Top.Mail.Ru

У Савеце Рэспублікі абмеркавалі ключавыя акцэнты правядзення Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

«Самае галоўнае — эканоміка»


Менш за паўгода застаецца да пачатку XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, асноўным месцам правядзення якога стануць Мінск і Мінская вобласць. Форум будзе праходзіць 25 і 26 чэрвеня, і яго галоўная тэма — «Эканамічнае ўзаемадзеянне рэгіёнаў як аснова паспяховага развіцця Беларусі і Расіі». Фармат традыцыйны: пленарнае пасяджэнне і работа профільных сесій. Але чым яшчэ будзем здзіўляць гасцей і якімі тэмпамі ідзе падрыхтоўка да правядзення форуму? Гэта і многае іншае абмеркавалі ў Савеце Рэспублікі падчас першага пасяджэння аргкамітэта па падрыхтоўцы XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Працаваць над кантрактамі трэба ўжо сёння 

Эканамічная тэма форуму была выбрана невыпадкова, адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. «Тэма як ніколі актуальная. У Пасланні беларускаму народу і парламенту на Усебеларускім народным сходзе кіраўнік дзяржавы выразна сказаў, што самае галоўнае — гэта эканоміка». 

Спікер Савета Рэспублікі дадала, што пры правядзенні гэтага традыцыйнага форуму самым галоўным з’яўляецца падпісанне кантрактаў і пагадненняў — усё тое, што сёння вызначае эканамічнае супрацоўніцтва ў рамках рэгіянальнага супрацоўніцтва. Яна нагадала, якую ўвагу пытанням узаемадзеяння і рэгіянальнага супрацоўніцтва надае кіраўнік дзяржавы: «Кожны раз, калі прыязджаюць дэлегацыі з Расійскай Федэрацыі пад кіраўніцтвам губернатараў, Прэзідэнт нашай краіны заўсёды сустракаецца і вызначае стратэгічныя пытанні развіцця з тым ці іншым рэгіёнам Расійскай Федэрацыі. Мы са свайго боку таксама вельмі актыўна працуем па гэтых кірунках, у нас створана міжпарламенцкая камісія».

У рамках правядзення форуму заўсёды ладзяцца выстаўкі беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў. Было анансавана, што сёлета галоўная выстаўка пройдзе ў Міжнародным выставачным цэнтры. Там жа на наступны дзень плануецца правядзенне пленарнага пасяджэння. «У першы дзень традыцыйна праводзіцца работа секцый. Усе яны будуць працаваць у Мінскай вобласці», — канкрэтызавала Наталля Качанава. Яна заклікала ўдзельнікаў пасяджэння актыўна ўключыцца ў работу па падрыхтоўцы форуму ўжо сёння. Паводле яе слоў, менш за паўгода застаецца да правядзення гэтага важнага мерапрыемства ў жыцці дзвюх краін. Таму важна адпрацаваць арганізавана і зладжана.

«Летась мы падпісалі кантракты і пагадненні на 900 мільёнаў беларускіх рублёў, — падкрэсліла спікер. — Гэта прыстойная сума. І таму мы павінны цяпер ужо пачынаць працаваць над кантрактамі і пагадненнямі, якія будуць падпісаны ў рамках форуму і да яго».

«Плануем максімальна задзейнічаць увесь патэнцыял»

У сваю чаргу намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Уладзіслаў Татарыновіч падкрэсліў, што ўжо актыўна праводзіцца ўся неабходная арганізацыйная падрыхтоўчая работа. «Мы ведаем неаднаразовае даручэнне і ўстаноўкі кіраўніка дзяржавы, што ўсе дзяржорганы павінны працаваць на развіццё эканамічнага патэнцыялу і ўзаемадзеяння, — заўважыў Уладзіслаў Татарыновіч. — І, улічваючы, што форум за папярэдні перыяд зарэкамендаваў сябе як добрая, канструктыўная пляцоўка для адпрацоўкі гэтых і магчымых праблемных пытанняў, адпрацоўкі новых кірункаў супрацоўніцтва, мы плануем максімальна задзейнічаць увесь патэнцыял». 

Форум традыцыйна будзе праходзіць на працягу двух дзён. «У першы дзень плануецца дзейнасць 10 секцый. І іх работа ва ўзаемадзеянні з прадстаўнікамі нашых вядучых міністэрстваў, канцэрнаў, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама будзе прысвечана асноўным блокам, якія ўяўляюць для нас узаемны інтарэс, дзе ў нас ёсць добры патэнцыял на будучыню. Будзем адпрацоўваць усе неабходныя моманты для таго, каб іх затым ужо на наступны дзень фіналізаваць у рамках пленарнага пасяджэння», — падкрэсліў Уладзіслаў Татарыновіч, дадаўшы, што пленарнае пасяджэнне будзе прысвечана ўзаемадзеянню рэгіёнаў у сферы эканомікі. 

Традыцыйна, паводле яго слоў, будуць паказаны і наша культура, і традыцыі: «На сённяшні момант мы ўзгаднілі месцы правядзення секцый і пленарнага пасяджэння. Зразумела, што акрамя дзелавога парадку дня, дзелавой праграмы форуму, максімальна будзем знаёміць з патэнцыяламі, з традыцыямі рэгіёнаў Беларусі. Акцэнт, вядома, будзе зроблены на Мінскую вобласць».

Гаворачы аб падпісанні пагадненняў і кантрактаў, намеснік Старшыні Савета Рэспублікі зазначыў, што сума падпісаных кантрактаў летась склала каля 900 мільёнаў беларускіх рублёў. «Усе мы разумеем, што ніжэй за гэты ўзровень сёлета мы не павінны апусціцца. Таму сёння таксама на гэтым акцэнтавалі ўвагу прадстаўнікоў нашых міністэрстваў, дзяржорганаў, прадпрыемстваў, аблвыканкамаў для таго, каб гэта работа ўжо зараз была арганізавана, праводзілася, і мы яе возьмем на пастаянны кантроль. Мы будзем маніторыць гэту сітуацыю і, натуральна, ствараць умовы на стадыі падрыхтоўкі форуму. Разлічваем, што многія такія знакавыя кантракты будуць, як заўсёды гэта было, падпісвацца ў дні правядзення форуму. Ну і будзем, натуральна, адсочваць ход рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцяў», — рэзюмаваў Уладзіслаў Татарыновіч. 

«Раскрыць эканамічны, інвестыцыйны, турыстычны патэнцыял»

У размове з журналістамі намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая адзначыла: «Мы вельмі сур’ёзна рыхтуемся. У нас створана рабочая група пад кіраўніцтвам старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксея Кушнарэнкі, у якую ўваходзяць кіраўнікі ўсіх службаў, таму мы забяспечым годны ўзровень правядзення». 

Якія асноўныя задачы і мэты ставіць перад сабой Мінская вобласць? «Раскрыць эканамічны, інвестыцыйны, турыстычны патэнцыял не толькі цэнтральнага рэгіёна, але і ўсёй нашай краіны, абавязкова паказаць нашы традыцыі, гісторыю і культуру, — пералічыла сенатар. — Яшчэ, вядома, вельмі важна для нас стварыць умовы для заключэння ўзаемавыгадных кантрактаў паміж суб’ектамі гаспадарання Расіі і Беларусі, а таксама заключыць пагадненні паміж дзяржаўнымі органамі. У гэтых мэтах мы плануем стварыць 10 секцый. Пляцоўкамі для правядзення секцыйнай работы будуць вызначаны самыя буйныя і лепшыя брэндавыя прадпрыемствы, такія як БелАЗ, БелДжы, Кітайска-беларускі індустрыяльны парк „Вялікі камень“. Улічваючы розную накіраванасць форуму, вядома ж, гэта будуць і ўстановы аховы здароўя і адукацыі». 

Наталля Якубіцкая пераканана, Мінская вобласць годна забяспечыць правядзенне Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі. «Самае галоўнае — гэта вынік: кантракты, новыя віды прадукцыі, новыя прадпрыемствы і канкурэнтаздольная прадукцыя», — зрабіла акцэнт яна. 

Парламентарый таксама адзначыла, што ў сувязі з правядзеннем форуму зменіцца і аблічча населеных пунктаў, дзе будуць праходзіць секцыі (Жодзіна, Барысаў, магчыма, Дзяржынскі раён). «Вялікая ўвага будзе нададзена менавіта эстэтыцы і добраўпарадкаванню. Зробім усё, каб годна правесці і, вядома, каб самыя лепшыя ўражанні аб Мінскай вобласці і аб нашай краіне засталіся ў нашых гасцей», — рэзюмавала Наталля Якубіцкая. 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю