Top.Mail.Ru

У сталічным Скверы 80-годдзя Перамогі высадзілі «Алею памяці»

Прыгажосць, якая цешыць вока

На 10-й сесіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў скверу ў межах вуліц Кальварыйскай — Максіма Танка — Раманаўская Слабада плошчай амаль чатыры гектары быў прысвоены статус «Сквер 80-годдзя Перамогі». Першымі да добраўпарадкавання тэрыторыі прыклалі руку прадстаўнікі Маладзёжнага савета пры Мінгарсавеце. Кіраўніцтва горада падтрымала ініцыятыву, і ў канцы сакавіка члены Маладзёжнага савета высадзілі першыя 50 дрэў. Пазней да маладзёжнай зялёнай акцыі далучыліся дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, завяршыўшы пасадку алеі.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса сталіцы Арцём Цуран адзначыў асаблівае стаўленне да суботнікаў, правядзення акцый па добраўпарадкаванні: «Прэзідэнт часта асабіста бярэ ўдзел у такіх акцыях, тым самым паказваючы добры прыклад, наколькі важна кожнаму чалавеку клапаціцца аб сваёй тэрыторыі, краіне, горадзе. За адзін раз, колькі б ні было выдзелена сродкаў, якія б намаганні ні прыклаў горад, не навядзеш такую прыгажосць, якая сёння цешыць вока жыхароў і гасцей сталіцы. На самай справе гэта досыць сур’ёзная праца, таму што на працягу восеньскіх месячнікаў, вясновых суботнікаў людзі далучаюцца да работ па навядзенні парадку на зямлі. І, натуральна, чалавек не будзе псаваць тое, што зрабіў сваімі 

рукамі, не будзе займацца нейкім вандалізмам, калі ён асабіста наводзіў парадак на гэтай тэрыторыі. Таму разам, на чале з кіраўніком дзяржавы, мы і робім нашу краіну, наш горад лепшым і прыгажэйшым».

У пасадцы алеі ўзялі ўдзел больш за 100 чалавек. Сярод іх — дэпутацкі корпус сталіцы, грамадскія арганізацыі, сілавы блок і камунальныя прадпрыемствы Цэнтральнага раёна.

Навядзенне парадку ў скверы на гэтым не заканчваецца: спецыялістамі УП «Мінскпраект» сумесна з работнікамі УП «Зелянбуд Цэнтральнага раёна горада Мінска» распрацаваны эскізны праект па яго добраўпарадкаванні. 

У цэнтральнай частцы ўстановяць помнік, эскіз якога цяпер рыхтуецца. Паводле слоў дырэктара раённага «Зелянбуда» Алега Клінцова, лаўкі ад прадпрыемстваў «пераедуць» у сквер Грыбаедава, а на гэтай тэрыторыі ўстановяць малыя архітэктурныя формы ў адзіным стылі.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю