Гарадскія ўлады ўдзяляюць вялікую ўвагу сферы аховы здароўя. У сталіцы на адну ўльтрасучасную медыцынскую забудову, абсталяваную па апошнім слове тэхнікі, стала больш. 10 лютага па вуліцы Ваўпшасава, 59 перарэзалі стужку новага сацыяльнага аб’екта — Мінскага гарадскога клінічнага наркалагічнага цэнтра.
Ва ўрачыстым адкрыцці прынялі ўдзел Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта ў горадзе Мінску Наталля Качанава і кіраўніцтва горада. Наталля Качанава падчас азнаямлення з новай установай выказала задавальненне добрымі ўмовамі, у якіх будуць знаходзіцца пацыенты і працаваць персанал.
«Адкрыццё дыспансера — знакавая падзея ў жыцці горада, — адзначыла спікер. — Здароўе нашых грамадзян, дэмаграфічная бяспека — гэта адзін з асноўных прыярытэтаў гэтай пяцігодкі. Клопат аб людзях, іх дабрабыце — гэта тое, да чаго павінны імкнуцца ўсе мы. І ў Мінску робіцца вельмі шмат для таго, каб вырашаць задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам. Асалютна слушным было рашэнне сталічных улад засяродзіць увесь комплекс паслуг у адным месцы ў адзіным цэнтры».
Будаўніцтва цэнтра ішло актыўна, пачалі ў красавіку 2024-га, выкарыстоўваючы канструкцыі былога незавершанага аб’екта. Агульная плошча будынка складае 27 131,30 кв. м. Ва ўстанове змесціцца 251 ложка-месца. Плануецца, што за адну змену амбулаторна-паліклінічнае звяно прыме 1100 наведванняў.

Новая медустанова значна спросціць задачы супрацоўнікам, а для пацыентаў звяртацца па дапамогу будзе зручней. У першым блоку знаходзяцца адміністратыўныя памяшканні і амбулаторныя кабінеты, у тым ліку апіёіднай замяняльнай тэрапіі для наркаўжывальнікаў. У другім корпусе — аддзел агляду са спецыяльнай медыцынскай камісіяй. Размясціліся таксама клініка-дыягнастычная і цэнтралізаваная хімічна-таксікалагічная лабараторыі, аптэкі, архіў і нават навучальныя класы. Прылеглая тэрыторыя добраўпарадкавана — лаўкі, зялёныя зоны, тры паркоўкі на 120 машына-месцаў.
Галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага наркалагічнага цэнтра Жанна Істоміна расказала пра асаблівасці новай установы аховы здароўя: «Наш цэнтр будзе аказваць дапамогу па пяці наркалагічных этапах. Асаблівы ўхіл, вядома, гэта рэабілітацыя. Неабходна людзей, у якіх ёсць залежнасць ад псіхаактыўных рэчываў, вярнуць у соцыум, а таксама дапамагчы іх блізкім — сузалежным. Дапамагаючы аднаму залежнаму пацыенту, мы аказваем медпадтрымку ўсёй яго сям’і. Праблема сузалежнасці стаіць востра. У цэнтры працуе адна з самых першых рэабілітацыйных праграм у Беларусі „Вясёлка“. Галоўнае — навучыць жыць без ужывання псіхаактыўных рэчываў. У нас ёсць напрацаваныя методыкі, спецыялісты з практыкай, якія займаюцца рэабілітацыяй пацыентаў з гульнявой залежнасцю», — патлумачыла яна.

Практычна на наступны дзень наркацэнтр гатовы сустракаць першых пацыентаў. «Тэхнічна ў адзін дзень не можам усіх прыняць, будзем гэта рабіць паэтапна, каб грамадзяне не адчулі складанасцяў. Мы прымаем людзей з усёй краіны і нават замежных гасцей. Прыём плануецца ажыццяўляць таксама і без пастаноўкі на ўлік, на ананімнай аснове», — удакладніла галоўны ўрач.
Прыпынак для грамадскага транспарту ўжо зрабілі, пусцілі 192-і маршрут аўтобуса «Трактарны завод — Наркалагічны цэнтр».
Старшыня адміністрацыі Партызанскага раёна Мікалай Палякоў узгадаў былы даўгабуд, што стаяў на гэтым месцы: «У Партызанскім раёне існаваў аб’ект незавершанага будаўніцтва. Было прынята рашэнне дабудаваць тут наркалагічны цэнтр і ўвесці паралельнае праектаванне будаўніцтва, што дазволіла ў кароткія тэрміны ўвесці аб’ект у эксплуатацыю. Пры нарматыўным тэрміне будаўніцтва ў 29 месяцаў, аб’ект быў пабудаваны за 20. Выкарыстаны матэрыялы толькі айчыннай вытворчасці. Паглядзіце, якая прыгажосць атрымалася!»
Мікалай Палякоў зрабіў акцэнт на тым, што цэнтр створаны не толькі для сталіцы, а для ўсёй краіны. «Любы чалавек можа патэлефанаваць па нумары 183, і яму акажуць псіхалагічную дапамогу, а гэта ў першую чаргу неабходна нашым грамадзянам».

Надзея ЗУЕВА
Фота БелТА