У сярэднім па рэспубліцы яго намінальны ўзровень склаў 2975,8 рубля.
Гэта на 8,4 % больш, чым у лютым і на 14,3 % вышэй, чым у сакавіку 2026 года. За той жа перыяд рэальны заробак (з улікам інфляцыі) вырас больш, чым на 7 і 8 % адпаведна. Пры ўсіх знешніх і ўнутраных складанасцях беларуская эканоміка выконвае сваю ключавую функцыю — рост дабрабыту насельніцтва. Калі ж казаць пра ўплыў зарплатнага фактару на макраэканамічную карціну, то жорстка баланс пакуль не парушаецца. Але рост даходаў пакуль істотна апярэджвае прадукцыйнасць працы.
У эканамістаў на рост заработнай платы існуюць розныя пункты гледжання. Адны лічаць, што пры актыўным інвестыцыйным цыкле неабходна стымуляваць работнікаў на развіццё і павышэнне кваліфікацыі. Адпаведна, пры пераходзе на інавацыйныя рэйкі рост даходаў непазбежны. Прычым ён неабходны ў пачатку цыклу. Пад новы станок, абсталяванне, тэхналогію неабходны кампетэнтны (адпаведна, і больш дарагі) працаўнік. І заробак яму неабходна плаціць тут і цяпер. Наўрад ці ён будзе чакаць некалькі месяцаў, калі прадпрыемства выйдзе на праектныя магутнасці, раскруціць збыт новай прадукцыі, атрымае прыбытак. Ён жа не акцыянер, каб згаджацца на бенефіцыі ад мадэрнізацыі праз год-другі пасля пачатку актыўнай фазы.
Ёсць і альтэрнатыўны пункт гледжання: заработная плата павінна ісці ўслед за прадукцыйнасцю. Сёння эфектыўнасць працы — заўтра яе аплата. У адваротным выпадку высокія выдаткі на фонд заработнай платы ціснуць на фінансы прадпрыемства. Акрамя таго, стымуляваны ростам даходаў попыт, апераджальны выпуск, можа стварыць залішні інфляцыйны ціск.
Логіка і рацыянальнае зерне ёсць у двух падыходах. Але заработная плата і яе дынаміка можа па-рознаму ўплываць на макраэканоміку ў цэлым у залежнасці ад сукупнасці іншых фактараў.
Па-першае, мы нікуды не сыдзем ад рэгіянальнай канкурэнцыі за кадры. Асабліва кваліфікаваныя. І калі ад’езд на заробкі ў Еўропу сёння некалькі ўскладнены, але ў цэлым магчымы, то для працаўладкавання ў Расійскай Федэрацыі практычна адсутнічаюць значныя перашкоды. Матэрыяльны фактар з’яўляецца не адзіным (а часам нават не самым ключавым) крытэрыем пры выбары працоўнага месца. Але скідваць яго з рахункаў таксама, мякка кажучы, немэтазгодна. Чалавечы рэсурс — самы каштоўны, бо на яго папаўненне патрабуецца вельмі шмат часу — 20-25 гадоў: нараджэнне дзіцяці, яго выхаванне, навучанне, атрыманне практычнага вопыту... І інтэлектуальны капітал у самым шырокім сэнсе гэтага слова неабходна берагчы. Нават у нейкіх момантах пераплачваць, насуперак логіцы ўзроўню прадукцыйнасці працы, разглядаючы гэты момант не як неабгрунтаваныя выдаткі, а інвестыцыі ў персанал. Іншае пытанне, што яны таксама павінны акупляцца з часам. Але гэта ўжо пытанне ляжыць у плоскасці эфектыўнасці менеджменту. У любым выпадку, эканоміка без кваліфікаваных кадраў можа стаць збалансаванай, але мёртвай.

Другі важны момант: у беларускай эканомікі яшчэ ёсць вялікія рэзервы ў павышэнні сваёй прыбытковасці. Вырабляць мы ўмеем. Прадаваць, прычым прадаваць выгадна, атрымліваецца пакуль горш. Суадносіны прыбытку кампаній да ВУП у нас кардынальна сціплей, чым у той жа Расіі, у Еўропе. Узмацняючы толькі маркетынгава-збытавы кірунак, можна выраўнаваць баланс даходаў і выдаткаў на зарплатны фонд. Задача няпростая і нетрывіяльная. І, зноў жа, упіраецца ў якасць і менеджменту, і менеджараў.
Па-трэцяе, ціск на спажывецкі рынак даходаў, якія растуць, не прама прапарцыянальны (прынамсі, у кароткатэрміновым перыядзе) дынаміцы заработнай платы. Далёка не ўся прыбаўка трапляе на спажывецкі рынак. Разам з дабрабытам павялічваецца і норма зберажэнняў. Летась яна дасягнула 16,6 %. Іншымі словамі, амаль кожны шосты рубель мы не трацім, а адкладаем. Гэта таксама нядрэнна: наяўнасць у грамадзян ліквіднасці валодае вялікім псіхалагічным эфектам стабільнасці. Фарміруецца і інвестыцыйны патэнцыял з боку фізічных асоб. Іншае пытанне, што фінансавы сектар да гэтага трэнду, прама скажам, не зусім гатовы і пакуль не рэалізаваў інструментарый трансфармацыі гэтых зберажэнняў у доўгатэрміновыя інвестыцыі.
Па-чацвёртае, як паказваюць даследаванні беларускіх эканамістаў, у прыватнасці прарэктара па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Аляксея Быкава, уплыў заработнай платы на макраэканоміку залежыць ад знешняй кан’юнктуры. Як паказала мадэляванне, калі экспартныя цэны на айчынную прадукцыю знаходзяцца ў высокім дыяпазоне, а кан’юнктура на імпартныя тавары спрыяльная для нашага спажыўца, то пры росце сярэдняй заработнай платы негатыўных макраэканамічных зрухаў не адбываецца. Вядома, цяпер знешнія рынкі гнуткія, пластычныя і непрадказальныя. Але адназначна ў цане нафтахімічныя прадукты, угнаенні, сельскагаспадарчая прадукцыя і прадукты харчавання. А гэтыя пазіцыі складаюць значную долю ў беларускіх пастаўках за мяжу. Умацаванне беларускага рубля захоўвае высокую даступнасць імпарту. Праўда, гэта цісне на продажы айчынных тавараў. Але гэтую праблему неабходна разглядаць праз прызму іх канкурэнтаздольнасці. Хоць, несумненна, пэўныя механізмы абароны роднага рынку і яго ўдзельнікаў таксама неабходныя.
У цэлым жа сучасныя рэаліі прымушаюць пераглядаць былыя канцэпцыі адносна заработнай платы, хадоў насельніцтва і ўмоў для іх росту. Тэарэтычныя архітэктуры мінулых гадоў абапіраліся на парадыгму лішку працоўнай сілы. Зыходзячы з гэтага пастулату выстройваліся канструкцыі і фарміравання яе кошту. Рэалізм жа сучаснасці такі, што адчуваецца некаторы дэфіцыт работнікаў колькасны, але яшчэ больш — якасны. Прычым імкліва зменлівы свет (тэхналагічны, сацыяльны, палітычны і гэтак далей) патрабуе ад іх перманентнага папаўнення ведаў і фарміравання новых навыкаў. А гэта патрабуе дадатковага стымулявання: і маральнага, і матэрыяльнага. Што спараджае іншую аксіёму: час таннай працы скончыўся. Мабыць, незваротна. І з гэтым даводзіцца лічыцца, у тым ліку, і выбудоўваючы макраэканамічныя канструкцыі.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ