У «Мядзвежына» з’явіцца сучасны цэнтр лыжнага спорту: распрацавана канцэпцыя ўладкавання трас. Аб гэтым на аператыўнай нарадзе 16 лютага паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення спорту Мінгарвыканкама Максім Варапай.
«Зіма ў гэтым годзе радуе. Таму гарадскімі службамі былі прыкладзены ўсе намаганні ў стварэнні ўмоў для занятку зімовымі відамі спорту. Жыхары сталіцы могуць карыстацца 14 лыжнымі трасамі, 31 хакейнай каробкай і 31 лядовай пляцоўкай», — расказаў Максім Варапай.
Пералічаныя лакацыі карыстаюцца попытам у мінчан і гасцей сталіцы. Толькі па агульнаадукацыйных школах болей за 53 тысячы дзяцей і дарослых звярнуліся па зімні спартыўны інвентар.
Па словах спецыяліста, на тэрыторыі горада праведзена 265 спартыўных спаборніцтваў. Гэта на ўзроўні раёнаў і гарадскіх мерапрыемстваў. Яшчэ ў планах 42 спартыўныя падзеі і 90 раённага ўзроўню. «Вядома, мы не забываем спартыўны складнік. Актыўна праводзяцца чэмпіянаты і першынствы горада. Па лыжных гонках праходзіць сталічны Кубак, а таксама чэмпіянат горада Мінска сярод аматарскіх каманд, якія ўступяць у завяршальную фазу да канца сакавіка, а ў красавіку будуць ужо фінальныя матчы», — заявіў Максім Казіміравіч.
Як расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення спорту Мінгарвыканкама, завершана рэканструкцыя спартыўнага комплексу па вуліцы Даўмана. Там вядзецца актыўная работа па размяшчэнні інвентару і трэнерскага штабу. Хутка запрацуе лёгкаатлетычны манеж, спартыўная пляцоўка, зала для мастацкай гімнастыкі. У шэрагу прыемных падзей, якія нядаўна адбыліся, — адкрыццё ў Каменнай Горцы фізкультурна-аздараўленчага цэнтра «Мандарын». Праходзіць завяршэнне і ўладкаванне лыжаролернай трасы ў парку Уга Чавеса. А таксама прыступілі да рэалізацыі зімовага комплексу ў лесапарку «Мядзвежына» — а гэта тры трасы на 3300, 2500 і 1500 м адпаведна. Плануюць размясціць пункт пракату, а таксама пакоі і вакс-кабіны для трэнераў. Усё прадугледжана і для зручных заняткаў дзяцей біятлонам, у тым ліку абсталяванае стрэльбішча.
Сталічныя ўлады і камунальныя службы зрабілі галоўнае — падарылі гараджанам інфраструктуру. Засталося толькі скарыстацца гэтым падарункам і актыўна адпачыць гэтай зімой.
Надзея ЗУЕВА