У сераду ў Авальнай зале Дома ўрада адбылося сумеснае пасяджэнне абедзвюх палат парламента. Галоўнай тэмай стала сацыяльная сфера ў сучасных умовах, яе магчымасці і выклікі — аб гэтым парламентарыям расказала профільны віцэ-прэм’ер Наталля Пяткевіч.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, адкрываючы пасяджэнне, падкрэсліў, што яго тэматыка непасрэдна выцякае з рашэнняў, прынятых УНС. «Сацыяльная сфера — сэрца дзяржавы, у якім чутны пульс грамадства. Развіццё чалавечага патэнцыялу, фарміраванне справядлівай сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва — на гэта нас заўсёды нацэльвае Прэзідэнт, — падкрэсліў спікер. — У гэтым кірунку да новага пяцігоддзя наша краіна падышла з сур’ёзным багажом». Канцэпцыя бягучага пяцігоддзя, паводле слоў Ігара Сергяенкі, — сфарміраваць самадастатковую і канкурэнтаздольную дзяржаву, дзе ў цэнтры ўвагі — чалавек, для якога створаны камфортныя ўмовы жыццядзейнасці незалежна ад рэгіёна пражывання.
Прыярытэты — дэмаграфія і ахова здароўя
Намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч падрабязна расказала аб магчымасцях і выкліках, якія стаяць перад сацыяльнай сферай. Самая галоўная тэма, паводле яе слоў, — гэта дэмаграфічная сітуацыя: «Яна сёння характарызуецца цэлым пулам дэмаграфічных рызык як аб’ектыўнага, так і суб’ектыўнага плана. Як і ў большасці краін свету, мы маем памяншэнне колькасці маладых жанчын і ў цэлым старэнне насельніцтва, зніжэнне інтэнсіўнасці нараджэння першага, другога дзіцяці, змяненне ўзроставай мадэлі нараджальнасці. Сёння мы ўжо гаворым пра так званае адкладзенае мацярынства. З 2016 года, за 10 гадоў, колькасць жанчын у дзетародных узростах знізілася амаль на трэць. І сітуацыя ў бліжэйшы час, на жаль, аб’ектыўна не зменіцца за кошт арэляў, бэбі-буму і спаду нараджальнасці. І чарговае пакаленне бэбі-буму стане бацькамі прыкладна да 2030 года, калі мы можам чакаць нейкага ўсплёску нараджальнасці. Але больш складанымі з’яўляюцца суб’ектыўныя фактары, якія ў галаве нашых будучых маладых бацькоў. Я кажу пра змену пэўных каштоўнасных арыентацый і адносіны да шлюбу. Мае месца трэнд на маладзетнасць, і з гэтым змагацца значна складаней. Наяўнасць названых аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў прадвызначае тыя меры, якія павінна прадпрымаць дзяржава для пераадолення тых дэмакратычных выклікаў, якія перад намі стаяць».
Намеснік Прэм’ер-міністра падрабязна спынілася на сітуацыі ў сістэме аховы здароўя. Паводле яе слоў, на функцыянаванне аховы здароўя выдзяляюцца вельмі істотныя грашовыя сродкі. «Узровень фінансавання ў нас трымаецца прыкладна 5 % ВУП. І гэта дастаткова высокі паказчык, — падкрэсліла Наталля Пяткевіч. — У гэтыя 5 % ВУП мы ўключаем толькі дзяржаўныя сродкі без усялякіх сродкаў страхавой медыцыны, якія заўсёды ўлічваюцца ў паказчыках фінансавання ў ЗША, краінах Заходняй Еўропы».
Асобна профільны віцэ-прэм’ер спынілася на тэме эндапратэзавання буйных суставаў: «За мінулы год план па эндапратэзаванні быў выкананы ў залежнасці ад сустава на 120-140 %. І гэта дазволіла зняць праблему чэргаў. На 2 студзеня гэтага года па эндапратэзаванні тазасцегнавага сустава чарга склала 3,5 тысячы чалавек, па каленным — 2,3 тысячы. Для параўнання, летась гэтыя лічбы былі адпаведна 11 тысяч і 15 тысяч чалавек. Сёння такія працэдуры ўмяшання ажыццяўляюцца ва ўсіх рэгіёнах краіны ў 47 установах і з дастатковай колькасцю прафесійных кадраў».
Што датычыцца забяспечанасці высокатэхналагічным абсталяваннем, сёння, паводе слоў віцэ-прэм’ера, у краіне налічваецца 305 адзінак высокатэхналагічнага абсталявання, 173 апараты КТ, 75 — МРТ, 60 ангіяграфічных апаратаў. 71 % тэхнікі размешчаны ў рэгіёнах. Намеснік Прэм’ер-міністра таксама канстатавала, што ўзровень забяспечанасці Беларусі ўласнымі лекавымі прэпаратамі адзін з самых высокіх у свеце.
Каб жанчыны не баяліся нараджаць
Спынілася віцэ-прэм’ер і на тэме выплаты дапамог па доглядзе дзіцяці. Паводле яе слоў, урад працуе над мадэрнізацыяй сістэмы дапамог па доглядзе дзіцяці, каб знізіць рызыкі пагаршэння матэрыяльнага становішча, якое жанчыны мелі да нараджэння дзіцяці. Акрамя таго, надаецца ўвага найважнейшай задачы па стварэнні камфортных умоў для бацькоў па доглядзе дзіцяці. Гаворка — аб стварэнні ясельных устаноў для дзяцей больш ранняга ўзросту.
У сваім дакладзе намеснік Прэм’ер-міністра падрабязна спынілася і на сістэме адукацыі, разгледзеўшы праблемныя пытанні дзіцячых садоў, школ, ВНУ і ССНУ, а таксама размеркавання, уступнай кампаніі, мэтавага навучання. «Вядома, зроблена і робіцца вельмі шмат. Мы не гаворым пра поспехі, мы гаворым пра тое, якія праблемы, якія выклікі ёсць — і якія праблемы мы будзем вырашаць. Мы дакладна ўсведамляем, што краіна можа дасягнуць значных вынікаў у эканоміцы або на міжнароднай арэне. Але калі не будуць забяспечаны, задаволены запыты і пажаданні чалавека, то ўсе гэтыя вынікі будуць нівеліраваны. Менавіта гэтага патрабуе кіраўнік дзяржавы: каб у аснову нашай працы быў пастаўлены чалавек. І мы гэтую задачу проста абавязаны выканаць», — рэзюмавала Наталля Пяткевіч.
У размове з журналістамі профільны віцэ-прэм’ер падрабязней расказала, што сёння ўрад знаходзіцца на завяршальнай стадыі прапрацоўкі новых падыходаў да вызначэння памераў і парадку выплаты дапамог па доглядзе дзіцяці ў мэтах стымулявання дэмаграфічнай сітуацыі. «Гэта робіцца і для таго, каб знізіць рызыкі нашых мам, якія баяцца, нарадзіўшы дзіця, страціць узровень матэрыяльнай забяспечанасці ў параўнанні з тымі даходамі, якія яны атрымлівалі, пакуль працавалі. Да таго ж неабходна знізіць рызыкі, якія, напэўна, у любой актыўнай жанчыны прысутнічаюць. Гаворка — пра выпадзенне з эканамічна актыўнага жыцця на перыяд водпуску па доглядзе дзіцяці. Таму пэўныя падыходы ўжо ёсць, яны адобраны кіраўніком дзяржавы і ў бліжэйшы час будуць унесены ў выглядзе праектаў прававых актаў».
Як павысіць узровень аплаты працы
Закранаючы тэму працоўных адносін, Наталля Пяткевіч падкрэсліла: «Мы павінны вельмі гнутка рэагаваць на патрэбы наймальніка, ствараць выразныя прававыя рамкі для таго, каб не было ценявой занятасці. Любая легалізацыя — гэта выхад з ценю. І мы павінны стварыць прывабныя ўмовы як з пункту гледжання адміністравання, так і з пункту гледжання афармлення. Таму што калі сёння чалавека трэба наняць на дзве гадзіны працоўнага часу, а для таго, каб аформіць дакументы патрэбны тыдні — гэта, безумоўна, не справа».
Што датычыцца заробкаў у бюджэтным сектары, тут усё залежыць ад работы эканомікі. «Але самая галоўная задача — адысці ад нізкааплатных катэгорый работнікаў. Тут адзін з самых галоўных, напэўна, спосабаў — аптымізацыя. Бо калі гаворым пра аптымізацыю, мы гаворым пра тое, каб аптымізаваць функцыянал, аптымізаваць колькасць людзей, якія могуць займацца гэтым функцыяналам, але пакінуць той жа фонд аплаты працы. Другі ктрунак гэта, вядома, і павышэнне заработнай платы, і пытанні адпаведных надбавак, якія існуюць. І трэці кірунак — гэта пазабюджэтная дзейнасць, таму што сацыяльная сфера сама па сабе можа і павінна прыносіць прыбытак. Мы сёння гаварылі аб экспарце адукацыйных паслуг, паслуг аховы здароўя. І сфера культуры павінна прыносіць прыбытак. І гэтыя грошы павінны ісці ў тым ліку і на павышэнне ўзроўню аплаты працы адпаведных работнікаў».
Закранаючы тэму пенсіённых выплат, Наталля Пяткевіч адзначыла, што сёння прыняты шэраг мер, якія ствараюць дадатковыя пенсіённыя гарантыі. «У тым ліку — зняцце абмежаванняў для працуючых пенсіянераў. Гэта дастаткова сур’ёзная дапамога, якая дазваляе павялічыць узровень матэрыяльнай забяспечанасці дадзенай катэгорыі насельніцтва».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.
Фота БелТА.