Top.Mail.Ru

У Са­ве­це Рэс­пуб­лі­кі аб­мер­ка­ва­лі перс­пек­ты­вы су­пра­цоў­ніц­тва з ААЭ

Між­пар­ла­менц­кія кан­так­ты і па­тэн­цы­ял у ганд­лі

Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Сяргей Алейнік сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом ААЭ ў Беларусі Ібрагімам Салімам Аль-Мушарахам. Старшыня Пастаяннай камісіі падзяліўся з журналістамі актуальнымі пытаннямі двухбаковага парадку дня.

«Мы падтрымліваем рэгулярныя кантакты з паслом Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, — звярнуў увагу Сяргей Алейнік. — ААЭ з’яўляюцца адным з найважнейшых партнёраў Рэспублікі Беларусь. І ў апошнія гады мы ўдзяляем асаблівую ўвагу актывізацыі парламенцкага дыялогу і парламенцкага супрацоўніцтва».

У Беларусі шматпланавае супрацоўніцтва з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі ў сферы гандлю і інвестыцый — гэта падмурак двухбаковых адносін. Разам з гэтым развіваецца партнёрства ў адукацыі, спорце, турызме. «ААЭ з’яўляецца месцам прыцягнення для беларускіх турыстаў, а мы, безумоўна, разлічваем на прыцягненне большай колькасці турыстаў з ААЭ ў нашу краіну, — акцэнтаваў Сяргей Алейнік. — У гэтых мэтах было падпісана і ратыфікавана пагадненне аб візавых спрашчэннях, а значыць, фактычна адменены візы паміж нашымі краінамі».

Яшчэ адзін важны аспект — у 2025 годзе падпісана гандлёвае пагадненне паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, якое прадугледжвае стварэнне больш камфортных умоў для бяспошліннага гандлю і адкрывае вялікія магчымасці для павелічэння таварапатоку паміж нашымі краінамі. Неўзабаве гэта дамоўленасць будзе прыносіць свой плён, — падкрэсліў старшыня пастаяннай камісіі.

Закранулі на сустрэчы бакі і міжрэгіянальны парадак — ААЭ адыгрывае важную ролю ў арганізацыі і прасоўванні перамоўнага працэсу паміж Расіяй, Украінай і ЗША (першыя два раўнды перагавораў, якія прайшлі ў Абу-Дабі. — «Зв.»), а таксама прымае ўдзел у вырашэнні гуманітарных пытанняў. «Мы абмяняліся думкамі. Тут мы адзіныя ў плане пошуку шляхоў і садзейнічання больш хуткаму вырашэнню гэтага канфлікту», — заўважыў сенатар.

Вялікая актыўнасць адзначаецца і па абмене візітамі дзелавых колаў. А яшчэ ў нашых краінах актыўна развіваецца супрацоўніцтва ў галіне высокіх тэхналогій. «Нашы кампаніі актыўна ўзаемадзейнічаюць, і пасол Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў збіраецца наведаць Парк высокіх тэхналогій, каб разгледзець перспектывы далейшага пашырэння супрацоўніцтва, — паведаміў Сяргей Алейнік. — Гэта сфера, якая дынамічна развіваецца і запатрабавана на нашым двухбаковым трэку».

Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю