Top.Mail.Ru

У Савеце Рэспублікі адбылося ўрачыстае закрыццё X Міжнароднага культурна-адукацыйнага форуму «Дзеці Садружнасці»

«Быць вартымі гісторыі сваіх краін».


Міжнародны культурна-адукацыйны форум «Дзеці Садружнасці» добра сябе зарэкамендаваў, звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава: «За гады правядзення ён аб’яднаў 800 маладых людзей з розных краін, якія сёння сябруюць і супрацоўнічаюць. Я спадзяюся, што вы павязеце адсюль часцінку цеплыні і дабрыні нашага беларускага народа, які бязмерна любіць сваіх сяброў, які ўмее сябраваць і разумее, што такое міралюбная палітыка». 


Наталля Качанава нагадала, што форум «Дзеці Садружнасці» Беларусь прымае ўпершыню. Асабліва сімвалічна, што ён праходзіць у год 80-годдзя Вялікай Перамогі: «Гэты год асаблівы для нас. У нас агульная гісторыя, якая нас аб’ядноўвае. У Беларусі, як і ў вашых краінах, свята шануюць памяць пра тых, хто змагаўся за свабоду і незалежнасць. Нашы вуліцы названы ў гонар герояў, у нас ёсць памятныя знакі і мемарыялы. Беларусь, як я ўжо казала на адкрыцці форуму, — гэта жывы помнік той вайне, і вы ў гэтым змаглі пераканацца самі. Мы павінны быць вартымі гісторыі сваіх краін. Гісторыю трэба захоўваць, берагчы і перадаваць з пакалення ў пакаленне. Вы — нашчадкі пераможцаў, вашы продкі рабілі ўсё для таго, каб мы жылі адзінай сям’ёй, жылі дружна».

1752581808328.jpg

Спікер прызналася, што сачыла за знаходжаннем удзельнікаў форуму ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» і атрымлівала інфармацыю аб тым, як праходзяць сустрэчы і мерапрыемствы: «Мы пастараліся зрабіць так, каб вам было цікава. Кожны дзень быў прысвечаны вашым краінам, вы змаглі пазнаёміць адзін аднаго са сваімі культурай і традыцыямі. І я спадзяюся, што тое сяброўства, якое завязалася ў вас за гэтыя дні, вы пранясеце праз усё сваё жыццё».

  • Наталля Качанава расказала ўдзельнікам форуму пра дзейнасць Савета Рэспублікі, а таксама падкрэсліла важнасць міжпарламенцкага супрацоўніцтва, згадаўшы, што Беларусь з’яўляецца членам 42 міжнародных арганізацый, уключаючы міжпарламенцкую Асамблею дзяржаў — удзельніц СНД. 
Затым удзельнікі форуму пачалі задаваць самыя розныя пытанні. Па выніку сустрэча ператварылася ў ажыўленую размову. Пыталіся дзеці і пра гістарычныя мясціны Беларусі, і пра тое, якімі якасцямі павінен валодаць сапраўдны лідар. Спыталі і аб тым, якім чынам у Беларусі ўдалося захаваць найлепшую савецкую спадчыну і чаму людзі не хочуць адсюль з’язджаць.
«Калі ўсе мы апынуліся на развалах Савецкага Саюза, было незразумела, што будзе далей. І нам сапраўды пашанцавала, што 30 гадоў таму мы выбралі такога Прэзідэнта. Тады беларускі народ прыняў мудрае рашэнне. І наш Прэзідэнт не адкінуў нічога з таго добрага, што было пры Савецкім Саюзе. Ён прымаў правільныя рашэнні, нягледзячы на найскладанейшую сітуацыю.. Ён рабіў усё, каб захаваць найлепшае. Ён зрабіў стаўку на народ, адразу склікаўшы Усебеларускі народны сход, каб параіцца з людзьмі. „Адвесці краіну ад бездані“ — пад такім лозунгам праходзіў гэты Усебеларускі народны сход. І наш Прэзідэнт разумеў, што прамысловыя прадпрыемствы трэба захаваць, чаго б гэта ні каштавала. Ён не дазволіў аддаць іх у прыватную ўласнасць, а жадаючых займець іх было тады вельмі шмат, — прыгадала Наталля Качанава гісторыю незалежнай Беларусі. — Да таго ж, Прэзідэнт зрабіў стаўку на сельскую гаспадарку. Ён разумеў: трэба накарміць свой народ. І сёння мы можам забяспечыць прадуктамі харчавання яшчэ дзве з паловай такіх жа Беларусі. Летась экспарт прадуктаў харчавання склаў 9 мільярдаў долараў. У нас сучасныя малочна-таварныя комплексы, і сёння мы актыўна пастаўляем сваю прадукцыю ў многія краіны свету... А яшчэ, што вельмі важна, мы заўсёды шанавалі памяць тых, хто абараняў нашу краіну, хто аднаўляў яе пасля ваеннага ліхалецця. Нягледзячы ні на што мы захоўвалі гэтыя традыцыі, свята шанавалі памяць тых, хто абараніў нашу свабоду і незалежнасць». 
Палітыка беларускай дзяржавы, паводле слоў Старшыні Савета Рэспублікі, накіравана перш за ўсё на людзей: «Прэзідэнт заўсёды нам кажа, што самае галоўнае — людзі. Ён бязмерна любіць свой народ. Ён жорстка патрабуе ад службовых асоб, таму што мы абавязаны рабіць усё для таго, каб людзі жылі ў спакоі, міры, чысціні, парадку і мелі ўсе магчымасці для таго, каб і дзеці жылі так. А што датычыцца знешняй палітыкі, — гэта толькі міралюбнасць, гэта толькі супрацоўніцтва і рашэнне мірным шляхам усіх праблем, якія існуюць». 

Пасля ажыўленай размовы ўдалося пазнаёміцца і з удзельнікамі форуму. Яны падзяліліся сваімі ўражаннямі, распавялі, што больш за ўсё ім запомнілася ў Беларусі. Так, удзельніца з Казахстана Цілеўхан Шугыла засталася пад вялікім уражаннем пасля наведвання Хатыні: «Мне хацелася плакаць, гучала шмат сумных гісторый. Напрыклад, пра тое, як маленькую дзяўчынку выкарыстоўвалі ў якасці донара ці як у дзядулі на руках памёр сын. Мы ведаем, што Беларусь вельмі пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Калі мы наведалі музей у Хатыні, у нашых вачах Беларусь стала яшчэ вышэй. Добра адучаваецца тое, як у вашай краіне людзі хочуць захаваць сваю гісторыю і зрабіць так, каб іх продкі ганарыліся імі». Акрамя таго, удзельніцу з Казахстана ўразіла, наколькі гарманічна ў Беларусі спалучаюцца сучаснасць і прырода.

Тилеухан Шугыла.jpg

Удзельнік форуму з Расіі Арцемій Запоеў асабліва адзначыў канцэртную праграму ўсіх краін, прадстаўнікі якіх дэманстравалі сваю культуру, спявалі песні, танцавалі. На яго думку, гэты форум вельмі карысны для дзяцей з краін Садружнасці: «Мне сталі вельмі блізкія ўсе нашы краіны, я даведаўся пра іх шмат новага. Мы парадніліся з усімі ўдзельнікамі, хочацца сябраваць з імі і далей. Беларусь мне спадабалася сваёй сонечнасцю, цяплом, прыродай. Вельмі шмат паркаў, цікавая архітэктура. 

Артемий Запоев.jpg

І народ вельмі добры, гасцінны — гэта таксама вельмі прыемна». Сваім суайчыннікам Арцемій парэкамендаваў пазнаёміцца з усімі славутасцямі беларускай сталіцы, пагуляць па лясах і парках краіны. Ён пераканаўся — у нашай краіне усё вельмі прыгожа.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ,
Фота Лізаветы ГОЛАД.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю