Віншаванні Старшыні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна і Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі зачыталі намеснік Прэм’ер-міністра Беларусь Наталля Пяткевіч і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў.
Адзіная эканоміка
Эканоміка, прамысловасць, навука, культура і не толькі — Беларусь і Расія даўно супрацоўнічаюць па самых розных напрамках. Такі фармат, на думку Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Расіі ў Беларусі Барыса Грызлова, з’яўляецца самым амбіцыйным з усіх фарматаў шматбаковых міжнародных структур. «Вопыт, які мы здабылі за гэтыя 30 гадоў, з’яўляецца неабходным і для іншых міжнародных пляцовак, такіх як ЕАЭС, АДКБ, СНД, ШАС», — падкрэсліў ён.
Асабліва наглядна вынікі супрацоўніцтва праяўляюцца ў эканоміцы: у 2021 годзе тавараабарот паміж краінамі складаў 38,4 мільярда долараў, а па выніках мінулага года дасягнуў 51,9 мільярда долараў. Такім чынам, за чатыры гады паказчык вырас на 35 %. Прычына — у змяненні падыходу да кааперацыі і ўзаемадзеяння расійскіх рэгіёнаў з Беларуссю. Калі ў 2021 годзе было ўсяго 20 дэлегацый з рэгіёнаў РФ, то ў мінулым годзе — ужо 44, што дазваляе дэлегацыям абмяркоўваць новыя кантракты і знаходзіць новых партнёраў.
За 30 гадоў шмат зроблена для фарміравання адзінай навукова-тэхналагічнай інавацыйнай прасторы, падкрэсліў Уладзімір Каранік, старшыня Прэзідыума НАН Беларусі. Сярод самых яскравых прыкладаў — актыўнае ўзаемадзеянне ў касмічнай сферы. «Гэта і робата-, оптыка-, лазера-, біятэхналогіі, мікраэлектроніка, — дадаў Уладзімір Каранік. — Адбываецца эфектыўнае аб’яднанне навуковых патэнцыялаў, што дазваляе працаваць на карысць нашых краін, павышаць тэхналагічны суверэнітэт нашых дзяржаў і разам рухацца наперад».

«Зараз акцэнт зроблены на тым, каб нашы палітыкі ва ўсіх сферах, а перш за ўсё ў эканоміцы, не разыходзіліся, а збліжаліся, — адзначыў Аляксандр Ярашэнка, намеснік дзяржаўнага сакратара, член Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. — Мы дзве суверэнныя дзяржавы, але пры гэтым мы ствараем аснову, каб і тэхналагічныя нашы распрацоўкі выкарыстоўваліся ў гэтых дзвюх дзяржавах».

Наша супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці таксама знаходзіцца на найвышэйшым узроўні, рэалізуецца шмат інтэграцыйных праектаў, адзначыў міністр прамысловасці Андрэй Кузняцоў: «Узаемадзейнічаем шчыльна. Ужо прапрацоўваем і далейшыя сумесныя праекты па стварэнні тавараў Саюзнай дзяржавы». Актыўна абмяркоўваецца ўзаемадзеянне з буйнымі беларускімі прадпрыемствамі, уключаючы БЕЛАЗ, МТЗ і «Гомсельмаш». У фокусе ўвагі знаходзіцца таксама станкабудаванне.

Развіваючы культуру брацкіх народаў
Дарэчы, узаемадзеянне з Расійскай Федэрацыяй у рамках Саюзнай дзяржавы ў пытаннях культуры — гэта адзін з найважнейшых напрамкаў у супрацоўніцтве дзвюх краін, адзначыў першы намеснік міністра культуры Дзмітрый Шляхцін: «Ёсць праекты, якія мы ўжо на працягу трох дзесяцігоддзяў разам рэалізоўваем, і ўсё роўна спрабуем знаходзіць штосьці новае, каб з году ў год яны рабіліся больш якаснымі, прыцягвалі да сябе вялікую колькасць публікі».

У іх ліку праекты, накіраваныя на захаванне гістарычнай памяці, памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Так, сёлета, паводле слоў Дзмітрыя Шляхціна, будзе завершаны праект Саюзнай дзяржавы па рэканструкцыі аб’ектаў Брэсцкай крэпасці. Вялікае значэнне мае і ўзаемадзеянне беларускіх і расійскіх устаноў культуры, развіццё сумесных праектаў па розных напрамках: музычнае, тэатральнае мастацтва, кінематограф, падтрымка таленавітай моладзі абедзвюх дзяржаў.
У рамках мерапрыемства таксама была прадстаўлена фотавыстава знакавых падзей і мерапрыемстваў, якія адбываліся на працягу года ў рамках Саюзнай дзяржавы. Асобная ўвага — да выдавецкага праекта «Бібліятэка Саюзнай дзяржавы», дзе размясціўся стэнд з новымі кнігамі, прысвечанымі 80-годдзю Вялікай Перамогі, 25-годдзю Саюзнай дзяржавы і палкаводцам Пятру Румянцаву і Івану Паскевічу.
Аміна НАЗАРАВА