Асвейскі сельсавет займае 25 % плошчы Верхнядзвінскага раёна. Гэта край з багатай гісторыяй і прыродай, там знаходзіцца другое па велічыні возера ў краіне і знакаміты заказнік. Але гэты пасёлак — не толькі рай для турыстаў. Тут жывуць, працуюць, ствараюць сем’і і гадуюць дзяцей больш за тысячу чалавек. Для іх працуюць школа, дзіцячы садок, цэнтр культуры, бібліятэка, дзіцячая школа мастацтваў. Да нядаўняга часу ў пасёлку не хапала аднаго — месца, прызначанага для дзіцячых забаў, новых знаёмстваў і развіцця ў юных асвейцаў навыкаў сацыялізацыі і зносін.
Сказана — зроблена
Калі знеслі будынак старога Дома культуры, спрэчак, чым запоўніць вызваленае месца, ні ў мясцовай вертыкалі, ні ў сельскага Савета дэпутатаў не ўзнікла. Меркаванне было аднагалосным: тут павінна размясціцца пляцоўка для дзяцей. Да справы прыступілі некалькі гадоў таму. Як развіваліся падзеі, расказвае старшыня Асвейскага сельскага Савета дэпутатаў Сяргей НАВІЦКІ:
— Скажам так: першая чарга дзіцячай пляцоўкі была здадзеная яшчэ ў 2021 годзе. Затым, у пачатку 2025-га, падрыхтавалі яшчэ адзін праект па яе даабсталяванні.
Пляцоўка была адкрыта ў лістападзе мінулага года. І сёння малыя з задавальненнем праводзяць тут час на горках, арэлях, каруселях, трэніруюцца на спартыўных прыладах, лепяць кулічыкі ў пясочніцах. Для бяспекі дзяцей пляцоўка абгароджана, а для зручнасці бацькоў усталяваны лаўкі, бо сюды прыходзяць сем’ямі.
У стылі МНС
У нашай краіне існуе выдатны трэнд — дзеці павінны праводзіць свой вольны час не толькі ў гульнях і забаўках, але і з карысцю. Сваю ідэю напаўнення ўжо існуючай дзіцячай пляцоўкі прапанаваў начальнік Асвейскай ПАВП № 13 Сяргей ШЧАСНЫ — дапоўніць гульнявую пляцоўку элементамі ў стылі МНС. Ініцыятыву аформілі, назвалі яе «Непаседа». Яна атрымала падтрымку ў раённым Савеце дэпутатаў, пасля чаго адправілася на конкурс у вобласць. Атрымала падтрымку і там. У выніку праца закіпела.
— Сёння пляцоўка цалкам укамплектаваная, — гаворыць Сяргей Навіцкі. — Бацькі дзетак асабліва ўдзячныя за тое, што цяпер яна будзе несці і пэўную сэнсавую нагрузку, якая датычыцца галоўнага пытання — бяспекі нашага падрастаючага пакалення.
У цэнтры падзей
Месца для будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі падказала не толькі сітуацыя, якая склалася на той момант, — было ў гэтым выбары і рацыянальнае зерне.
— Побач бібліятэка, школа мастацтваў, Дом культуры, якія часта наведваюць асвейцы разам з дзецьмі, — разважае старшыня сельскага Савета. — Па дарозе дадому дзеці абавязкова заглядваюць на пляцоўку, каб размяцца, павесяліцца, сустрэцца з сябрамі.
Прыкладна за 20 км ад Асвеі праходзіць граніца з Латвіяй, а за 15 км — з Расіяй. Зразумела, што ў многіх нашых суседзяў у пасёлку засталіся карані — бабулі, дзядулі, хтосьці выкарыстоўвае бацькоўскую хату як дачу, таму ў летні перыяд насельніцтва пасёлка добра павялічваецца. Прыязджаюць адпачыць да родных і юныя жыхары беларускіх гарадоў. Такім чынам дзяцей, па словах Сяргея Уладзіміравіча, у Асвеі становіцца больш працэнтаў на 50:
— І гэта добра. Пляцоўка не пустуе, яна выконвае сваё прызначэнне — напаўняе пасёлак дзіцячым смехам. Нічога лепш гэтага няма!
Што наступнае?
Мы пацікавіліся ў Сяргея Навіцкага, ці ёсць на падыходзе новыя ініцыятывы?
— Чакаем прапановы ад насельніцтва, бо ўсё зыходзіць ад людзей, — лічыць ён. — Хоць бягучыя задачы відавочныя. Напрыклад, добраўпарадкаваць парк, каб стварыць камфортныя ўмовы для жыхароў і гасцей Асвеі.
Але, на думку старшыні сельскага Савета дэпутатаў, ёсць задачы больш надзённыя:
— Напрыклад, у нас прыпынак грамадскага транспарту ў пасёлку Заводскі не асвятляецца. Восенню, зімой, ранняй вясной раніцай і вечарам там цёмна. Побач дзіцячы садок, на прыпынку садзяцца ў школьны аўтобус і выходзяць з яго дзеткі. Мясцовыя жыхары просяць вырашыць гэта пытанне. Але пакуль усё ўпіраецца ў фінансы: падвесці электрычнасць да прыпынку — вельмі нятаннае задавальненне.
— Цяпер разглядаем найбольш прымальную альтэрнатыву — запусціць асвятленне з дапамогай сонечных батарэй.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота з архіва Сяргея НАВІЦКАГА