Праз некалькі дзён краіна адзначыць адно з самых важных, значных і ў той жа час душэўных свят — Дзень настаўніка. Настаўнік — гэта не толькі пра веды, якія ён дае нашым дзецям. Гэта пра тое, што ён разам з намі гадуе іх, выхоўвае і робіць усё, каб кожны выпускнік знайшоў сваё месца ў жыцці.
— Асабліва важна, каб настаўнік адчуваў дзяцей, жыў іх праблемамі штодня, — лічыць міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ. — Прычым гэта тычыцца абсалютна ўсіх, нягледзячы на тое, што ва ўстановах адукацыі ёсць і сацыяльныя педагогі, і педагогі-псіхолагі. Мы пастаянна паўтараем: кожны настаўнік, які заходзіць у клас, павінен паглядзець у вочы вучню і разумець, чым той жыве. Толькі так, разам, можна выхаваць сапраўднага грамадзяніна нашай краіны. Хоць у наступным часе адукацыйная траекторыя можа быць рознай: хтосьці атрымае рабочую прафесію, хтосьці — сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю, але кожны павінен стаць чалавекам з вялікай літары, карысным для сваёй Радзімы.
На думку міністра, у краіне створаны ўсе ўмовы, каб забяспечыць адукацыю на высокім якасным узроўні для кожнага навучэнца. Рэспубліка ў ліку сусветных лідараў па колькасці навучэнцаў на аднаго настаўніка. У нас гэтая лічба складае 10-11 вучняў, сусветная ж — 25.
— Для таго, каб забяспечыць школы педагагічнымі кадрамі, у Беларусі выбудавана эфектыўная сістэма іх падрыхтоўкі, — сказаў міністр. — На ўзроўні вышэйшай адукацыі настаўнікаў рыхтуюць 20 ВНУ краіны. У гэтым годзе яны прынялі практычна 4 тысячы першакурснікаў, якія ў далейшым стануць настаўнікамі. Педагагічныя кадры таксама рыхтуюць 19 каледжаў, якія сёлета прынялі больш за 3 тысячы навучэнцаў. Такім чынам, штогод установы адукацыі папаўняюцца больш як 5 тысячамі маладых спецыялістаў.
Укамплектаванасць школ кадрамі фактычна набліжаецца да 100 %. Колькасць настаўнікаў пенсійнага ўзросту ў апошнія гады знаходзіцца на невысокім стабільным паказчыку — каля 11%. Сёння кожны пяты педагог краіны мае стаж да 10 гадоў. Гэта тыя людзі, якія, па сутнасці, толькі ўваходзяць у прафесію. І перадача ім вопыту, як лічыць Андрэй Іванец, — вельмі важны момант.
— Прыемна адзначыць, — працягнуў кіраўнік адукацыйнага ведамства, — што дзякуючы створаным камфортным умовам працы ў нашых школах замацоўвальнасць маладых спецыялістаў складае больш за 70 %. А ў некаторых рэгіёнах гэтая лічба дасягае 90-95 %.
Паведаміў міністр адукацыі і пра тое, што яго хвалюе ў выкладанні некаторых прадметаў.
— У першую чаргу — настаўнікі фізікі і матэматыкі. У рэгіёнах доля працуючых педагогаў пенсійнага ўзросту па дадзеных прадметах некалькі вышэй агульнага паказчыка. Для вырашэння пытання мы ўжо з гэтага навучальнага года прымалі без экзаменаў на педагагічныя спецыяльнасці выпускнікоў інжынерных класаў. Мяркуем, што ў далейшым гэта павінна даць свой вынік, — сказаў міністр і агучыў яшчэ адзін важны аспект. — У апошнія гады ў Беларусі істотна нарасцілі прыём на педагагічныя спецыяльнасці — прыкладна на 50 %. У БДУ, напрыклад, настаўнікаў фізікі і хіміі будуць навучаць адпаведна на фізічным і хімічным факультэтах.
На думку кіраўніка ведамства, неабходна зрабіць усё магчымае, каб падрыхтоўка будучых настаўнікаў праходзіла ў звязцы з дзейнасцю ўстаноў адукацыі — таму, пачынаючы з першага курса, у студэнтаў пачнецца азнаямленчая практыка, і да выпускнога курса яны ўжо будуць мець вопыт педагагічнай работы. Акрамя таго, да моманту заканчэння ўніверсітэта ў выпускнікоў не будзе пытанняў, у якія школы размеркавацца: яны ўжо будуць мець і працоўнае месца, і камфортны працоўны калектыў.
Алена ВІНАГРАДАВА