Top.Mail.Ru

У Пекіне знаёмяцца з кніжнымі навінкамі Беларусі

Саюз пісьменнікаў Беларусі падтрымлівае цесныя стасункі з рознымі цэнтрамі даследванняў Беларусі, якія працуюць у кітайскіх ВНУ. Асабліва моцнае сяброўства — з беларусістамі з Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў. 


І вось днямі ў СПБ сабралі і адправілі ў Паднябесную новую партыю кніг, якія ў апошні час выдадзены беларускімі выдавецтвамі. «Мы традыцыйна з пэўнай перыядычнасцю адпраўляем беларускія кнігі ў Другі Пекінскі ўніверсітэт замежных моў, — расказалі нам у творчай арганізацыі. — У Цэнтры даследванняў Беларусі ўжо сфарміравалася сапраўдная бібліятэка, знаёмства з якой спрыяе кітайскім магістрантам і аспірантам адкрываць сучасную беларускую літаратуру, адкрываць старонкі класічных твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча. Вынікам такога прыцягнення з’яўляюцца гісторыка-літаратурныя, літаратуразнаўчыя працы. І ў Другім Пекінскім універсітэце замежных моў, і ў іншых ВНУ пашыраецца тэма кампаратывістыкі, тэма параўнальнага разгляду здабыткаў беларускай і кітайскай літаратурна-мастацкіх прастор». 

Хань Сяое, дырэктар Цэнтра даследванняў Беларусі Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў зазначае, што беларуская бібліятэка, якая ўжо налічвае каля тысячы выданняў, знаходзіцца ў полі зроку выкладчыкаў і студэнтаў. Асабіста для яго беларускія кнігі з’яўляюцца першаштуршком для заняткаў мастацкім перакладам. Дзякуючы Хань Сяое па-кітайску загучалі многія творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Бадака, іншых беларускіх класікаў і сучасных пісьменнікаў. 

Мікола БЕРЛЕЖ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю