У аснове — эканамічны складнік
У чацвер у Савеце Рэспублікі адбылася сустрэча з дэлегацыяй Рэспублікі Малі пад кіраўніцтвам віцэ-прэзідэнта Камісіі нацыянальнай абароны, бяспекі і грамадзянскай абароны нацыянальнага пераходнага савета Рэспублікі Малі Фусейнам Уатарам. На ёй бакі абмеркавалі пытанні далейшага двухбаковага супрацоўніцтва.
«Палітычна мы заўсёды нацэлены на тое, каб сябраваць, супрацоўнічаць, і каб гэта супрацоўніцтва было ўзаемавыгадным»
Звяртаючыся да прадстаўнікоў дэлегацыі, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падкрэсліла, што беларускі бок нацэлены на канструктыўнае супрацоўніцтва. «Сёння Прэзідэнт нашай краіны шмат гаворыць пра тое, як мы павінны працаваць і супрацоўнічаць з краінамі Афрыкі. Калісьці кіраўнік дзяржавы сказаў, што будучыня за Кітаем. Так і атрымалася: цяпер Кітай — магутная, наймацнейшая краіна. Зараз Аляксандр Рыгоравіч гаворыць аб тым, што будучыня за Афрыкай, — прывяла словы беларускага лідара Наталля Качанава. — І вы ведаеце, што мы цяпер сапраўды вельмі плённа працуем па ўсіх напрамках».
Паводле слоў спікера, урад цяпер распрацоўвае праграму супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі на 2026—2030 гады. Акрамя таго, Прэзідэнт Беларусі нядаўна наведаў шэраг афрыканскіх краін і заўсёды асабіста сустракаецца з дэлегацыямі. «І мы бачым, што гэта супрацоўніцтва сёння дае вынікі», — звярнула ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі. У якасці станоўчага прыкладу міжнароднага супрацоўніцтва Наталля Качанава прывяла Зімбабвэ. Паводле яе слоў, цяпер рэалізуецца трэцяя праграма механізацыі гэтай краіны — туды пастаўляецца беларуская сельскагаспадарчая тэхніка.
Раней дэлегацыя наведала шэраг буйных машынабудаўнічых прадпрыемстваў нашай краіны. У сувязі з гэтым Наталля Качанава падкрэсліла, што Беларусь з’яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком сельскагаспадарчай тэхнікі, прадуктаў харчавання і гатовая да супрацоўніцтва. «Сёння Беларусь пастаўляе сельскагаспадарчую прадукцыю ў 116 краін свету», — канкрэтызавала спікер, дадаўшы, што летась наша краіна дасягнула рэкорднага аб’ёму паставак харчавання і сельгассыравіны на суму 10 мільярдаў долараў.
«Мы разумеем, што ў аснове нашага супрацоўніцтва ляжыць эканамічны складнік, эканоміка. Але не толькі. Палітычна мы заўсёды нацэлены на тое, каб сябраваць, супрацоўнічаць, і каб гэта супрацоўніцтва было ўзаемавыгадным. Для нас, парламентарыяў, вельмі важна супрацоўніцтва па парламенцкай лініі, — акцэнтавала Наталля Качанава. — У нас з краінамі Афрыкі створаны і ўжо працуюць у Нацыянальным сходзе 7 груп дружбы». Спікер выказала ўпэўненасць, што сустрэча стане своеасаблівым пунктам адліку для супрацоўніцтва парламентарыяў Беларусі і Малі ва ўсіх сферах: эканоміцы, прамысловасці, бізнесе, парламенцкай і міжнароднай дзейнасці.
«Выбудоўваць адносіны на сумленнай, раўнапраўнай і ўзаемавыгаднай аснове»
У размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік расказаў, што падчас сустрэчы бакі абмеркавалі канкрэтныя кірункі супрацоўніцтва. «Гэта першы візіт па парламенцкай лініі з гэтай краінай. Мы дамовіліся аб падрыхтоўцы міжпарламенцкага пагаднення, якое створыць рамкі для развіцця нашага ўзаемадзеяння ў розных сферах: і ў эканоміцы, і ў сацыяльна-гуманітарнай сферы. Дамовіліся напрацаваць канкрэтныя праекты па прасоўванні нашай сельскагаспадарчай, грузавой, пасажырскай і кар’ернай тэхнікі, у якой ёсць патрэба ў гэтай краіны. Ну і, вядома, харчовы кошык: прадукты харчавання, малочная і мясная прадукцыя, якая вырабляецца ў нашай краіне, таксама ўяўляе цікавасць для Малі», — пералічыў Сяргей Алейнік. Акрамя таго, бакі дамовіліся развіваць супрацоўніцтва на міжнародных міжпарламенцкіх пляцоўках.
Віцэ-прэзідэнт Камісіі нацыянальнай абароны, бяспекі і грамадзянскай абароны нацыянальнага пераходнага савета Рэспублікі Малі Фусейн Уатара звярнуў увагу на тое, што сёння ў Рэспубліцы Малі актыўна развіваецца горназдабыўная прамысловасць. Таму іх бок зацікаўлены ў супрацоўніцтве з нашымі прамысловымі прадпрыемствамі, у пастаўках беларускай тэхнікі. «Хочам наладзіць адносіны, каб мы маглі працаваць без пасрэднікаў», — рэзюмаваў афрыканскі госць.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Савета Рэспублікі