«Будаваць будучыню без войнаў і катаклізмаў»
Сёлетні беларуска-расійскі культурна-адукацыйны праект «Цягнік Памяці», які накіраваны на захаванне гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне і ўцягванне моладзі ў вывучэнне гераічнага мінулага, адзначае сваё пяцігоддзе. Юбілейны рэйс стартуе 22 чэрвеня з Брэста, а фінішуе 4 ліпеня ў Мінску.
Ініцыятарамі маштабнага міжнароднага праекта выступаюць Савет Рэспублікі і Савет Федэрацыі. За гады правядзення праект стаў сімвалам адзінства брацкіх народаў і важнай пляцоўкай для дыялогу моладзі з розных краін постсавецкай прасторы.
Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік, сёння ў бакоў ёсць магчымасць зверыць гадзіннікі, канчаткова ўзгадніць праграму і ўсе пытанні, якія звязаны з падрыхтоўкай, арганізацыяй і правядзеннем гэтай найважнейшай ініцыятывы: «Праект ствараўся з мэтай захавання памяці аб тых гераічных і трагічных старонках гісторыі, калі мы разам адстойвалі свабоду і незалежнасць. Сёння ён трывала ўпісаны ў наш парадак міжпарламенцкага супрацоўніцтва. Гэта наглядны ўрок гісторыі для моладзі і яшчэ адзін яркі прыклад, які пацвярджае, наколькі глыбока і моцна нашы краіны звязваюць агульныя мэты».
«З году ў год „Цягнік Памяці“ прыцягвае на сваю арбіту новых аднадумцаў, пашырае геаграфію краін-удзельніц. Але самае галоўнае — праект выклікае глыбокія пачуцці, эмоцыі, дапамагае моладзі згуртавацца і знайсці сяброў на доўгія-доўгія гады», — звярнуў увагу старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі.
Сёлета рэалізацыя праекта, паводле слоў парламентарыя, важная ўдвая, паколькі яна азнаменавана 85-й гадавінай пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 5-гадовым юбілеем ініцыятывы. Сяргей Алейнік дадаў, што агульная колькасць удзельнікаў выйдзе на рэкордную тысячную мяжу. «Гэта прадугледжвае асаблівую адказнасць, — перакананы старшыня Пастаяннай камісіі. — „Цягнік Памяці — 2026“ павінен стаць асаблівай, запамінальнай для моладзі падзеяй. Таму беларускім бокам прыняты ўсе неабходныя для гэтага меры».
У размове з журналістамі па выніках пасяджэння аргкамітэта член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінскага гарвыканкама Аляксандр Лук’янаў адзначыў рэкордную колькасць заявак, якія падалі маладыя людзі для ўдзелу ў праекце.
«Нам імпануе і тое, што з кожным годам краіны-ўдзельніцы пашыраюць сваё прадстаўніцтва. Калі ў пачатку праект быў у фармаце Саюзнай дзяржавы, то сёлета да яго падключацца і краіны Антыгітлераўскай кааліцыі. Безумоўна, такога маштабу праекты патрабуюць вельмі дбайнай падрыхтоўкі, і ўжо на працягу некалькіх месяцаў ідзе актыўная работа арганізацыйнага камітэта», — паведаміў Аляксандр Лук’янаў.
Ён дадаў, што праект «Цягнік Памяці» — гэта ўнікальная ініцыятыва. «У яе аснове ляжыць самая галоўная мэта — фарміраванне кадраў будучыні, моладзі будучыні, тых людзей, якія на аснове гістарычнага вопыту і дасягненняў продкаў будуць наладжваць сваё далейшае ўзаемадзеянне, набліжаючы нашы краіны адна да адной. І мы разлічваем, што нашы маладыя людзі будуць будаваць будучыню без войнаў і катаклізмаў, на аснове міру, згоды і сяброўства», — рэзюмаваў парламентарый.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА