Top.Mail.Ru
246

У сталіцы працягваецца работа па працаўладкаванні беспрацоўных

Сярод іх — тыя, хто знаходзіцца на розных відах уліку.

Асаблівая ўвага надаецца грамадзянам, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, а таксама тым, хто не выконвае абавязацельствы па ўтрыманні дзяцей, якія знаходзяцца пад апекай дзяржавы. Работа вядзецца па двух асноўных кірунках: аказанне сацыяльнай дапамогі і прымяненне абавязковых мер. У гэтых мерапрыемствах бяруць удзел участковыя інспектары, супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі, прадстаўнікі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а таксама кадравыя службы буйных прадпрыемстваў.

Пазбегнуць паўторных канфліктаў з законам 

Спецыялісты наведваюць сем’і, інфармуюць грамадзян аб неабходнасці звяртацца ў камісіі ці органы па працы і занятасці, запрашаюць на прафілактычныя мерапрыемствы і кірмашы вакансій.

Сустрэча з грамадзянамі, якія знаходзяцца на ўліку і не занятыя ў эканоміцы, у прыватнасці, прайшла ў Фрунзенскім РУУС. Галоўнымі тэмамі абмеркавання сталі прафілактыка рэцыдываў правапарушэнняў і садзейнічанне ў працаўладкаванні. Акрамя таго, удзельнікам сустрэчы былі прадстаўлены даступныя вакансіі ў арганізацыях, размешчаных на тэрыторыі Фрунзенскага раёна. Начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Фрунзенскага РУУС г. Мінска Вадзім АНІПЕРКА адзначыў, што многія з асоб на ўліку сутыкаюцца з цяжкасцямі ў пошуку работы. Праваахоўныя органы імкнуцца аказаць ім дапамогу, прапануючы магчымасці для стварэння стабільнага жыцця.

Прафілактыка правапарушэнняў пачынаецца з разумення, падтрымкі і своечасовай дапамогі грамадзянам. Адсутнасць працы, фінансавыя абавязальніцтвы і страчаныя сацыяльныя сувязі нярэдка становяцца прычынамі паўторных канфліктаў з законам. У зоне асаблівай увагі праваахоўнікаў — грамадзяне, абавязаныя пакрываць выдаткі на ўтрыманне дзяцей у даход дзяржавы, а таксама беспрацоўныя.

«Не толькі нагадаць аб мерах адказнасці, але і дапамагчы»

Падобная сустрэча адбылася і ў Першамайскім РУУС Мінска. У мерапрыемстве прынялі ўдзел грамадзяне, якія маюць запазычанасці па ўтрыманні дзяцей, а таксама жыхары раёна, не занятыя працоўнай дзейнасцю.

Праваахоўнікі нагадалі ўдзельнікам аб адказнасці за ўхіленне ад працаўладкавання і невыкананне рашэнняў суда, растлумачылі патрабаванні дзеючага заканадаўства і магчымыя прававыя наступствы пры яго парушэнні.

«Наша задача — не толькі нагадаць аб мерах адказнасці, але і дапамагчы чалавеку ўбачыць рэальны шлях выхаду са складанай жыццёвай сітуацыі, — адзначыў намеснік начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх Першамайскага РУУС г. Мінска Сяргей ПАТАПЕНКА. — Працаўладкаванне, захаванне закона і аднаўленне сацыяльных сувязяў — гэта рэальныя крокі, якія дазваляюць змяніць сваё жыццё і выканаць абавязацельствы перад дзецьмі і грамадствам».

У ходзе сустрэчы ў Заводскім РУУС абмяркоўваліся тыповыя жыццёвыя сітуацыі, якія прыводзяць да назапашвання даўгоў і новых правапарушэнняў, а таксама магчымыя спосабы іх прадухілення. У крымінальна-выканаўчай інспекцыі Заводскага раёна ўпэўненыя: пакаранне без ізаляцыі ад грамадства — гэта не проста альтэрнатыва турме, а рэальны шанц для чалавека змяніць сваё жыццё. 

«Асноўная задача нашых супрацоўнікаў — выкананне пакаранняў, не звязаных з ізаляцыяй асуджанага ад грамадства, — расказаў намеснік начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі Заводскага РУУС г. Мінска Аляксандр КУР’ЯНОВІЧ. — Але мы не проста вядзём улік. Мы робім шмат чаго, каб дапамагчы выправіцца чалавеку: навучаем, тлумачым, дапамагаем вырашаць сацыяльныя праблемы. І ніколі не даём пустых абяцанняў — толькі канкрэтная дапамога і жорсткія, але справядлівыя патрабаванні закона».

Адна з самых вострых праблем, з якой сутыкаюцца асуджаныя, — працаўладкаванне. Судзімасць, нават умоўная, становіцца сур’ёзнай перашкодай. Знайсці работу дапамагаюць праваахоўнікі.

«Мы можам дапамагчы, падтрымаць, накіраваць, — заўважае Аляксандр Кур’яновіч. — Але толькі ад асабістага выбару, ад учынкаў чалавека залежыць, ці трапіць ён зноў у месцы пазбаўлення волі ці пачне паўнавартасна жыць, не парушаючы закона».

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Першамайскага РУУС сталіцы

Чытайце таксама: Як праваахоўнікі дапамагаюць знайсці работу тым, хто парушыў закон

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю