Top.Mail.Ru
119

У сетцы ТікТок завірусілася тэма вывазу смецця ў Мінску

Сталіца ў смецці не патоне

Карыстальнікі пачалі скардзіцца, што пасля цыклону смецце не вывозіцца альбо работа выконваецца не цалкам, быццам прыбіраецца яно не з усіх кантэйнераў ці што застаюцца шматлікія пакеты, каробкі, якія нанеслі жыхары пасля зімовых свят. Хтосьці наракае на вадзіцеляў смеццявозаў, другія згадваюць, што перакінуць пакеты ў кантэйнеры — гэта абавязак дворнікаў, а трэція звяртаюцца да суседзяў, што няма ніякіх праблем у тым, каб самастойна смецце занесці ў бакі, а не выстаўляць яго па перыметры, і нагадваюць простае правіла: «Чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць». Некаторыя карыстальнікі яшчэ і наракаюць на жыхароў, якія часам проста лянуюцца падымаць вечкі бакаў. Пасля зімовых свят і завірухі людзі заўважаюць, што праблема ўскладнілася, і хвалююцца, ці не занесла палігон, дзе прымаюцца адходы, снегам.

Чаму «смеццевая» тэма стала такой папулярнай, мы паспрабавалі высветліць падчас выязной прыёмнай, якая прайшла ў сталічным Партызанскім раёне. Як патлумачыла намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні, санітарным утрыманні жыллёвага фонду дзяржаўнага аб’яднання «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Кацярына Алёхіна, праблема з вывазам смецця вядомая, робіцца ўсё магчымае для яе вырашэння: «Прайшоў моцны снегапад, які па вышыні насыпанага снегу пераўзышоў „Хаўер“. Усе бачылі, як пасля цыклону былі засыпаны вуліцы і двары, рух тэхнікі ўскладняўся. Дваровыя праезды абмежаваны: вялікі аб’ём снегу, адвалы з яго. Прыпаркаваныя ў дварах машыны жыльцоў перашкаджалі вялікай тэхніцы як заехаць прыбраць снег, так і дабрацца да кантэйнераў са смеццем». Кацярына Віктараўна падзякавала жыхарам, якія добраахвотна выйшлі дапамагаць работнікам камунальнай службы з прыборкай снегу, была зроблена каласальная справа. Але зіма пакуль яшчэ не дае расслабіцца. Каб вырашыць праблему са смеццем, калектывы працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, падаўжаецца працоўны дзень, выстаўляюцца дадатковыя экіпажы. Дзякуючы мабілізацыі работнікаў, у найбліжэйшы час праблема са смеццем будзе вырашана. Пастаўлена задача як мага хутчэй вывезці ўсё і выйсці на звычайны графік, які збіўся пасля цыклону. Пры гэтым вырашаюцца і пытанні асобнага збору адходаў, па змесціва шэрых і жоўтых кантэйнераў могуць прыязджаць розныя машыны.

Што тычыцца работы палігона, смеццеперапрацоўчага завода, праблем не было. Смеццявозы ў неспакойны зімовы час ён прымаў круглыя суткі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю