Акцыя «Цягнік Памяці» — сумесны беларуска-расійскі патрыятычны культурна-асветніцкі праект, ініцыяваны кіраўнікамі верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі. Асноўная яго мэта — патрыятычнае выхаванне і аб’яднанне моладзі розных краін, захаванне гістарычнай памяці аб подзвігу брацкіх народаў у Вялікай Айчыннай вайне. Сёлета ўжо больш за 12 тысяч беларускіх школьнікаў падалі заяўкі на ўдзел.
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА адзначыла, што праект, які сёлета будзе рэалізоўвацца ў пяты раз, носіць сур’ёзны характар. «Ініцыятыва яго арганізацыі была падтрымана Прэзідэнтамі Беларусі і Расіі, усімі дзяржаўнымі органамі, — дадала спікер. — На працягу паўмесяца дзеці праязджаюць гарады Беларусі і Расіі, знаёмяцца з гісторыяй, наведваюць памятныя мясціны, якія звязаны з Вялікай Айчыннай вайной. Яны знаёмяцца адно з адным». Наталля Качанава падзякавала арганізатарам праекта, заўважыўшы, што высокая ацэнка была дадзена самімі яго ўдзельнікамі.
За чатыры гады існавання праекта 800 дзяцей розных нацыянальнасцяў — прадстаўнікоў народаў-пераможцаў, якія змагаліся з нацызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны, ажыццявілі падарожжа па дарогах вайны. У стартавым складзе 2022 года былі ўдзельнікі толькі з Расіі і Беларусі, а ў 2025 годзе ў патрыятычнай акцыі паўдзельнічалі прадстаўнікі ўжо 15 былых рэспублік Савецкага Саюза.
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандр ЛУК’ЯНАЎ расказаў, што для многіх маладых людзей ва ўзросце 15–17 гадоў «Цягнік Памяці» — тая акцыя, да якой яны вельмі хочуць далучыцца.
«Штогадовая акцыя „Я патрыёт сваёй краіны“, арганізаваная Міністэрствам адукацыі, аб’ядноўвае ў літаральным сэнсе тысячы хлопцаў і дзяўчат, якія хочуць стаць пасажырамі „Цягніка Памяці“, — дадаў ён. — Выдатна, што ў дзяцей ёсць магчымасць у рамках рэалізацыі гэтага праекта расказаць не толькі сваю асабістую гісторыю, гісторыю Перамогі і подзвігу сваіх родных і блізкіх, але і падзяліцца гісторыяй роднага краю, бо геаграфія ўдзельнікаў праекта „Цягнік Памяці“ кожны год пашыраецца. Праз гэты праект Рэспубліка Беларусь паказвае свой турыстычны, патрыятычны патэнцыял. Гэта сапраўды магчымасць улюбіцца ў нашу краіну».
Аляксандр Лук’янаў адзначыў, што важным пацвярджэннем эфектыўнасці праекта стаў упершыню праведзены ў мінулым годзе ваенна-патрыятычны форум, на які прыехалі сотні юнакоў і дзяўчат з усіх куткоў краіны. Сярод іх і беларускія ўдзельнікі культурна-адукацыйнага праекта «Цягнік Памяці»: «Хлопцы і дзяўчаты дзяліліся сваімі эмоцыямі, уражаннямі. Для іх удзел у акцыі стаў білетам у жыццё. Яны гэтым ганарацца. Для нас гэта сур’ёзнае дасягненне. Праз такі праект мы бачым, якой будзе наша будучыня. Будучыня якраз закладзена ў дзецях».
Яна ВАЛАСАЧ