Палац Незалежнасці, як вядома, з’яўляецца цэнтрам палітычнага жыцця Беларусі — тут праходзяць найважнейшыя дзяржаўныя мерапрыемствы з удзелам Прэзідэнта, міжнародныя сустрэчы і саміты. Але ўжо на працягу шэрагу гадоў палац з’яўляецца і важнай культурнай прасторай — пляцоўкай для правядзення тэматычных выставак і экскурсій. Гэта таксама прэзідэнцкая «скарбніца», дзе захоўваюцца падарункі, атрыманыя Аляксандрам Лукашэнкам падчас яго замежных візітаў і рабочых паездак па краіне.
Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў Палаца Незалежнасці выклікаюць менавіта падарункі ад кіраўнікоў дзяржаў. Выстаўка «Геаграфія дружбы», размешчаная ў Зале ўрачыстых цырымоній, прымеркаваная да Дня Незалежнасці, якраз прапануе зірнуць на дыпламатычныя адносіны праз матэрыяльныя сведчанні сустрэч і перагавораў, убачыць, якім чынам традыцыі гасціннасці і павагі ўвасабляюцца ў памятных падарунках.
Усяго ў экспазіцыі прадстаўлена больш за сем дзясяткаў падарункаў ад лідараў 40 дзяржаў.
Асобны блок займаюць падарункі з Расіі і Кітая.
Падарункі ад Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна надзелены глыбокім філасофскім сэнсам, адлюстроўваюць важныя вехі гісторыі, як, напрыклад, прадстаўленая серыя прадметаў, прысвечаных Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. Або ўнікальная рэліквія, якая была спецыяльна выкуплена прадстаўнікамі Расіі, каб быць перададзенай у якасці падарунка беларускаму боку, — шкатулка «Сустрэча Чырвонай Арміі братамі-беларусамі» 1939 года.
Сведчаннем высокага мастацкага майстэрства і гістарычных традыцый кітайскага народа з’яўляюцца дары, паднесеныя Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Напрыклад, унікальная карціна, выкананая ў тэхніцы сухога валяння з воўны, з выявай горных вяршынь Паднябеснай. Не менш сімвалічная і вялікая ваза з выявай Вялікай Кітайскай сцяны.
З нядаўніх падарункаў варта адзначыць бейсболку, запанкі і памятны медаль ад Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, перададзеныя ў 2025 годзе.
Прыкметнае месца ў экспазіцыі займае і вялікая ваза «На памяць сустрэчы», падораная лідарам КНДР Кім Чэн Ынам у сакавіку гэтага года. Мастацкі выраб з выявай партрэта Аляксандра Лукашэнкі інкруставаны ракавінкамі і перламутрам.
Вырабы ручной работы з афрыканскіх краін дэманструюць яркія колеры, смелыя лініі, складанасць апрацоўкі матэрыялаў, такіх як камень, дрэва ці косць. Вельмі экзатычна ў экспазіцыі глядзяцца біўні саваннага афрыканскага слана, падораныя Прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвам.
Старажытнаегіпецкія матывы адлюстраваны ў сувеніры «Паляванне на тылапію з кап’ём» — падарунак ад Прэзідэнта Егіпта Абдэля Фатаха ас-Сісі.
Адмысловым бляскам адрозніваюцца раскошныя прадметы з краін Блізкага Усходу. Гэта ў асноўным высокамастацкія вырабы з золата, серабра ці іншых каштоўных матэрыялаў. Яркі прыклад — мініяцюра палаца шэйха Абдулы бін Джасіма аль-Тані, вырабленая з выкарыстаннем серабра, золата і малахіту.
Падарункі ад лідараў краін Паўднёва-Усходняй Азіі таксама маюць свае характэрныя асаблівасці і часта адлюстроўваюць культуру, рамёствы і нацыянальную сімволіку краіны. Гэта разьбяная скульптура, кераміка, вышыўка з нацыянальнымі матывамі, вырабы з натуральных камянёў. М’янма, напрыклад, з’яўляецца адным з найбуйнейшых сусветных пастаўшчыкоў высакаякаснага нефрыту. Сярод падарункаў — выкананы з рэдкай пароды нефрыту Дзяржаўны герб Беларусі.
Яркі лацінаамерыканскі акцэнт сярод падарункаў — копія скульптуры «Маці Божая Кіта», выразаная з дрэва і распісаная ўручную. Арыгінал 1734 года захоўваецца ў царкве манастыра святога Францыска ў сталіцы Эквадора горадзе Кіта.
Яшчэ з цікавага — сапраўдныя грошы. Напрыклад, набор старажытных манет з Лівана. Іх больш за 20 гадоў таму падарыў беларускаму лідару Прэзідэнт гэтай краіны Эміль Лахуд. З нядаўняга — сувенірная банкнота, падораная Прэзідэнтам Манголіі Ухнаагійнам Хурэлсухам, наміналам 20 тыс. тугрыкаў. Асаблівасць банкноты ў тым, што гэта адбітак на золаце 999 пробы.
Прадстаўленая экспазіцыя дэманструе шырокую геаграфію дружбы Беларусі, дае магчымасць убачыць гісторыю міжнародных кантактаў краіны.