Top.Mail.Ru

У сталічным кінатэатры «Масква» першыя гледачы ўбачылі прэм'еру «Беларусьфільма» — драму «Адно на дваіх»

Трымайся вышыні, або Як можна захаваць памяць пра герояў?

Кінастужка рэжысёра Івана Паўлава заснавана на рэальных падзеях і прысвечана подзвігу лётчыкаў, Герояў Беларусі, гвардыі маёра Андрэя Нічыпорчыка і гвардыі лейтэнанта Мікіты Куканенка, якія 19 мая 2021 года адвялі самалёт, што страціў кіраванне, ад жылых кварталаў горада Баранавічы і загінулі, выконваючы свой абавязак. Гэта тое, што вядома многім з нас са стужак навін таго перыяду. А вось на экране маем магчымасць убачыць гісторыю двух людзей, дзе было шмат святла, яркіх фарбаў і прагі да жыцця, якое раптоўна абарвалася.

У шырокім пракаце фільм з’явіцца 30 красавіка, а пакуль проста зазірнём у закуліссе яго стварэння.

Гісторыя пра сапраўдных мужчын

— Першыя кадры фільма мы знялі 22 мая 2022 года, калі з аператарам прыехалі ў Баранавічы і здымалі, як адкрываўся помнік Героям Беларусі. Я тады ўбачыў дзвюх удоў, бацькоў і пачаў глыбей пагружацца ў гэту гісторыю. Зняць фільм пра лётчыкаў было ініцыятывай з майго боку, а з боку Міністэрства абароны была ідэя зрабіць кіно пра армію. І «Адно на дваіх» — надзвычай складаная кінастужка для мяне, таму што там мастацкае кіно, але ў гэтай гісторыі адзін канфлікт — з самалётам. Антаганісты і іншыя канфлікты там адсутнічаюць. Не было ў іх і зайздрасці адзін да аднаго. Наша гісторыя складаецца з трох частак, якія я разбіваю і звязваю цітрамі часу, з дапамогай чаго ахопліваем вялікі этап іх жыцця, — падзяліўся рэжысёр кінастужкі Іван Паўлаў. — Фільм наш — аповед пра сапраўдных беларускіх мужчын, якія дзейнічаюць, як сапраўдныя абаронцы. І гэта дае пачуццё гонару і горычы, што іх, на жаль, ужо няма з намі...


— Заўсёды складана здымаць стужкі пра жывых людзей, якія яшчэ зусім нядаўна былі сярод нас. Таму гэты фільм мы ўсе перажывалі, прапускаючы ўсё праз сябе. Складана здымаць герояў у тых жа кватэрах, дзе жылі тыя людзі, і ў тых месцах, дзе яны бывалі. І таму мы імкнуліся нешта прыдумваць, каб не сапсаваць карцінку, але каб і атрымалася падаць гісторыю гледачу рэалістычна, каб ён змог пражыць усё разам з нашымі героямі, — падзяліўся напачатку паказу аператар кінастужкі «Адно на дваіх» Вячаслаў Дунаеў. — Як кажуць лётчыкі, паветра трымае, і, думаю, што і нам гэта дапамагала. Добра, што слова «паветра» гучала не так, як у часы вайны, а проста як чыстае і добрае неба над намі. І лётчыкі вельмі дапамаглі, хоць часам ім здавалася, што мы просім у іх немагчымага. Усё нам спрыяла — ад людзей да надвор’я.

Вялікае пачынаецца з малога

Ролі галоўных герояў у фільме выканалі акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Аляксей Качан (Андрэй Нічыпорчык) і інжынер Ягор Чубакоў (Мікіта Куканенка). Апошні адзначыў, што яму пашчасціла з экранным героем:

— З Мікітам у нас, як я гэта сабе ўяўляю, падобныя характары. Мы абодва лёгкія на пад’ём, вясёлыя, дружалюбныя, цэнім сваю сям’ю і сяброў. Ён быў такім добрым і светлым хлопцам, прычым гэта не толькі я адзначыў, але і людзі, з якімі служыў Мікіта, — расказаў Ягор Чубакоў. — Вядома, як і ў любой рабоце, узнікалі складанасці. Але, дзякуючы добрай здымачнай групе і падказкам рэжысёра, мы іх пераадолелі і, спадзяюся, у нас усё атрымалася. 


На здымках усе мы адчувалі вялікую адказнасць, бо гісторыя няпростая. І для мяне вялікі гонар, што мне выпаў шанц сыграць такую ролю.

На працягу ўсяго фільма гледачы змогуць прасачыць не толькі тое, як адбывалася станаўленне герояў, але і пражыць разам з імі іх шчаслівыя і складаныя эпізоды. Асаблівую танальнасць надаюць таксама музычныя кампазіцыі Леаніда Шырына. Тут ёсць месца ўсяму — сяброўству, каханню, саперніцтву, якое спрыяла іх росту, веры і самаахвярнасці ў вялікім і ў малым.

Ролю бацькі аднаго з лётчыкаў Андрэя Нічыпорчыка ў фільме выканаў артыст Віктар Рыбчынскі. Увасоблены ім Уладзімір Нічыпорчык — стрыманы мужчына, але заўсёды гатовы падтрымаць свайго сына.

— Гэта кіно вельмі своечасовае, таму што чым больш мы будзем гаварыць пра сваіх герояў, тым лепш, бо асобы сапраўдных герояў і іх учынкі не цямнеюць з часам, — дзеліцца Віктар Рыбчынскі.


— Я ўдзячны ўсім, хто працаваў над стварэннем гэтай карціны. Мы ўсе вельмі пранікліся гэтай гісторыяй. Я асабіста пачаў па-іншаму ставіцца нават да герояў вайны і да самога звання «герой». Бо раней было адчуванне, быццам людзі нараджаюцца героямі і пражываюць так жыццё, — зазначыў акцёр Аляксей Качан. — А насамрэч часта гэта звычайныя людзі, якія жывуць, любяць сваю сям’ю, Радзіму, жыццё, але ў патрэбны момант яны здзяйсняюць доблесны ўчынак, ратуючы іншых і не шкадуючы сябе.

Пасля прагляду фільма «Адно на дваіх» у кожнага з нас з’явіцца свой вобраз Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі, але галоўнае, што ў нашых сэрцах будзе жыць светлая памяць пра іх.

Алена ДРАПКО


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю