Больш за 110 чалавек, прадстаўнікоў самых розных прафесій Жыткавіцкага раёна, змаглі дакрануцца да галоўнага сімвала суверэнітэту Беларусі.
10 сакавіка гасцямі Палаца Незалежнасці сталі і тыя, чыімі рукамі развіваецца прамысловая галіна рэгіёна, і тыя, хто штодзень клапоціцца аб здароўі і адукацыі землякоў, адказвае за сельскую гаспадарку малой радзімы. З рабочымі і інжынерамі, медыкамі і педагогамі, кіраўнікамі гаспадарак Жыткавіцкага раёна экскурсію наведала і карэспандэнт газеты «Звязда».
«Гэта наш гонар»
Асаблівы сэнс экскурсіі надаў той факт, што многім з прысутных давялося асабіста сустракаць кіраўніка дзяржавы на сваёй малой радзіме — летась Аляксандр Лукашэнка наведваў некалькі з ключавых прадпрыемстваў раёна, ЗАТ «Сатурн-1» і ААТ «Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод». І спецыялісты гэтых прадпрыемстваў змаглі асабіста ўбачыць месца, дзе прымаюцца рашэнні дзяржаўнага маштабу.

Падчас будаўніцтва Палаца Незалежнасці галоўная яго ідэя — выкарыстоўваць прадукцыю выключна айчынных вытворцаў, а ўсе работы даверыць беларускім спецыялістам, — дарэчы, была пазначана самім кіраўніком дзяржавы. Але, мабыць, ключавым рашэннем, якое ператварыла Палац Незалежнасці ў сапраўды народны аб’ект, стала ініцыятыва Прэзідэнта зрабіць яго адкрытым для наведвальнікаў. З таго часу экскурсіі не страчваюць сваёй актуальнасці і папулярнасці — гасцямі Палаца штогадова становяцца тысячы беларусаў.
Алена Сакалова, дырэктар Жыткавіцкай раённай сеткі бібліятэк, у Палацы Незалежнасці ўпершыню. Калі прадставілася магчымасць яго наведаць, была арганізавана паездка для жыхароў раёна, і яна без роздумаў вырашыла паехаць:
— З самага пачатку была ў прадчуванні: зараз пачнецца экскурсія, мы пазнаёмімся з рабочымі кабінетамі Прэзідэнта, экспанатамі, падарункамі кіраўніку нашай дзяржавы. Вельмі хочацца ўбачыць, як тут усё выглядае ўжывую, насамрэч, а не з экрана тэлевізара. Гэта надта цікава, — прызналася Алена Сакалова. — І сімвалічна, што ўсё ў Палацы выканана беларускімі майстрамі і пераважна з беларускіх матэрыялаў, бо мы ўсе — жыхары Беларусі. Глядзець на такую прыгажосць і ўсведамляць, што гэта зроблена нашымі людзьмі, людзьмі, якія жывуць тут, побач з намі, — гэта дарагога варта. І зроблена, дарэчы, якасна, зроблена добра, прыгожа. Гэта наш гонар.
На думку ваеннага камісара Жыткавіцкага раёна Алега Брэева, такія экскурсіі асабліва важныя для прадстаўнікоў маладога пакалення, выхавання ў іх пачуцця патрыятызму, гонару за сваю краіну, за таленты і ўменні землякоў: «Перш за ўсё, гэта гісторыя, — адзначыў Алег Брэеў. — Калі расказваеш хлопцам і дзяўчатам, як усё гэта зараджалася, як будавалася, у якіх умовах стваралася, відаць, што ім сапраўды цікава». Многім, паводле слоў ваеннага камісара, хочацца потым зноў вярнуцца, напрыклад, паступіць у сталіцу вучыцца.

Цікава і пазнавальна
— Усё так аб’ёмна, маляўніча, ярка і з густам. Адчуваецца і стыль, адразу зразумела, што вельмі шмат працы зроблена, — падзялілася Наталля Глаўко, сакратар КМУП «Жыткавіцкае ПМС». — Спадабалася, што падчас экскурсіі расказваюць у тым ліку і так званыя жыццёвыя моманты, жыццёвыя падрабязнасці Палаца Незалежнасці — гэта прыцягвае, робіць падачу інфармацыі цікавай, не сухой, збліжае нашага Прэзідэнта з народам і народ з Прэзідэнтам.
Дарэчы, залу, дзе кіраўнік дзяржавы ўручае дзяржаўныя ўзнагароды, звычайна называюць «Беларусь». Інтэр’ер падкрэслівае значнасць падзеі: сцены аздоблены цёмна-зялёным мармурам, уздоўж іх узвышаюцца трыццаць дзве калоны, на якіх размешчаны выявы дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь. Гонару апынуцца тут у якасці ўзнагароджанага, вядома, удастоены толькі лепшыя з лепшых, але наведаць Палац Незалежнасці на самай справе можа кожны. Важнасць такой даступнасці Палаца Незалежнасці адзначыў і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Тураўшчына» Арцём Кузьміч:
— Здзіўлены, вядома, маштабам, прыгажосцю будынка. Вельмі рады, што такі фармат наведвання Палаца, такія экскурсіі даступныя для простых людзей. Яны яшчэ раз нагадваюць, што трэба берагчы нашу незалежнасць, наш суверэнітэт.

А на трэцім паверсе гасцей чакае Музей падарункаў, сярод экспанатаў якога ёсць і рэчы, якія падарылі звычайныя грамадзяне Беларусі, працоўныя калектывы краіны, што робіць калекцыю яшчэ больш разнастайнай і сімвалічнай:
— Лічу, важна ўбачыць усё гэта на свае вочы, усвядоміць, колькі тут працы, колькі намаганняў укладзена ў падрыхтоўку і правядзенне ў тым ліку і падобных экскурсій, — адзначыў Арцём Кузьміч. — Гэта вельмі цікавы і пазнавальны досвед.
Аміна НАЗАРАВА,
фота аўтара