У яе пасадцы ўзялі ўдзел больш за 100 чалавек. Сярод іх — дэпутацкі корпус сталіцы, грамадскія арганізацыі, сілавы блок і камунальныя прадпрыемствы Цэнтральнага раёна. Карэспандэнты «Звязды» таксама далучыліся да добрай акцыі па добраўпарадкаванні.
«Разам, пад кіраўніцтвам кіраўніка дзяржавы, робім нашу краіну, наш горад лепшым і прыгажэйшым»
На 10-й сесіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў скверу ў межах вуліц Кальварыйскай — Максіма Танка — Раманаўская Слабада плошчай амаль чатыры гектары быў прысвоены статус «Сквер 80-годдзя Перамогі». Першымі да добраўпарадкавання тэрыторыі прыклалі руку прадстаўнікі Маладзёжнага савета пры Мінгарсавеце. Яны звярнуліся да старшыні Мінскага гарвыканкама Уладзіміра Кухарава з просьбай у гонар святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ўвекавечыць подзвіг герояў вайны і выказаць падзяку ветэранам, якія адстаялі свабоду і незалежнасць нашай краіны, пасадкай алеі. Кіраўніцтва горада падтрымала ініцыятыву, а старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран далучыўся да маладзёжнай зялёнай акцыі.
«Пасля выбару падыходнага месца наша моладзь выйшла на пасадку алеі. Тады ў канцы сакавіка члены Маладзёжнага савета пры Мінгарсавеце высадзілі 50 дрэў. І сёння мы завяршаем стварэнне азелянёнай часткі — высаджваем новыя дрэвы ў скверы 80-годдзя Перамогі. Акрамя гэтага, тут яшчэ будуць рэканструяваныя дарожкі і нават устаноўлены помнік, на які цяпер аб’яўлены конкурс. Вядома, хацелася б, каб маладыя людзі разумелі той глыбінны сэнс, які закладваецца ў назве сквера. 80 гадоў прайшло, але тым не менш наша пакаленне, якое ўжо не заспела вайны, ведае пра перажыты жах і перадае наступнаму, што самае галоўнае — захаваць мір, не дапусціць фашызму».
Кіраўнік дэпутацкага корпуса сталіцы адзначыў асаблівае стаўленне да суботнікаў, правядзення акцый па добраўпарадкаванні: «Кіраўнік дзяржавы на працягу ўсяго свайго прэзідэнцтва асабіста прымае ўдзел у такіх акцыях, тым самым паказваючы добры прыклад, наколькі важна кожнаму чалавеку клапаціцца аб сваёй тэрыторыі, краіне, горадзе. Днямі я праводзіў сустрэчу з калегамі-дэпутатамі з Валгаграда, Санкт-Пецярбурга і Севастопаля. І яны выдатна разумеюць, што за адзін раз, колькі б ні было выдзелена сродкаў, якія б намаганні ні прыклаў горад, не навядзеш такую прыгажосць, якая сёння цешыць вока жыхароў і гасцей сталіцы. На самай справе гэта досыць сур’ёзная праца, таму што на працягу восеньскіх месячнікаў, вясновых суботнікаў людзі далучаюцца да работ па навядзенні парадку на зямлі, прымнажаючы гэта, робячы яшчэ лепш. І, натуральна, чалавек не будзе псаваць тое, што зрабіў сваімі рукамі, не будзе займацца нейкім вандалізмам, калі ён сам асабіста наводзіў парадак на гэтай тэрыторыі. Таму разам, пад кіраўніцтвам нашага кіраўніка дзяржавы, мы і робім нашу краіну, наш горад лепшым і прыгажэйшым».
Удзел у суботніку старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў традыцыйна прымае разам з дачкой. Ён адзначыў: калі яна была маладзейшай, то падтрымлівала маральна, але гэтым разам актыўна дапамагае ў высадцы дрэў.
«У той час, калі ў Еўропе бязлітасна руйнуюць помнікі савецкім салдатам, якія яе вызвалілі, мы прымнажаем і захоўваем памяць аб вялікім подзвігу нашага народа»
Сёння дэпутацкі корпус сталіцы і грамадскія арганізацыі высаджваюць выдатныя дрэвы для таго, каб наш горад квітнеў і зелянеў, каб жыхары маглі дыхаць чыстым і свежым паветрам. Аб гэтым заявіла старшыня Пастаяннай камісіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў па эканамічным развіцці, фінансах, бюджэце і прадпрымальніцтве Святлана Кажэкіна: «Кіраўніком дзяржавы і мэрам горада была пастаўлена задача па азеляненні нашай сталіцы. І сёння, калі ў Мінску будуецца вельмі шмат жылля, праводзіць такія мерапрыемствы па добраўпарадкаванні і азеляненні асабліва важна. Таму наша задача — зберагчы і прымножыць тыя выдатныя зялёныя насаджэнні, якія ёсць у горадзе, і, безумоўна, высадзіць новыя. Сённяшняя акцыя — гэта цудоўнае мерапрыемства, якое фактычна гуртуе людзей для таго, каб наша маладое пакаленне і жыхары горада ў цэлым радаваліся зялёным насаджэнням, маглі дыхаць выдатным, чыстым і, самае галоўнае, мірным паветрам на нашай цудоўнай беларускай зямлі».
Паводле яе слоў, адна з важных задач дэпутацкага корпуса — весці за сабой людзей, добраўпарадкоўваць населеныя пункты, раёны: «Кожны з нас, дэпутатаў, з’яўляецца адначасова альбо кіраўніком, альбо займае пэўную пасаду. І пры гэтым наша задача весці за сабой людзей. Для мяне сёлета гэта ўжо чацвёрты суботнік. Два з іх я правяла ў сваёй акрузе і ў сваім раёне. Днямі, напрыклад, з прадстаўнікамі адной з банкаўскіх устаноў і грамадскімі арганізацыямі мы высаджвалі рабінавую алею. І сёння разам з калегамі з Мінскага гарвыканкама мы робім цудоўную, выдатную справу для нашых будучых пакаленняў».
У сваю чаргу старшыня Пастаяннай камісіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў па сувязях з грамадскімі арганізацыямі, маладзёжнай палітыцы і рабоце са СМІ, старшыня Першамайскага раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Сяргей Мазоўка падкрэсліў: «Захаванне гістарычнай памяці — гэта вельмі важны складнік у гісторыі нашай дзяржавы. Без мінулага не бывае сучаснасці і будучыні. У той час, калі ў Еўропе бязлітасна руйнуюць помнікі савецкім салдатам, якія яе вызвалілі, мы прымнажаем і захоўваем памяць аб вялікім подзвігу нашага народа. Я ўпэўнены, што гэты сквер, прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі, паспрыяе перадачы з пакалення ў пакаленне сапраўднай гістарычнай памяці. Мы перамаглі, мы вызвалілі Еўропу. У свой час Георгій Канстанцінавіч Жукаў сказаў: „Мы іх вызвалілі, але яны нам гэтага ніколі не даруюць“. І сёння, гледзячы на некаторыя суседнія дзяржавы, мы гэта выдатна бачым. Мы бачым тую палітыку, якую праводзяць заходнія і еўрапейскія краіны супраць Беларусі і Расіі. Але мы выстаім і пераможам, таму што мы — нашчадкі Вялікай Перамогі, пакалення пераможцаў».
«Нашым унукам і праўнукам трэба расказваць пра тую вайну, казаць, праз якія цяжкасці прайшоў наш народ...»
У работах па добраўпарадкаванні, навядзенні парадку на зямлі актыўна прымаюць удзел мясцовыя органы ўлады, прадпрыемствы, мясцовыя жыхары. Аб гэтым расказаў кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна Валерый Вараніцкі: «Сёння мы закладваем „Алею памяці“ з 80-і дрэў, а яшчэ высаджваем бярозы, ліпы, дубы. У цэлым Цэнтральны раён горада Мінска азелянёны. У нас дастаткова шмат паркаў, сквераў, зялёных зон. Але штогод і ў вясновы, і ў восеньскі перыяды высаджваем новыя дрэвы і хмызнякі. Так, з кожным годам раён становіцца ўсё больш прыгожым, зялёным і камфортным для пражывання нашых грамадзян і гасцей сталіцы».
Перамога савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі для кожнага беларуса, для кожнага жыхара краін СНД — гэта вялікае свята, якое мы павінны памятаць і шанаваць, заявіў дырэктар ЖРЭА Цэнтральнага раёна Антон Кушнярэвіч: «І сёння, у гэты выдатны, цёплы вясновы дзень намі ўжо закладзена нямала дрэў. Нашым унукам і праўнукам трэба расказваць пра тую вайну, казаць, праз якія цяжкасці прайшоў наш народ. Зараз мы ствараем і ўпрыгожваем нашу краіну, таму хацелася б, каб кожны жыхар любога раёна горада Мінска, любога раёна Беларусі выходзіў на вуліцу, наводзіў парадак і добраўпарадкоўваў сваю краіну і сваю тэрыторыю. І толькі агульнымі сіламі мы створым нашу краіну лепшай».
Навядзенне парадку ў скверы на гэтым не заканчваецца: спецыялістамі УП «Мінскпраект» сумесна са спецыялістамі УП «Зелянбуд Цэнтральнага раёна горада Мінска» распрацаваны эскізны праект па яго добраўпарадкаванні. У цэнтральнай частцы ўстановяць помнік, эскізны праект якога цяпер прапрацоўваецца. Паводле слоў дырэктара раённага «Зелянбуда» Алега Клінцова, лаўкі ад прадпрыемстваў «пераедуць» у сквер Грыбаедава, а на гэтай тэрыторыі ўстановяць малыя архітэктурныя формы ў адзіным стылі.
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА