Цырымонія ўводу ў эксплуатацыю трох новых кар’ерных самазвалаў БЕЛАЗ-7513d грузападымальнасцю 130 т прайшла на вугальным разрэзе «Паўлаўскі № 2» кампаніі «Прыморсквугаль», паведамілі БелТА ў прэс-службе БЕЛАЗа.
Як адзначыла міністр энергетыкі і газазабеспячэння Прыморскага краю Алена Шыш, дзякуючы новым БЕЛАЗам, якія папоўнілі горнатранспартны парк вуглездабыўнога прадпрыемства, больш паліва паступіць для Прыморскай ДРЭС — аднаго з самых маштабных энергетычных аб’ектаў не толькі ў Прымор’і, але і на ўсім Далёкім Усходзе Расіі.
Урачыстыя нарады на першыя рабочыя рэйсы па перавозцы вугалю на новых БЕЛАЗах атрымалі брыгадзіры самых вопытных вадзіцельскіх экіпажаў разрэзу.
Генеральны дырэктар ТАА «Прыморсквугаль» Андрэй Костараў падкрэсліў, што гэта не толькі інвестыцыі ў развіццё прадпрыемства і новыя працоўныя месцы, але і святло, і цяпло ў дамах прыморцаў.
Кар’ерныя самазвалы мадэлі БЕЛАЗ-7513d — самыя запатрабаваныя самазвалы БЕЛАЗ. Спалучэнне інавацый, перадавых інжынерных рашэнняў і правераных часам вузлоў і сістэм робіць гэтыя машыны надзейнымі, эфектыўнымі і бяспечнымі. Папаўненне парку тэхнікі БЕЛАЗ дазволяць прыморскай кампаніі павялічыць здабычу бурага вугалю.
Сімвалічна, што ўпершыню ў гісторыі вуглездабычы Прымор’я беларускім кар’ерным самазвалам прысвоены імёны шахцёраў-перадавікоў. На тэхналагічныя дарогі Паўлаўскага буравугальнага радовішча адправіліся БЕЛАЗы «Валерый Вокін», «Юрый Петухаў» і «Мікалай Фралоў», названыя ў гонар славутых гарнякоў, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё прыморскай вугальнай прамысловасці.