Top.Mail.Ru

У сталічным кінатэатры «Піянер» 11 верасня далі старт паказам дакументальнай навінкі «Невядомы абанент»

За клік ад бяды, ці Як наша ўважлівасць выратоўвае ад зламыснікаў

Кінастужка ўбачыла свет на студыі «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Пра кібернебяспеку ў нашым жыцці, новыя магчымасці кінамастацтва для яе распазнавання і ўздзеяння на гледача разважаем пасля прагляду.

Актуальнае — па-новаму

Інтэрнэт — сёння неад’емная частка жыцця амаль усіх і кожнага. Аднак, маючы яго, здавалася б, яго «незлічоныя бонусы», часта мы забываем, што побач тоіцца і небяспека. Якраз нагадаць пра гэта і мае на мэце новы дакументальны фільм «Невядомы абанент». Рэжысёрам работы стала Анастасія Ліннік. Як адзначыла яна сама перад праглядам, яшчэ на этапе стварэння кінаработы гэта і дало імпульс для пошуку нязвыклага ўвасаблення задумы:

— Махлярства ў інтэрнэце цяпер для ўсіх вельмі актуальная праблема. Пра гэта здымаецца многа і мастацкіх, і дакументальных фільмаў, праводзяцца розныя расследаванні, але, нават нягледзячы на гэта, праблема застаецца на парадку дня, — дзеліцца рэжысёр Анастасія ЛІННІК. — Задача здымачнай групы была ў тым, каб паспрабаваць па-новаму данесці да гледача ўжо знаёмыя яму факты, праблемы. Наш выбар у здзяйсненні задуманага выпаў на штучны інтэлект. Паколькі зараз вельмі шмат махлярскіх злачынстваў здзяйсняецца менавіта з яго выкарыстаннем. Калі зламыснікі могуць змяніць і твар, і голас, запісваюць аўдыё- і відэапаведамленні і такім чынам падманваюць людзей. Мы хацелі найперш паказаць, як гэта рэалізоўваецца.

Па словах дырэктара студыі «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзіміра МІЛАША, гэту кінастужку можна лічыць «пробай пяра» ўжывання ШІ ў беларускай дакументалістыцы. Фільм заяўлены як «дакументальнае кіно ў змешанай форме». І гэта ў пэўнай меры дазваляе гледачу не ўспрымаць тое, што адбываецца на экране, толькі праз прызму пэўнага жанру. Хутчэй стваральнікі даюць нам магчымасць самім выбіраць і вызначаць, як акрэсліць убачанае. Сваю задуму каманда праекта ўвасобіла ў 27 хвілінах экраннага часу: «Зараз фарматы становяцца вельмі кампактнымі, паколькі ў нас ёсць шматлікія сацыяльныя сеткі, да якіх звыклі гледачы ў большасці сваёй. Таму цяжка ўтрымаць аўдыторыю вялікім хранаметражом фільма, асабліва, калі на экране мы падымаем складаную тэму, — тлумачыць рэжысёр. — Тыя ж складаныя тэрміны нам патрэбна было падаць зразумелай мовай, найперш для маладой аўдыторыі, таму і спыніліся на такім фармаце».

Не трапіць у пастку даверу

Фільм рыхтаваўся працяглы час, але зрабілі яго прыкладна за паўгода. Месяцы тры ў стваральнікаў заняло напісанне сцэнарыя, а пасля прыкладна столькі ж спатрэбілася для здымкаў і постпрадакшну кінастужкі. Пры стварэнні дакументальнага фільма, які ўздымае такую актуальную і сур’ёзную тэму, не абышлося і без удзелу спецыялістаў Міністэрства ўнутраных спраў і некаторых іншых ведамстваў, што на экране дадае сур’ёзнасці ў гучанні ўсёй гісторыі. «Я хачу, каб кожны, хто паглядзіць гэты фільм, зрабіў для сябе выснову, як зараз цябе могуць падмануць, прычым нават там, дзе зусім гэтага не чакаеш. Спадзяюся, наша кінаработа дапаможа гледачу не трапляць на хітрасці ашуканцаў», — дадае рэжысёр.

Спачатку, калі ты глядзіш фільм, то пачынаеш давяраць таму, што бачыш і чуеш з экрана, назіраючы за героем кінастужкі (ён нібы дае своеасаблівую лекцыю па тэме бяспекі ў інтэрнэце). Аднак у пэўны момант глядач разумее, наколькі сапраўды не супадае карцінка з рэальнасцю. І тады ўжо даверлівы тон размовы набывае для гледача і безліч іншых адценняў. Апынуўшыся ў віры падзей, мы ўжо не проста слухаем і назіраем. Мы актыўна ўключаемся ў гэты расповед, пачынаем аналізаваць, супастаўляць і рабіць высновы больш спакойна, разумеючы, што толькі такая тактыка дазваляе насамрэч не трапіць у пастку кіберзлачынцаў. Якія, як правіла, дзейнічаюць па класічных алгарытмах: усыпляюць нашу пільнасць, ціснуць на эмоцыі і г. д.

Стаць ахвярай можа насамрэч кожны. Бо ніхто не застрахаваны ад таго, што заўтра прачнецца не ў тым настроі, альбо ўсё ж зацікавіцца хуткай магчымасцю зарабіць. Страшна і ўсведамляць тое, якая тонкая мяжа, напрыклад, паміж магчымасцю скрасці ў чалавека грошы і ўвогуле, завалодаўшы персанальнай інфармацыяй, зруйнаваць яму жыццё. Тут можа выратаваць толькі адна парада: помніце, не ўсё насамрэч тое, чым можа вам здавацца...

Алена ДРАПКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю