Сёлета жыхары сталіцы заўважаць у жыроўках радок з сумай падатку за ўтрыманне свайго гадаванца. Выплата павінна ажыццяўляцца адзін раз у квартал. Хто зарэгістраваў сабаку даўно, ужо добра знаёмы з гэтай працэдурай, бо налічэнне падатку аўтаматычна падаецца ў рахунку-апавяшчэнні.
А за тымі, хто ўтрымаўся ад абавязковай рэгістрацыі свайго чатырохногага сябра, сёлета ўзмацняецца кантроль: ім таксама прыйдзецца плаціць. У сацыяльных сетках не сціхаюць спрэчкі: ці справядлівы падыход і ці «ўбачаць грошы» самі жывёлы?
Падатак за валоданне сабакамі, які існуе ў краіне ўжо больш за дзесяць гадоў, апошнім часам стаў прадметам гарачых дыскусій у TіkTok, Іnstagram і тэлеграм-каналах. Прычына хваляванняў не толькі абноўленыя стаўкі, але і інфармацыя аб тым, што падатковыя органы пачалі актыўна збіраць даныя пра гаспадароў жывёл. Карэспандэнт «Звязды» разам са спецыялістамі разабралася, хто, колькі і чаму павінен плаціць.
Колькі цяпер каштуе сабака?
З гэтага года сталічныя гаспадары чатырохногіх атрымаюць жыроўкі, дзе будзе пазначана сума падатку за ўтрыманне сабак. Сума можа адрознівацца на мясцовым узроўні. У сталіцы за так званыя «небяспечныя» пароды памер аплаты складае 37 рублёў у квартал. Для ўладальнікаў сабак іншых парод кошт пытання 11,1 рубля. Спецыялісты нагадалі, што абавязковая аплата за гадаванца пачынаецца з яго трохмесячнага ўзросту.
Хто можа не плаціць?
Як патлумачыла Вольга ТАРАСЕВІЧ, намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па г. Мінску, заканадаўца пакінуў шырокі спектр ільгот, але з адным важным удакладненнем. Цалкам вызваляюцца ад выплат інваліды, якія маюць сабаку-павадыра, а таксама інваліды І і ІІ групы. Пры наяўнасці аднаго сабакі могуць не плаціць інваліды ІІІ групы, пенсіянеры, бацькі (ўсынавіцелі) дзяцей-інвалідаў, шматдзетныя сем'і і жыхары прыватнага сектара.
Пры чым тут ветэрынары?
Аднак не столькі лічбы ў плацёжках, колькі метады іх збору ўзарвалі сацыяльныя сеткі ў студзені. Карыстальнікі TіkTok пачалі масава абмяркоўваць сітуацыю: Інспекцыя МПЗ па г. Мінску накіравала запыты ў ветэрынарныя клінікі з просьбай прадставіць спісы ўладальнікаў сабак, якія звярталіся па дапамогу ў 2025 годзе. Хоць афіцыйнага пацвярджэння масавасці такіх запытаў няма, сам факт выклікаў бурную рэакцыю.
«Яны што, цяпер праз ветэрынараў вывучаюць нашу базу? А калі сабака не хварэў і не ездзіў да ўрача?» — задаецца пытаннем аўтар TіkTok-відэа, якое сабрала дзясяткі тысяч праглядаў.
Другая карыстальніца напісала, што ўчора ўпершыню з сабачкам была ў ветэрынара. «У мяне не пыталіся маё імя, толькі мянушку сабакі і пароду <...> Яны нават не пыталіся, мой сабака ці не. Толькі рэкамендацыі па доглядзе і ежы, і запісалі на наступны прыём».
Мы ўзялі каментарый у начальніка ДУ «Мінская гарадская ветэрынарная станцыя» Дзмітрыя ШАЛОЙКІ: «Інфармацыі ў ветэрынараў па дакладнай колькасці жывёл у Мінску пакуль няма. З гэтай мэтай прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні адзінай інфармацыйнай базы, у якой будзе пазначана рэгістрацыя жывёлы, наяўнасць гаспадара, жыццёвы цыкл гадаванца, ветэрынарныя мерапрыемствы, аналізы, вакцынацыі і іншае. У першую чаргу гэта робіцца для зручнасці ўрача, якому прасцей будзе паставіць дыягназ. Сістэма павінна з'явіцца ў сталіцы да 2028 года», — адзначыў эксперт.
Дзмітрый Шалойка прапанаваў ад разваг рознага кшталту перайсці да звычайных правіл утрымання, догляду за сваімі гадаванцамі і нагадаў пра адказнасць гаспадароў кошак і сабак. Асаблівую ўвагу спецыяліст звярнуў на тых, хто толькі збіраецца стаць уладальнікам хатняга гадаванца. «Калі плануеце завесці хатнюю жывёлу, вы павінны разумець, што гэта вельмі сур'ёзная адказнасць, у тым ліку — фінансавая. Трэба вызначыць, ці зможаце забяспечыць жывёле неабходныя ўмовы. Кармленне, лячэнне, догляд, развіццё — усё гэта каштуе вялікіх грошай і намаганняў», — адзначыў Дзмітрый Пятровіч. Эксперт нагадаў аб шэрагу абавязковых прышчэпак для сяброў нашых меншых, у тым ліку штогадовай ад шаленства, якую можна зрабіць бясплатна да 25 сакавіка ў дзяржаўных ветэрынарных установах, а таксама апрацоўкі ад кляшчоў увесну.
Думкі падзяліліся: куды ідуць грошы?
У каментарыях ў Tіk Tok, трэба адзначыць, меркаванні аб неабходнасці падатку на жывёл раздзяліліся.
Адны падтрымліваюць улады і прапануюць, каб грошы ад падаткаў ішлі на жывёл. Так, адна з карыстальніц сацсетак заўважае, што гаспадары гадаванцаў падатку не дужа рады, бо трэба, «каб людзі ведалі, куды ідуць гэтыя грошы — на абсталяванне пляцовак для выгулу, на дапамогу прытулку для жывёл, то з ахвотай плацілі б, а так грошы сыходзяць у нікуды», — піша яна.
Другія скептычна ставяцца да падатковых збораў за сабак: «Людзі самі іх утрымліваюць, прыбіраюць за імі, лечаць за свой кошт. Ці ёсць датацыі з боку дзяржавы? У ветклініках цэны вышэйшыя, чым за лячэнне людзей», — палемізуе карыстальніца сацсеткі.
У процівагу эмоцыям у сацсетках спецыялісты інфармуюць аб неабходнасці бясплатнай рэгістрацыі жывёл і самога гаспадара ў раённых адміністрацыях праз службу «Адно акно» і адпаведнай аплаце падаткаў. Нагадваецца, што за парушэнне правіл утрымання жывёл (у тым ліку несвоечасовую рэгістрацыю) прадугледжаны штраф да 15 базавых велічынь, а нявыплата падатку пагражае штрафам не менш як 0,5 базавай велічыні.
Кантроль і дысцыпліна
Генеральны дырэктар ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Марына ТОЎСЦІК звярнула ўвагу ўсіх уладальнікаў хатніх жывёл аб неабходнасці на заканадаўчым узроўні рэгістрацыі гадаванцаў. «У сталіцы зарэгістравана 1,5 тысячы кошак і каля 13,5 тысячы сабак».
Эксперт адзначыла, што падатак датычыцца толькі сабак, а кошкі проста рэгіструюцца. Пачынаючы з сакавіка і на працягу некалькіх месяцаў на зваротным баку рахунка-апавяшчэння гаспадарам сабак будзе нагадвацца аб неабходнасці рэгістрацыі. «Гэта будзе пераходны перыяд для таго, каб уладальнікі змаглі ажыццявіць сваё права і, адпаведна, ужо з 1 ліпеня ў планах выстаўляць саму аплату за тых жывёл, якія зарэгістраваны альбо не», — расказала Марына Анатольеўна.
Па словах спецыяліста, за 2025 год паступленне падатку на зарэгістраваных сабак склала каля 500 тысяч рублёў. Аднак, вядома, што шмат жывёл не ўлічана. Такія сабакі будуць выяўляцца пры ажыццяўленні рэйдаў. Як зазначыла спецыяліст, пакуль інфармацыя накіравана на прафілактычную работу.
Нельга не закрануць вострае пытанне, якім вельмі заклапочаны жыхары, выгулу жывёл у спецыяльна адведзеных месцах і адпаведных пляцоўках. Марына Тоўсцік запэўніла, што частка грошай, якая паступае ад падаткаў у бюджэт, у тым ліку накіроўваецца і на развіццё такіх месцаў.
Пакуль падатковыя органы пачынаюць адпрацоўваць новыя метады кантролю, уладальнікам сабак варта ўважліва праверыць наяўнасць рэгістрацыі свайго гадаванца і разлічыць свае выдаткі. Пачынаючы з ліпеня гэтага года, рахункі за жыллёва-камунальныя паслугі ўжо будуць прыходзіць з улікам дадзенага падатку. Ці стане гэта інвестыцыяй у чыстыя газоны і сучасныя дог-паркі, пакажа час.
Падрыхтавала Надзея ЗУЕВА