Top.Mail.Ru

У сталіцы ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу «Мінскі майстар»

Праца — у аснове нашага дабрабыту.

Традыцыйна ў рамках святочных мерапрыемстваў да Дня горада Мінска прайшло ўшанаванне пераможцаў конкурсу прафесійнага майстэрства «Мінскі майстар». У адборачных этапах конкурсу сёлета прынялі ўдзел больш за 1600 работнікаў сталіцы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Звязды».

Па выніках конкурсу былі вызначаны 43 пераможцы — імі сталі прадстаўнікі самых розных прафесій: тынкоўшчык, прадавец, шэф-кухар, электрамеханік па ліфтах, абліцоўшчык-плітачнік, рабочы зялёнага будаўніцтва, інжынер-тэхнолаг і інш.

Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў расказаў пра рысы, якімі валодаюць пераможцы конкурсу прафесійнага майстэрства: «Майстар — гэта чалавек, які сапраўды з’яўляецца прафесіяналам найвышэйшага класа, — адзначыў Уладзімір Кухараў. — Гэта адказны за сваю справу чалавек, які не лічыцца з асабістым часам, пастаянна ўдасканальваецца, не баіцца дапамагаць і даваць парады тым, хто знаходзіцца побач. Гэта той, хто сапраўды любіць людзей, сваю работу і свой горад».

Мэр Мінска таксама падкрэсліў, што ўзнагароджаныя сёння сапраўды даказалі, што яны лепшыя. «У прафесіях, якія вы прадстаўляеце, працуе вельмі шмат людзей. Але менавіта вы сваім уменнем, навыкамі і адказнасцю даказалі, што лепшыя. Вы робіце ўсё для таго, каб тое, чым вы займаецеся, было камфортна і прыемна людзям. І гэта нялёгка, таму што трэба ўмець засяродзіцца, накіраваць сябе, камунікаваць з людзьмі», — звярнуўся да прысутных Уладзімір Кухараў.

Ён таксама дадаў, што добра, што сярод пераможцаў ёсць прадстаўнікі маладога пакалення. «Яны, якія прыйшлі не так даўно ў прафесію, ужо даказалі, што вартыя працягу многіх пакаленняў сваіх папярэднікаў, якія цягам дзесяцігоддзяў самааддана працавалі. Гэтая работа была няпростай, таму што не заўсёды былі тыя машыны і механізмы, якія мы маем. Але яны здолелі закласці падмурак таго, што ёсць у нашым горадзе, а самае галоўнае — перадалі эстафету працы, уменняў і навыкаў тым людзям, якія ідуць па іх слядах і годна прадстаўляюць распачатую імі справу».

Важна шанаваць і заахвочваць людзей працы за іх майстэрства і веды. Менавіта іх праца ляжыць у аснове нашага дабрабыту, камфорту і нацыянальнай бяспекі. Чым больш увагі мы ўдзяляем чалавеку працы праз такія конкурсы, папулярызацыю ключавых прафесій, тым больш дынамічна развіваецца краіна. Такое меркаванне выказаў старшыня Мінскага гарадскога аб’яднання прафсаюзаў Сяргей Шкруднеў. «У рамках пяцігодкі якасці асаблівую ўвагу ўдзяляем таму, што нашы майстры — гэта звычайныя людзі, якія штодня працуюць побач з намі. Конкурс „Мінскі майстар“ дазваляе выявіць прафесіяналаў сваёй справы ў розных галінах. Найбольш масава прадстаўлены прафесіі, якія адносяцца да сістэмы ЖКГ і сферы абслугоўвання — 17 намінацый. Характэрна, што штогод расце колькасць маладых удзельнікаў працоўных спаборніцтваў. Сярод 43 пераможцаў гэтага года — 9 маладых спецыялістаў», — расказаў Сяргей Шкруднеў.

З кожным годам конкурс становіцца ўсё больш папулярным: у 2004 годзе ў ім прымалі ўдзел прадстаўнікі 21 прафесіі, а ў 2025-м — ужо 43. Сёлета да конкурсу ўпершыню далучыліся рэжысёры і прадстаўнікі банкаўскай сферы — інкасатары, вадзіцелі інкасатарскіх аўтамабіляў і касавыя работнікі.

«Мінскі майстар» з’яўляецца адным з самых маштабных конкурсаў прафесійнага майстэрства ў краіне. За ўсю гісторыю правядзення сталічных спаборніцтваў у іх прынялі ўдзел каля 280 тысяч чалавек, з якіх 742 атрымалі ганаровае званне.

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю