У нядзелю ўся краіна адзначае Дзень настаўніка — свята, якое ўжо даўно выйшла за рамкі прафесійнага і стала сапраўды ўсенародным. Жыццё кожнага грамадзяніна Беларусі звязана з людзьмі, беззапаветна адданымі і шчыра захопленымі сваёй справай — выхавацелямі, настаўнікамі, выкладчыкамі. Яны з маленства да паўналецця вялі за руку нас, нашых дзяцей, павядуць унукаў. Гэта людзі, якім мы безаглядна давяраем самае каштоўнае, што ў нас ёсць, і якія ніколі гэты давер не падманвалі...
2 кастрычніка ў Мінск з’ехаліся найлепшыя педагогі з усіх рэгіёнаў Беларусі — для іх з нагоды прафесійнага свята падрыхтавалі грандыёзнае ўшанаванне ў Палацы Рэспублікі. Да беларускіх настаўнікаў далучыліся ўдзельнікі з’езда настаўнікаў краін СНД — форум якраз скончыўся ў гэты дзень, і педагогі з Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Таджыкістан, Туркменістана, Рэспублікі Узбекістан таксама сталі ўдзельнікамі яркага і незабыўнага свята.
— Ад настаўніка залежыць вельмі шмат, у тым ліку і любоў да жыцця, да Радзімы, да будучай прафесіі і да ведаў, якую ён здольны выхаваць у вучнях, — падзялілася сваім меркаваннем перад пачаткам урачыстасці намеснік Прэм’ер-міністра Наталля ПЯТКЕВІЧ. — Таму, вядома, настаўнікам вельмі важна быць тым, хто здольны запаліць агонь і распаліць іскру таленту.
І яшчэ, канешне, гэты чалавек павінен быць прыкладам для сваіх вучняў ва ўсім.
Падчас урачыстага мерапрыемства Наталля Пяткевіч зачытала віншаванне кіраўніка дзяржавы, а таксама абвясціла імя абсалютнага пераможцы рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года Беларусі». Ім стаў Дзяніс Дубаневіч, выкладчык матэматыкі сярэдняй школы № 5 г. Смалявічы.
Шчаслівы ўладальнік галоўнага прыза конкурсу «Хрустальны журавель», аўтамабіля і іншых узнагарод не хавае эмоцый.
— Удзел у конкурсе стаў адным з лепшых, шчаслівых перыядаў майго жыцця, — падзяліўся ён. — А вынік адчыніў дзверы ў новыя магчымасці і перспектывы, якія, вядома, я буду асвойваць разам са сваімі вучнямі.
Міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ назваў конкурс найлепшым стымулам для творчага развіцця настаўнікаў як прафесіяналаў.
— Аб узроўні прафесіяналізму нашых педагагічных работнікаў сведчыць той факт, што ў Беларусі ўжо тры народныя настаўнікі, — сказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец. — І ўсе трое з задавальненнем бралі ўдзел у працы журы, гэтак жа, як і пераможца мінулага конкурсу. Усе яны аб’ядналіся для таго, каб у працэсе спаборніцтваў заўважаць, выяўляць і даваць далейшую дарогу таму найлепшаму, перадавому, што прадэманстравалі іх удзельнікі.
А затым пачалося галоўнае святочнае дзейства. Арганізатары свята прапанавалі цікавую канцэпцыю, якая была пабудавана на «Тэорыі пяці рукапоціскаў». Згодна з гэтай тэорыяй, любыя два чалавекі на зямлі падзеленыя не больш чым пяццю ўзроўнямі агульных знаёмых. А гэта значыць, што за кароткі адрэзак часу адна ідэя можа набыць масавы характар. Напрыклад, ідэя, што святочны пост «Настаўнік — сэрца Беларусі» збярэ мільён лайкаў. Гэтая канцэпцыя дазволіла аб’яднаць артыстаў, гледачоў і арганізатараў свята, даказваючы, што ў гэты вечар паміж людзьмі ў зале няма перашкод. А канцэрт стаў свайго роду дынамічным марафонам, дзе кожны нумар літаральна «выцякаў» з папярэдняга праз чыюсьці асабістую гісторыю.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД