Top.Mail.Ru

У скарбонку ведаў — веды фінансавыя

Міністр адукацыі Андрэй Іванец і першы намеснік Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў абмеркавалі пытанні ўкаранення фінансавай асветы ў сістэму адукацыі.



Фінансавая адукаванасць даўно перастала быць навыкам, неабходным толькі эканамістам і бухгалтарам. Сёння яе вучаць у школах, абмяркоўваюць у ВНУ, а факультатывы і алімпіяды наведваюць тысячы беларускіх школьнікаў. Сумеснымі намаганнямі Нацыянальнага банка і Міністэрства адукацыі ужо быў рэалізаваны шэраг важных праектаў у гэтай галіне.

«У 2023 годзе Міністэрствам адукацыі ўпершыню ў гісторыі краіны было праведзена Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі, — адзначыў Андрэй Іванец. — Адзін з чатырох напрамкаў, па якіх вывучалася функцыянальная адукаванасць, была адукаванасць фінансавая. Ужо тады стала зразумела, што цікавасць нашых школьнікаў да гэтага напрамку вельмі высокая. Таму сумесна з Нацыянальным банкам была распрацаваная лінейка вучэбных дапаможнікаў, у першую чаргу для сярэдняй школы». А кожную восень Нацыянальны банк ужо традыцыйна праводзіць рэспубліканскую алімпіяду, у якой удзельнічаюць каля 25 тысяч школьнікаў з больш як 2 тысяч школ з ўсёй Беларусі. «Гэта сведчыць аб тым, што сфера развіваецца, і выкладанне фінансавай адукаванасці ў школах праз 5-10 гадоў можа стаць такой жа штодзённай з’явай, як заняткі па рускай мове або фізічнай культуры», — адзначыў Аляксандр Ягораў.

Паводле яго слоў, абмяркоўваецца магчымасць запуску серыі розных публікацый і матэрыялаў на Дзіцячым прававым партале. Яны будуць разлічаны як на вучняў, так і на іх бацькоў — каб павышаць узровень фінансавай пісьменнасці ўсёй сям’і. «У бацькоў не было такіх урокаў, але калі яны разам з дзецьмі разбіраюць падобныя заданні, то і самі атрымліваюць новыя веды».

Аляксандр Ягораў таксама нагадаў, што ў План дзеянняў па павышэнні фінансавай адукаванасці насельніцтва на 2025-2030 гады закладзены не толькі адміністрацыйныя і адукацыйныя мерапрыемствы, але і асветніцкія, медыйныя праекты, а таксама тлумачальная работа з людзьмі. Прыярытэты перамяшчаюцца ў бок лічбавых фарматаў і практычнай карысці. У навучальныя праграмы ўжо актыўна ўкараняюцца інавацыі — напрыклад, модулі па выкарыстанні кампетэнцый штучнага інтэлекту.

Ужо сёння, паводле слоў Андрэя Іванца, на пастаяннай аснове факультатывы па фінансавай адукаванасці наведваюць каля 6 тысяч школьнікаў, што садзейнічае не толькі павышэнню іх ведаў у гэтай галіне, але і больш усвядомленаму выбару будучай прафесіі. Вядзецца таксама распрацоўка і ўкараненне сістэмных праграм павышэння кваліфікацыі педагогаў. І супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і Нацыянальнага банка на гэтым не абмяжоўваецца. Ужо сёлета плануецца пачаць стажыроўкі прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыі, якія рыхтуюць спецыялістаў у сферы фінансаў і банкаўскіх паслуг, у камерцыйных і нацыянальных банках. Бо важна не толькі тэорыя, але і практыка, і абнаўленне адукацыйных праграм з улікам сучасных рэалій.

Аміна Назарава

Чытайце таксама: Акцэнты Мінскага гарадскога адукацыйнага форуму педагагічных работнікаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю