У праваслаўных вернікаў сёння пачынаецца Калядны пост — адзін з чатырох шматдзённых пастоў, які рыхтуе вернікаў да светлага свята Нараджэння Госпада Ісуса Хрыста, перадае БелТА.
Калядны пост менш строгі, чым Вялікі і Успенскі. Пачынаецца 28 лістапада і доўжыцца сорак дзён — па 6 студзеня ўключна.
Калядны пост таксама называюць Піліпавым, паколькі загавіны (апошні дзень перад постам, калі можна ўжываць прадукты жывёльнага паходжання) прыпадаюць на дзень памяці святога апостала Піліпа.
Традыцыя трымацца Каляднага посту зарадзілася ў раннехрысціянскія часы. Спачатку яго працягласць была рознай — сем дзён і больш. Правіла пасціцца перад Калядамі менавіта 40 дзён было ўстаноўлена ў 1166 годзе на Канстанцінопальскім саборы.
Царква вучыць, што верніку пост неабходны, каб настроіць сябе на сустрэчу Нараджэння Хрыстовага, усвядоміць таямніцу Богаўвасаблення. У гэты час асаблівую ўвагу неабходна ўдзяліць сваёй душы. Добраахвотна адмаўляючыся ад скаромнай ежы і забаў, аддаючы больш часу малітве і добрым справам, мы ачышчаем сваю душу, каб у супакаенні сустрэць самае светлае зімовае свята.
Па традыцыі ў Калядны пост па аўторках, чацвяргах, суботах і нядзелях можна ўжываць ежу з алеем. У дні Каляднага посту строга забараняецца есці толькі мяса, яйкі і малочныя прадукты. У сераду і пятніцу нельга піць віно, а ежу трэба есці без алею — гэта называецца сухаядзенне.
Рыба падчас Каляднага посту дазваляецца ў суботнія і нядзельныя дні, вялікія святы (напрыклад, у свята Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы), а таксама ў храмавыя святы і дні памяці вялікіх святых, калі гэтыя дні прыпадаюць на аўторак ці чацвер. Згодна з самым мяккім статутам, рыбу можна есці ва ўсе дні, акрамя серады і пятніцы.
З 2 па 6 студзеня пост становіцца больш строгім, а 6 студзеня прынята не есці нічога да першай зоркі.
Важна памятаць, што ў кожнага чалавека свая мера посту. Так, царква дазваляе паслабленні для хворых, цяжарных жанчын і дзяцей, людзей, занятых цяжкай фізічнай працай. Наогул выключна строга трымаюць пост манахі, а свецкія трымаюцца яго, параіўшыся з духоўнікам, а таксама з улікам свайго здароўя.
Царква падкрэслівае, што абмежаванне ў ежы — не табу і не самамэта. Гэта толькі спосаб, які дапамагае чалавеку пазбавіцца ад пачуццёвых прыхільнасцяў, сканцэнтравацца на духоўным. Дзякуючы посту вызваляюцца сілы для зносін з Богам.
Разам з тым пост цялесны без посту духоўнага не набліжае нас да выратавання. Без малітвы і пакаяння пост становіцца ўсяго толькі дыетай. Свяціцель Іаан Залатавуст казаў пра пост: «Памыляецца той, хто лічыць, што пост толькі ўстрыманне ад ежы. Сапраўдны пост ёсць выдаленне зла, утаймаванне языка, адкладанне гневу, спыненне паклёпу, хлусні і клятвапарушэння. Той, хто трымаецца посту, ведае, як пост утаймоўвае жаданні. А тыя, каму здаралася зведаць гэта на справе, пацвердзяць: ён змякчае нораў, душыць гнеў, стрымлівае парывы сэрца, бадзёрыць розум, прыносіць спакой душы, палягчае цела, устараняе неўстрыманне».
У дні посту верніку рэкамендуецца адмовіцца ад наведвання забаўных устаноў, прагляду пацешных фільмаў і тэлеперадач, бескарысных размоў. Акрамя таго, не трэба забываць і аб дабрачыннасці.