Top.Mail.Ru

У Палацы Незалежнасці пабывалі чарговыя госці — супрацоўнікі Беларускай чыгункі і выхаванцы Дзіцячай чыгункі імя К. С. Заслонава

Размешчаны ў цэнтры сталіцы, у так званым патрыятычным квартале, Палац Незалежнасці, магчыма, самы папулярны сімвал суверэннай беларускай дзяржаўнасці і экскурсійная пляцоўка нашай краіны. 6 жніўня з яго чарговымі наведвальнікамі на экскурсіі ў Палацы Незалежнасці пабывала карэспандэнт «Звязды». 



«Уражанні — проста цудоўныя»

Гасцямі Палаца Незалежнасці сталі прадстаўнікі самых розных прафесій з самых розных куткоў нашай краіны, якія штодня забяспечваюць бесперабойную работу Беларускай чыгункі. 2 жніўня яны адзначылі сваё прафесійнае свята — Дзень чыгуначніка. Экскурсію наведалі тыя, хто клапоціцца пра бяспеку і камфорт пасажыраў, сочыць за спраўнасцю пуцей і рухомага саставу, кіруе цягнікамі, арганізуе работу станцый... Многія адзначаны высокімі дзяржаўнымі, ганаровымі галіновымі і ведамаснымі ўзнагародамі, з’яўляюцца пераможцамі прафесійных спаборніцтваў і дарожных конкурсаў, а таксама прызёрамі міжнародных і рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтваў. 


«Пра гэту экскурсію я марыла даўно, і Беларуская чыгунка паднесла нам такі падарунак. Уражанні — проста цудоўныя. Сама атмасфера тут незвычайна велічная, манументальная, трывалая, надзейная. Калі заходзіш унутр, адразу адчуваеш стабільнасць, упэўненасць, грандыёзны маштаб — гэта пачуццё складана перадаць словамі», — прызналася Людміла Сіроткіна, вядучы спецыяліст сектара ідэалогіі і сацыяльна-культурнай работы Гомельскага аддзялення БЧ. Паводле яе слоў, уражваюць нават дэталі інтэр’еру, сярод якіх — карціны і мноства падарункаў ад кіраўнікоў іншых дзяржаў: «Настолькі ўсё самабытнае, цікавае, незвычайнае. Усе гэтыя падарункі неацэнныя для нашай краіны, бо яны прывезены гасцямі з іншых дзяржаў. Прыязджаючы сюды і ўручаючы такія дары, яны праяўляюць шчырую павагу да нашай краіны, нашага народа».


«Зроблена для людзей, дзеля людзей»

У палац завіталі і самыя юныя чыгуначнікі — выхаванцы Дзіцячай чыгункі імя К. С. Заслонава, дзе школьнікі вывучаюць асновы чыгуначнай справы і замацоўваюць свае веды на практыцы. Для дзяцей, якія толькі пазнаюць азы прафесіі, візіт у будынак, дзе прымаюцца лёсавызначальныя дзяржаўныя рашэнні, стаў падзеяй, якая, напэўна, запомніцца на ўсё жыццё.

«Наведваць такія экскурсіі, безумоўна, вельмі важна для падрастаючага пакалення. Моладзь яшчэ толькі вучыцца, даведваецца шмат новага, яна павінна развівацца і быць у курсе ўсіх падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне. Таму цудоўна, што нашым выхаванцам выпала магчымасць наведаць Палац Незалежнасці. Дзеці рэагуюць вельмі станоўча, ім усё вельмі падабаецца. Вось стаяць хлопцы побач, і я бачу іх вочы, поўныя захаплення», — падзялілася інструктар Дзіцячай чыгункі імя К. С. Заслонава Таццяна Стурліс. Яе словы пацвердзіў і Мікалай Лузгін — юны машыніст Дзіцячай чыгункі. Хлопец адзначыў, што гістарычная частка экскурсіі не пакінула абыякавым, асабліва моманты, звязаныя з палітычнымі падзеямі. «Але больш усяго спадабалася — Зала ўрачыстых цырымоній. Самая, на мой погляд, прыгожая, — лічыць юнак. — Наогул, такія месцы, як Палац Незалежнасці, моладзі цікава наведваць».


«Уражанні настолькі моцныя, што яны пакуль нават не могуць укласціся ў галаве — увесь гэты маштаб, хараство проста немагчыма перадаць словамі. Асабліва пранікаешся, калі ўсведамляеш: усё тут створана з беларускіх матэрыялаў і рукамі беларускіх майстроў. І галоўнае — зроблена для людзей, дзеля людзей. З першых крокаў дзівішся размахам. Тое, што сюды запрашаюць на экскурсію простых беларусаў, само па сабе гаворыць аб адкрытасці і значнасці гэтага месца, — падзялілася ўражаннямі Дар’я Даніловіч, вядучы спецыяліст па рабоце з моладдзю аддзела ідэалогіі і сацыяльна-культурнай работы Брэсцкага аддзялення БЧ. — А яшчэ ўразілі неверагодна сціслыя тэрміны будаўніцтва: аказваецца, Палац Незалежнасці ўзвялі ўсяго за 30 месяцаў! Шчырая павага да тых, хто ўвасобіў гэты праект у жыццё».


З павагай і любоўю да сваёй краіны 

Наведвальнікі з задавальненнем фатаграфаваліся ў залах, кожная з якіх мае сваё прызначэнне і атмасферу, пабывалі ў кабінетах, дзе праходзяць рабочыя нарады, вырашаюцца пытанні рознага маштабу. Напрыклад, увагу прыцягнула Зала дзяржаўных узнагарод і яе цікавая традыцыя. Многія вераць, што абавязкова атрымаеш узнагароду з рук Прэзідэнта, калі загадаеш у гэтым памяшканні адпаведнае жаданне. Па колькасці фотаздымкаў за мясцовай трыбунай становіцца відавочна — вярнуцца ў палац ужо ў якасці ганаровых гасцей жадае кожны. 

Зрабіць памятны кадр наведвальнікі імкнуліся і каля Прыёмнай Прэзідэнта. І, канешне, не пакінуў нікога абыякавым Музей падарункаў, які беражліва захоўвае артэфакты, перададзеныя беларускаму лідару і краіне замежнымі гасцямі. 


Глядзець на галоўную палітычную пляцоўку краіны па тэлевізары і бачыць яе на свае вочы — зусім розныя рэчы, адзначыў старшы электрамеханік рамонтна-рэвізійнага ўчастка Гомельскай дыстанцыі электразабеспячэння Гомельскага аддзялення БЧ Уладзімір Салавей. Яго ўразілі маштабы, веліч і эфектнасць будынка, але асаблівую цікавасць выклікалі залы, дзе, па яго словах, «тварылася гісторыя не толькі Беларусі, але і ўсёй Еўропы»: «Запомнілася Зялёная зала, таму што менавіта там адбылася адна з самых знакавых палітычных сустрэч не толькі для Беларусі, але і для ўсяго свету на той час, у 2015 годзе».

Увогуле экскурсіі ў Палац Незалежнасці, адзначылі яго чарговыя госці, маюць у першую чаргу глыбокае патрыятычнае значэнне. Дазваляюць кожнаму грамадзяніну, які сваёй штодзённай працай забяспечвае развіццё нашай краіны, убачыць, наколькі важныя і неабходныя яго намаганні для дзяржавы. 

Аміна НАЗАРАВА
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю