жывёлагадоўлі мяса-малочнага кірунку, раслінаводства і садоўніцтва. Тут прайшлі тэматычныя секцыі з абмеркаваннем актуальных пытанняў і новых падыходаў у рабоце. А завяршыўся дзень інтэлектуальным турнірам і забаўляльнай праграмай.

На другі дзень маладыя людзі сустрэліся са старшынёй Столінскага райвыканкама Аляксандрам Пачко ў фармаце адкрытага дыялогу. Гаворка закранала самыя розныя тэмы, якія хвалююць моладзь, а таксама рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, у тым ліку ў дачыненні да маладых спецыялістаў. Тэматычныя секцыі працягнуліся ў Давыд-Гарадку: удзельнікі наведалі ПГУП «Полесские пряности», мясцовы Дом культуры і іншыя ўстановы сацыяльнай сферы.

Завяршальная частка праграмы прайшла ў аграгарадку Альшаны. Удзельнікі наведалі ААТ «Новая Прыпяць». Там жа, у Альшанскім сельскім цэнтры культуры і вольнага часу, прайшла ўрачыстая цырымонія закрыцця форуму.

Слова — удзельнікам

Антон Казлоў з аграгарадка Леніна (Добрушскі раён, Гомельская вобласць) адзначыў, што ўдзел у форуме для яго мае вялікае значэнне, бо мерапрыемства дае дадатковы стымул у рабоце, магчымасць абмяняцца вопытам з калегамі. Ён працуе культарганізатарам у Ленінскім сельскім клубе і падкрэслівае, што такія сустрэчы дазваляюць знайсці цікавыя ідэі для канцэртных праграм, выставак і мерапрыемстваў. Яму асабліва спадабалася тое, што была магчымасць абмеркаваць пэўныя пытанні з моладдзю, якая працуе ў самых розных сферах: культуры, медыцыне і сельскай гаспадарцы.

Ён таксама адзначыў, што працуе ў роднай мясцовасці і гэта яго свядомы выбар. Асобна Антон Казлоў падкрэсліў, што адчувае падтрымку дзяржавы літаральна ва ўсім: ад творчых конкурсаў да бытавых момантаў.

Яго новая знаёмая, Кацярына Іванова, настаўніца пачатковых класаў з Оршы, расказала, што ў яе не было амаль ніякіх ваганняў падчас выбару прафесіі. Жаданне стаць педагогам узнікла яшчэ ў дзяцінстве, а прыкладам для яе стала бабуля, якая таксама шчыравала ў школе. Кацярына працуе трэці год, і, паводле яе слоў, работа прыносіць толькі задавальненне і натхняе развівацца.

Гаворачы пра значэнне форуму, Кацярына адзначыла важнасць такіх мерапрыемстваў: гэта магчымасць на свае вочы ўбачыць новыя практыкі, зрабіць уласныя высновы і пашырыць прафесійны кругагляд. Пра форум ёй расказалі калегі, і яна адразу вырашыла прыняць удзел, тым больш што раней ніколі не была ў Століне.


Кацярына зазначыла, што засталася ў роднай Оршы свядома — тут яна нарадзілася, вучылася і цяпер працуе ў школе, дзе была вучаніцай. Тым больш што для маладых спецыялістаў дзяржава стварае ўсе ўмовы для працы і жыцця.

Кірыл Лабанаў, заатэхнік агракамбіната «Усход» (Магілёўскі раён), паведаміў, што, як папярэдні суразмоўнік, свой выбар зрабіў яшчэ ў юнацтве: «Я заўсёды любіў жывёл, і паступленне ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію стала заканамерным крокам на шляху да мары».

Ён заўважыў, што галоўная каштоўнасць падобных форумаў — гэта жывая камунікацыя з тымі, хто выбраў такі ж самы шлях: «Гэта абмен ведамі і вопытам. І ты можаш выкарыстоўваць гэта, каб павышаць прафесіяналізм».

Кірыл таксама застаўся працаваць на сваёй малой радзіме, а планы на найбліжэйшую будучыню ў яго па-вясковаму простыя і практычныя: працаваць далей, шчыра і сумленна.

Падчас урачыстага завяршэння мерапрыемства была прынята рэзалюцыя, якая падвяла яго вынікі. Штогадовы форум стаў адлюстраваннем прэстыжнасці і перспектыўнасці прафесій аграпрамысловага комплексу і не толькі. Ён чарговы раз пацвердзіў, што моладзь, якая жыве і працуе на вёсцы, атрымлівае надзейную падтрымку ад дзяржавы, а самі маладыя людзі — сапраўдныя патрыёты сваёй Радзімы.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота БелТА

Чытайце таксама: У Мінскім гарвыканкаме абмеркавалі рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў сталіцы

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю