Урачыстая цырымонія пераможцаў 16-га Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў прайшла ў сераду, 17 снежня, у сталіцы. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях пры ўдзеле Міністэрства адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, БРСМ, Беларускага інавацыйнага фонду. Карэспандэнт «Звязды» даведалася падрабязнасці.
Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Дзяніс КАРЖЫЦКІ расказаў, што за час правядзення конкурсу ў ім узяло ўдзел больш за 2200 праектаў. «Сёлета на конкурс былі прадстаўлены 224 распрацоўкі — на 11,4 % больш, чым летась. У тым ліку ў намінацыі „Лепшы інавацыйны праект“ — 92, у намінацыі „Лепшы маладзёжны інавацыйны праект“ — 132. З іх на экспертызу было адпраўлена 193 праекты — на 17 % больш, чым у мінулым годзе», — удакладніў Дзяніс Каржыцкі.
У параўнанні з мінулым годам змянілася галіновая накіраванасць праектаў: па напрамках экспертызы ў бягучым годзе найбольшая колькасць заявак пададзена ў галіне сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, інфармацыйных тэхналогій, матэрыялазнаўства і прамысловых тэхналогій. «Таксама шмат сацыяльных праектаў. Для параўнання: у мінулым годзе пераважалі распрацоўкі ў галіне інфармацыйных тэхналогій і аховы здароўя. Таксама магу сказаць, што з кожным годам мы бачым рост узроўню прапрацаванасці праектаў, а гэта значыць, наяўнасць прататыпаў, гатоўнасць аўтараў да ўкаранення распрацовак. З задавальненнем канстатую, што ў цяперашнім мерапрыемстве прынялі ўдзел распрацоўшчыкі ўжо знаёмыя нам па конкурсах мінулых гадоў», — адзначыў ён.
Гэтая інфармацыя сведчыць, што стымулам для ўдзелу ў конкурсе з’яўляюцца не толькі грашовыя прызы, але і прафесійная падтрымка экспертаў.
У рамках урачыстай цырымоніі ўзнагароджання прайшло ўшанаванне пераможцаў і прызёраў конкурсу па дзвюх намінацыях — «Лепшы інавацыйны праект» і «Лепшы маладзёжны інавацыйны праект».

Золата ў першай намінацыі ўзяло ТАА «НПЦ ПраБіяТэх» (рэзідэнт НТП УП «Унітэхпрам БДУ») за стварэнне вытворчасці па правілах і прынцыпах GMP (VI тэхналагічнага ўкладу), накіраванага на забеспячэнне прамысловай жывёлагадоўлі біятэхналагічнымі ветпрэпаратамі новага пакалення. Прадстаўляў праект Максім Патаповіч. У размове з журналістамі малады чалавек расказаў, што першыя прэпараты былі зарэгістраваныя яшчэ ў верасні 2013 года. «Работа фактычна ідзе бесперапынна, пастаянна з’яўляецца нешта новае. Зараз рыхтуемся да выпуску прадукцыі сумесна з прадпрыемствам у Віцебску. Наша мэта — арганізацыя вытворчасці поўнага цыклу», — падзяліўся ён. Яе стварэнне дазволіць ажыццяўляць рэгістрацыю прэпаратаў у краінах блізкага і далёкага замежжа.
Першымі сярод маладзёжных стаў праект выхаванца гімназіі № 13 Мінска Яраслава Тулякова, які стварыў інтэлектуальнага гуманоіднага робата з шырокім спектрам функцыянальных магчымасцяў для выканання задач у асноўных сферах грамадскага жыцця.
У кожнай з намінацый выбраны адзін пераможца першай ступені, два — другой ступені і па тры праекты, якія занялі трэцяе месца. Усяго 12 пераможцаў конкурсу, якія ўзнагароджаны каштоўнымі прызамі і грашовымі прэміямі ў памеры ад 1218 да 3612 рублёў. Таксама сярод іх адабраны 5 праектаў для далейшай камерцыялізацыі, кожны з якіх атрымлівае сертыфікат на суму 23 982 рублі.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота аўтара