Top.Mail.Ru
236

У пошуках нагоды для радасці

Днямі сяброўка падарыла мне кнігу Элінар Х. Портэр «Паліяна», якая зусім нядаўна выйшла ў беларускім перакладзе. Тым самым заахвоціла мяне далучыцца да гульні ў радасць. Танечка пазычыла гэту цудоўную ідэю ў галоўнай гераіні кнігі, якая сваім аптымізмам змяніла жыццё цэлага гарадка.


Па сюжэце на Раство дзяўчынка з няпростым лёсам загадала прыгожую ляльку. Але ў місію, дзе яе тата служыў пастарам, прыйшла толькі пасылка з дзіцячымі мыліцамі. Паліяна спачатку засмуцілася. Але тата сказаў: «Дачушка, трэба радавацца!» Здавалася б, чаму можна радавацца, калі замест лялькі табе даюць мыліцы? «Радуйся, што маеш здаровыя ногі, і мыліцы табе не патрэбныя!» З таго часу Паліяна і пачала гуляць у пошукі радасці. Гульня зводзілася да таго, каб ва ўсім на свеце знаходзіць што-небудзь такое, чаму можна радавацца.

Мая сяброўка, натхніўшыся гісторыяй маленькай гераіні кнігі, запусціла ў сябе на старонцы ў сацсетках чэлендж пад хэштэгам #невідавочнаярадасць. Прапанавала сваім падпісчыкам практыкаваць пазітыўнае мысленне разам. «Для гэтага дастаткова распавесці сваю непрыемную гісторыю і паспрабаваць знайсці ў ёй нешта пазітыўнае. Калі самастойна не атрымаецца ўбачыць невідавочную радасць, дасылайце сваю бяду мне, і я знайду яе аптымістычны ракурс. Веру, што не існуе чыста чорных ці чыста белых сітуацый, як і людзей. І мы, і падзеі маем як кепскі бок, так і пазітыўны. І яшчэ я перакананая: нічога не вучыць нас радавацца лепш, чым момант адсутнасці радасці».

Каб паказаць прыклад, Таня перш-наперш падзялілася ўласнай непрыемнасцю. «Пасля родаў мяне стаў турбаваць боль у спіне. І вось я, пакінуўшы шасцімесячнага сына з татам, нясу свой пазваночнік на МРТ. У чым тут радасць?». «У тым, што нясеш яго сама», «у тым, што ў цябе ёсць грошы на МРТ. Ты жывеш у краіне, дзе яно ёсць, даступна для людзей», «у тым, што ў цябе ёсць з кім на нейкі час пакінуць немаўля» — пачалі дасылаць свае варыянты падпісчыкі.

Часам, вядома, бывае вельмі складана знайсці нагоду для радасці. Але ў такія моманты варта зноў жа згадаць Паліяну. Ну хоць бы той выпадак, калі яна пайшла праведаць місіс Сноў, прыкаваную да ложка. Жанчына пастаянна была чымсьці незадаволеная. На гэты раз місіс Сноў пачало раздражняць, што Паліяна ўсяму радуецца і заклікае радавацца і яе. А тая выпаліла: «Я шмат дзён прыкавана да ложка. Чаму мне радавацца?» Паліяна разгубілася: «Я пакуль не ведаю адказу на вашае пытанне, але абяцаю, што буду ўвесь час думаць над гэтым, пакуль не прыдумаю». Праз некалькі дзён яна вярнулася і радасна паведаміла: «Я падумала... Вы можаце радавацца, што астатнім не так дрэнна, як вам...»

Калі здараецца штосьці дрэннае, большасць людзей перш за ўсё кажуць фразу накшталт: «Божа, ну за што мне ўсё гэта?» Хоць, як па мне, чым страчваць энергію на шкадаванне сябе і нараканне на лёс, лепш паставіць пытанне па-іншаму: не «за што?», а «навошта?». Бо мы ніколі не ведаем, для чаго нам даецца тое ці іншае выпрабаванне... У якасці прыкладу магу прывесці гісторыю з жыцця маці маёй прыяцелькі. Аднойчы ў жанчыны рэзка забалеў жывот. Ды так моцна, што давялося неадкладна выклікаць хуткую дапамогу. Хірург, да якога яна трапіла, адразу ж вызначыў, што ў пацыенткі непраходнасць кішэчніка, і прызначыў тэрміновую аперацыю. Менавіта падчас яе ён і выявіў у жанчыны невялічкую пухліну, якую паспяхова выдаліў. Ужо больш як пяць гадоў мама сяброўкі знаходзіцца ў рэмісіі і штодня дзякуе Богу, што паслаў ёй тую непраходнасць, бо каб не яна, пра анкалогію жанчына даведалася б хутчэй за ўсё занадта позна…

...Тым часам Таніны падпісчыкі пакрысе далучаюцца да гульні ў пошукі радасці. Алена падзялілася тым, што яе паклалі ў бальніцу «на захаванне». Спачатку цяжарная жанчына засмуцілася, хацела адмовіцца: рызыкі асаблівай няма, больш перастрахоўка. А потым вырашыла паглядзець на гэта як на адпачынак. Піша, што «пакуль адна ў палаце. Цішыня і бесклапотнасць. Смачна ем, сплю і чытаю ўдосталь. Чым не санаторый?!» Ганна распавяла, што паехала ў госці да бацькоў мужа і ўсе дні прасядзела на градках. Але хутка знайшла бонус: «Затое загарэла, як на пляжы ў Італіі». Далучайцеся і вы да гульні ў радасць. І навучыце сваіх дзетак. Бо сіндром Паліяны — гэта такі навык, які лішнім у жыцці дакладна не будзе.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю