У Пастаянным камітэце Саюзнай дзяржавы заявілі аб гатоўнасці ўсіх унесеных у парадак дня маючага адбыцца 26 лютага пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета (ВДС) пытанняў. Аб гэтым паведамляе БелТА са спасылкай на сайт Пастаяннага камітэта.
«На пасяджэнні Пастаяннага камітэта прынялі да ведама інфармацыю аб ходзе падрыхтоўкі запланаванага на 26 лютага пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Канстатавалі гатоўнасць усіх унесеных у парадак дня пытанняў», — гаворыцца ў паведамленні.
У парадак дня пасяджэння ВДС унесены сем пытанняў. Плануецца, што Вышэйшы дзяржсавет разгледзіць пытанне аб асноўных напрамках рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Намечана фіналізаваць пытанне аб арганізацыі і развіцці трансгранічных прыгарадных пасажырскіх перавозак Саюзнай дзяржавы чыгуначным транспартам паміж сумежнымі прыгранічнымі тэрыторыямі суб’ектаў Расійскай Федэрацыі і абласцей Рэспублікі Беларусь.
Чакаецца, што будуць прыняты рашэнні аб стварэнні Камітэта па стандартызацыі і якасці Саюзнай дзяржавы і прысуджэнні прэмій Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2025-2026 гады. Плануецца таксама абмеркаваць узаемную падтрымку і супрацоўніцтва ў галіне міжнароднага правасуддзя.
Акрамя таго, у парадку дня — аб асноўных пытаннях да пасяджэнняў Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы на 2026 год і аб выкананні рашэнняў Вышэйшага дзяржсавета.
На пасяджэнні Пастаяннага камітэта таксама была заслухана інфармацыя аб ходзе падрыхтоўкі мерапрыемстваў, прысвечаных Дню яднання народаў Беларусі і Расіі, які адзначаецца 2 красавіка. «З улікам праведзенага абмеркавання вырашылі, у цесным узаемадзеянні Пастаяннага камітэта з Парламенцкім сходам Саюза Беларусі і Расіі, пасольствамі Беларусі ў Расіі і Расіі ў Беларусі, дзяржзаказчыкамі праграм і праектаў Саюзнай дзяржавы, зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі, забяспечыць іх правядзенне на высокім арганізацыйным і змястоўным узроўні», — дадалі ў Пастаянным камітэце.