Палац Незалежнасці ў чарговы раз расчыніў свае дзверы для прадстаўніц прыгожага полу.
Экскурсія прайшла ў рамках маштабнага праекта «Мы розныя, але мы адзіныя», арганізаванага Беларускім саюзам жанчын. З просьбай пабываць у Палацы Незалежнасці прадстаўніцы БСЖ звярнуліся да Прэзідэнта. Так дэлегацыі мілых дам з кожнага кутка краіны атрымалі такую ўнікальную магчымасць — асабіста дакрануцца да сімвала беларускай дзяржаўнасці.
Разам мы — Беларусь
Сюды імкнуцца патрапіць многія — як грамадзяне нашай краіны, так і замежныя госці, і кожны візіт суправаджаецца асаблівымі перажываннямі. А ў Год беларускай жанчыны такая магчымасць — пабываць у Палацы Незалежнасці — для прадстаўніц прыгожага полу асабліва сімвалічная.

Падкрэслівае ролю жанчын у развіцці дзяржавы, служыць напамінам аб тым, што іх уклад цэніцца і прызнаецца на самым высокім узроўні, і праект «Мы розныя, але мы адзіныя». На працягу некалькіх месяцаў Палац Незалежнасці будзе прымаць дэлегацыі ад кожнай вобласці. А яго цэнтральны элемент — пано ў выглядзе контураў геаграфічных межаў Беларусі — наведвальніцы паступова напоўняць сваімі фатаграфіямі і пажаданнямі для краіны і Прэзідэнта. Гэты арт-аб’ект, які атрымаў назву «Карта адзінства», паслужыць зборнай выявай нашай суайчынніцы, беларускай жанчыны.
Першымі ўдзельніцамі сталі гамяльчанкі, ужо паспелі прайсці па залах Палаца і пакінуць свой след у гісторыі праекта і жанчыны Брэстчыны. А сёння эстафету прынялі прадстаўніцы Гродзенскай вобласці. Усяго каля 100 прыгажунь розных узростаў, прафесій і сфер дзейнасці рэгіёна — усе яны штодня робіць уклад у развіццё краіны на вытворчасці, у адукацыі, медыцыне і культуры, адзначыла Ірына Сцепаненка, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын»:
— Столькі, колькі зрабіў для жанчын наш Прэзідэнт, не зрабіў, напэўна, ніводны кіраўнік ні ў адной краіне свету. Столькі прэферэнцый, уважлівае стаўленне — такая асаблівая ўвага ёсць толькі ў нас, у Рэспубліцы Беларусь. Таму ідэя з жаночымі вобразамі на карце Беларусі ў Год беларускай жанчыны, мне здаецца, дарагога варта,— падкрэсліла Ірына Сцепаненка.
«Чым далей, тым цікавей»
Пачалося знаёмства актывістак БСЖ з Палацам Незалежнасці з самай прасторнай Залы ўрачыстых цырымоній — менавіта тут праходзяць інаўгурацыі, прыёмы замежных паслоў і найважнейшыя дзяржаўныя нарады. Пра прадуманасць дызайну і інтэр’ера, асаблівасці афармлення залаў, выкарыстанне ў іх беларускай сімволікі па традыцыі экскурсантам расказваюць тут. Але спачатку — прывітанне ад імя кіраўніка дзяржавы. Дарэчы, менавіта па ініцыятыве Прэзідэнта Палац Незалежнасці сёння адчынены для наведвальнікаў.

Сваімі ўражаннямі падзялілася Святлана Грыневіч, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Племзавод „Рось“»: «Я першы раз у Палацы Незалежнасці. Усё тут вельмі годнае, прыгожае, маштабы ўражваюць. Шыкоўныя люстры, беларускі арнамент... Прывязу дадому яркія эмоцыі і ўражанні».
Анжаліка Вельб, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце камунальнага сельскагаспадарчага унітарнага прадпрыемства «Доцішкі», прызнаецца: пад уражаннем пакінула Зялёная зала, вядомая тым, што менавіта ў ёй у 2015 годзе прайшла большая частка няпростых перагавораў «нармандскай чацвёркі» — прэзідэнтаў Расіі, Украіны, Францыі і канцлера Германіі. «Але ўвогуле ўражвае кожная зала — яны нікога не пакідаюць абыякавым, і чым далей, тым цікавей, — падкрэсліла Анжаліка Вельб. — Вялікі дзякуй Прэзідэнту і Беларускаму саюзу жанчын за магчымасць наведаць Палац Незалежнасці. Ідэя сапраўды надзвычайная — мы, людзі вёскі, жывем далёка ад сталіцы, таму мець магчымасць пабываць не толькі ў Мінску, але і ў самім Палацы — гэта дарагога варта, падкрэслівае значнасць і важнасць жанчын у нашай дзяржаве».
«Усё тут роднае, сваё, беларускае»
Госці знаёміліся з інтэр’ерамі, даведваліся гісторыю кожнага памяшкання, рабілі фатаграфіі на памяць. Усё гэта, як і падобныя экскурсіі ў цэлым, садзейнічае ўмацаванню сувязі паміж грамадствам і дзяржавай, дазваляе на свае вочы ўбачыць месца, дзе прымаюцца найважнейшыя дзяржаўныя рашэнні, адзначыла Наталля Грасевіч, старшыня Слонімскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын», якая таксама наведала Палац упершыню:
— Сёння для жанчыны, калі яна хоча працаваць і развівацца, створаны самыя цёплыя, я б сказала, нават цяплічныя ўмовы. Жадаеш вучыцца — калі ласка, вучыся, атрымлівай адукацыю. Хочаш гадаваць дзяцей — ёсць дапамогі, дзіцячыя сады... Для жанчын адчыненыя абсалютна любыя дзверы, — падзялілася Наталля Грасевіч. — Пакуль яшчэ толькі спрабую ўсвядоміць, што знаходжуся тут, у такім значным месцы. Канешне, эмоцыі перапаўняюць. Найперш — гонар за сваю краіну, за тое, што ў нас такі цудоўны Палац Незалежнасці. І самае галоўнае: амаль усё ў ім зроблена з беларускіх матэрыялаў, нашымі людзьмі. Для мяне гэта стала адкрыццём — думала, што ўсё ж прыцягвалі замежных архітэктараў, іх праекты. А ўсё тут роднае, сваё, беларускае.

Увагу экскурсантаў прыцягнула і выстаўка «Геаграфія дружбы». У ёй сабраны памятныя прадметы, якія нашаму Прэзідэнту ў розныя гады ўручалі кіраўнікі іншых дзяржаў — падчас афіцыйных візітаў, сустрэч і перагавораў. Увогуле ўдзельніцы экскурсіі не хавалі свайго захаплення: абстаноўка ўражвае ўрачыстасцю і бездакорным густам. Гэта лішні раз нагадвае, што Беларусь славіцца сваімі ўмельцамі, здольнымі ствараць сапраўдныя шэдэўры.
У згодзе і міры
Дарэчы, сімвалам праекта «Мы розныя, але мы адзіныя» стала беларуская выцінанка — традыцыйны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які сімвалізуе сувязь пакаленняў і нацыянальную ідэнтычнасць нашага народа. І сёння жанчыны Гродзеншчыны прывезлі ў Палац Незалежнасці нематэрыяльную спадчыну свайго рэгіёна — выцінанку-выбіванку:
— Гэта старажытнае рамяство, якое характэрна толькі для Навагрудскага раёна. Бярэцца шчыльны ліст паперы, на ім робіцца малюнак, і потым кожная яго дэталь, кожны элемент выбіваецца долатам. Затым папера разгортваецца і атрымліваецца адзіны сюжэт, — расказала Святлана Каралько, старшыня Навагрудскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын». — Сёння мы прывезлі сюжэт з ручніком, на якім намаляваны сімвалы міру і дабра — галубы. А яшчэ гэта сімвал нашай вялікай дружнай беларускай сям’і, таго, што мы жывём у міры, згодзе і далей будзем жыць гэтак жа.

Разам з тым, выявы тых, хто падзяляе каштоўнасці міру і стварэння, на агульнай сімвалічнай карце Беларусі застануцца ў Палацы Незалежнасці як напамін пра ролю беларускай жанчыны ў лёсе і гісторыі нашай краіны.
Аміна НАЗАРАВА
Фота аўтара