Top.Mail.Ru

У сталіцы стартавала аздараўленчая кампанія

5 чэрвеня ў выхаваўча-аздараўленчым летніку «Энергетык» прайшоў святочны старт летняга сезона. 32 загарадныя летнікі ўжо прынялі першых 8 тысяч дзяцей, а да канца лета адпачывальнікаў будзе больш за 80 тысяч.


У Мінску афіцыйна далі старт летняй аздараўленчай кампаніі 2026 года. На базе філіяла «Мінскія электрычныя сеткі» РУП «Мінскэнерга» (Мінскі раён, каля вёскі Зялёнае) сабраліся дзеці, іх бацькі, педагогі і прадстаўнікі гарадскіх уладаў. Свята стала адпраўной кропкай для тысяч дзяцей Міншчыны, якія правядуць лета з карысцю для здароўя.


«Горад зрабіў усё, каб лета было бяспечным і цікавым»

Як расказаў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі, падрыхтоўка да сезона пачалася загадзя. Усе 32 загарадныя летнікі працуюць у штатным рэжыме, большасць з іх — у пяць змен (па 15 дзён).

— Мы пастараліся, каб лета для дзяцей было не толькі цікавым, але і бяспечным. Ваенна-патрыятычныя летнікі, палатачныя турлетнікі, летнікі працы і адпачынку, студэнцкія атрады — выбар ёсць для кожнага, — падкрэсліў Андрэй Стрыгельскі.

13 мільёнаў на падрыхтоўку і 120 асаблівых дзяцей

Начальнік прадстаўніцтва Мінскага гарадскога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Валерый Нафрановіч прывёў канкрэтныя лічбы. Уласнікі летнікаў накіравалі на падрыхтоўку больш за 13 мільёнаў рублёў, яшчэ 2,5 мільёна дадаў гарадскі бюджэт. Усе летнікі былі прыняты да 25 мая, загрузка — амаль 100%.


— Асаблівасць гэтага года — мы накіроўваем 120 дзяцей з цукровым дыябетам і кардыяпаталогіямі ў санаторый «Солнышко-Белгосздравница» разам з бацькамі. Пуцёўка і суправаджэнне цалкам аплачаны з гарадскога бюджэту. Гэта вельмі дорага каштуе, — адзначыў Валерый Нафрановіч.

Сучасная база і насычаная праграма

Адзін з летнікаў, які ўжо прыняў дзяцей, — выхаваўча-аздараўленчы летнік «Энергетык». Яго начальнік Таццяна Куніца расказала, што першая змена пачалася 4 чэрвеня, а гэта 240 дзяцей. Усяго за пяць змен тут аздаравяць 1200 дзяцей.


— У нас ёсць басейн, мы праводзім квэсты, арт-фестывалі, віктарыны. Дзейнічаюць спартыўныя пляцоўкі для футбола, валейбола, тэніса. Харчаванне пяціразовае. У кожнай змене працуюць па 25 студэнтаў педагагічнага, тэхналагічнага ўніверсітэтаў, Акадэміі музыкі і БДУФК, — расказала Таццяна Куніца.

«Вельмі рада, што практыка такая цікавая»

Елізавета Андросава, студэнтка 4 курса ВДПУ ,будучы лагапед, упершыню працуе важатай, пад яе пільнай апекай другі атрад, у якім дзеці 13–14 гадоў.


— Гэта мой першы падобны вопыт. Мы праходзім практыку, але мне і самой хацелася. Зараз я вельмі рада, што практыка такая цікавая і дае каштоўны вопыт. У маім атрадзе 24 дзіцяці. Трэба ведаць псіхалогію, каб знайсці падыход. Пакуль усё атрымліваецца. У нас шмат абавязкаў, але найперш трэба пільна сачыць за дзецьмі, праводзіць мерапрыемствы — і тыя, што арганізаваны ад летніка, і нашы, унутрыатрадныя, — падзялілася Елізавета.

«Тут смачна кормяць, а вечарам — дыскатэка»

12-гадовыя хлопцы Іван Падлескі і Арцём Васючонак адпачываюць у «Энергетыку» не першы раз, будуць тут да 18 чэрвеня.

Іван: «Мне вельмі падабаецца. У летніку шмат чаго змянілі, стала больш спартыўных пляцовак. Падабаюцца людзі, спартыўныя мерапрыемствы, дырэктар мне таксама падабаецца. І тое, што летнік побач з прыродай, свежае паветра. Я езджу сюды не першы раз. Люблю размаўляць з людзьмі і важатымі. Увесь дзень мы гуляем у футбол, ходзім на квэсты, а ўвечары — дыскатэка»

Арцём: «Кормяць вельмі смачна: сёння давалі грэчку і смачны суп. Раней я быў тут з татам на спаборніцтвах, летнік мне спадабаўся. Цяпер ён яшчэ лепшы. Мне тут вельмі падабаецца. Планую завесці новых сяброў і добра правесці час».


Юля Пузырэўская з Маладзечна прыехала ў летнік упершыню, параілі сяброўкі.

— Мне расказвалі пра цікавыя мерапрыемствы, дыскатэкі, добрыя пакоі і смачную ежу. Чакаю яркіх уражанняў, адпачынку пасля вучобы і хачу знайсці новых сяброў. У пакоі нас восем — сумна не будзе. Я ўмею танцаваць, таму спадзяюся ўдзельнічаць у конкурсах, — расказала Юля.


Лета толькі пачынаецца!

Пуцёвак у загарадныя летнікі амаль не засталося — іх трэба было купляць загадзя. Але для тых, хто не паспеў, працуюць летнікі з дзённым знаходжаннем пры школах, гарадскія пляцоўкі, экскурсіі. Галоўнае, каб дзіцячае лета было бяспечным, карысным і запомнілася на доўгія гады.

Надзея ЗУЕВА

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю