Top.Mail.Ru

У Палацы Незалежнасці адкрылася выстаўка маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі

Таленты не застаюцца без увагі

У рэзідэнцыю Прэзідэнта 15 кастрычніка завіталі маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якія займаюцца выяўленчым мастацтвам у аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў Салігорскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Гэта дзяўчаты і юнакі, якія не толькі прысвячаюць сябе мастацтву, але і жыва адгукаюцца на розныя падзеі ў жыцці горада і школы, нягледзячы на асаблівасці ў развіцці. 

Паколькі гэтай моладзі даволі складана рэалізоўваць свае таленты і здольнасці, яны маюць патрэбу ў дапамозе, узнікла ідэя творчага праекта «Новыя гарызонты». Ён накіраваны на рашэнне праблемы сацыяльнай адаптацыі інвалідаў. Навучэнцы Салігорскай дзіцячай мастацкай школы наведваюць сваіх равеснікаў у Цэнтры дзённага знаходжання, спрабуюць сябе ў якасці педагогаў, дзеляцца з імі набытымі ведамі. У працэсе навучання маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі ўдзельнічаюць у разнастайных выставах, адну з якіх з’явілася магчымасць прадставіць у Палацы Незалежнасці. І гэта рэальнае сведчанне таго, што галоўная афіцыйная пляцоўка краіны адкрытая для кожнага беларуса, тут заўсёды рады вітаць работы таленавітых суайчыннікаў і для іх абавязкова знаходзіцца сваё месца.

Намеснік дырэктара Салігорскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ірына МАКАРАВА адзначыла, што магчымасць прадставіць творчасць асаблівых дзяцей у рэзідэнцыі Прэзідэнта — нечаканы падарунак. «Мы прывезлі сюды работы, выкананыя акрылавымі фарбамі, — падзялілася жанчына. — Напісанне карцін —своеасаблівая арт-тэрапія, якая спрыяе творчай самарэалізацыі. Яна дапамагае раскрыццю патэнцыялу, мастацкага густу, фантазіі і вынаходлівасці маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У сілу сваіх асаблівасцяў гэтым людзям часам складана ўтрымаць пэндзаль, падабраць колер, намаляваць задуманае...».

Для гэтага побач з імі заўсёды знаходзяцца дасведчаныя педагогі-валанцёры з Салігорскай дзіцячай мастацкай школы мастацтваў. Вось ужо на працягу шасці гадоў далучае моладзь да выяўленчага мастацтва Вольга БОЛБАС. На думку жанчыны, дзеці — дар Божы, а дапамога асаблівым дзяўчынкам і хлопчыкам грэе душу: «Яны дораць нам неверагодную радасць, якую цяжка з нечым параўноўваць. У сілу некаторых праблем са здароўем, дзеці не наведваюць мастацкую школу. Аднак у кожнага з іх ёсць магчымасць развівацца, праяўляць свае таленты і камунікаваць адзін з адным». 

22-гадовы Арцём ШУЛЯКОЎСКІ наведвае заняткі ў ТЦСАН на працягу пяці гадоў. «Люблю працаваць з лагоднымі валанцёрамі-мастакамі Марыяй Віктараўнай (Дзікун. — заўв. аўт.) і Вольгай Сяргееўнай», — адзначыў з усмешкай малады чалавек. Наш суразмоўца, аказваецца, не толькі выдатна малюе, але і цудоўна спявае. Малады чалавек нават браў удзел у Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» і заняў адно з прызавых месцаў. А яшчэ Арцём уважліва сочыць за дзейнасцю Прэзідэнта Беларусі. Ён з цікавасцю падчас экскурсіі па Палацы Незалежнасці задаваў хвалюючыя пытанні, уступаў у дыскусію, дзяліўся ўражаннямі ад убачанага.

Інструктар па працоўнай тэрапіі Салігорскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна ЖЫХАРЭВІЧ вельмі ганарыцца, што работы асаблівых дзяўчынак і хлопчыкаў з Салігорска прадставілі ў такім знакавым для беларусаў месцы. «Для нас гэта радасць, як і магчымасць наведаць разам з імі Палац Незалежнасці, — расказала яна. — Мы бачым, што моладзь засталася пад вялікім уражаннем. Магчыма, гэтыя эмоцыі падштурхнуць да творчых парываў і знойдуць адлюстраванне ў новых работах».

Прыехалі на экскурсію ў Палац Незалежнасці салігарчане не з пустымі рукамі, у падарунак Прэзідэнту была перададзена карціна пад назвай «Дарога да храма». У сваю чаргу па даручэнні кіраўніка дзяржавы Салігорскаму раённаму тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва таксама ўручылі каштоўныя падарункі, якія паспрыяюць развіццю яго дзейнасці ў далейшым. 

Аднак гэта яшчэ не ўсё. Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» сумесна з прыходам Беларускай праваслаўнай царквы ў гонар велікамучаніка Георгія Перамаганосца ў горадзе Мінску на галоўнай афіцыйнай пляцоўцы краіны паказалі гасцям батлеечны спектакль «Казка аб гасціннасці». Затым моладзі, іх бацькам і педагогам правялі экскурсію па самых вядомых залах рэзідэнцыі Прэзідэнта. Фінальным акордам паездкі ў Мінск для гасцей з Салігорска стала наведванне рэстарана хуткага абслугоўвання «Mak.by», дзе дзяўчаты і хлопцы пачаставаліся смачным абедам і атрымалі сувеніры.

Даслоўна

Прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля ЭЙСМАНТ адзначыла, што ў Палацы Незалежнасці ёсць шмат месца творчасці. «Некалькі месяцаў таму мы папрасілі калег з Беларускага саюза мастакоў прынесці некалькі прапаноў — атрымалі каля пяці экспазіцый. Там былі прадстаўлены вельмі добрыя, глыбокія, прафесійныя работы, сярод якіх апошнімі сталі зусім адрозныя, ні на што не падобныя творы. Калі мы даведаліся, хто і як малюе гэтыя работы, не заставалася сумненняў, што мы павінны прадставіць іх тут (у Палацы Незалежнасці. — заўв. аўт.). Гэтыя кранальныя творы закліканы паказаць усім, хто знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі, што ўсё магчыма».

Яна ВАЛАСАЧ

фота аўтара

Чытайце таксама: На экскурсіі ў Палацы Незалежнасці пабывалі кадэты і юныя патрыёты

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю