Top.Mail.Ru

У Палаце прадстаўнікоў разгледзелі пакет бюджэтных законапраектаў на 2026 год

Усяго 9 праектаў законаў прынялі дэпутаты 24 лістапада на пасяджэнні трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

У першым чытанні прыняты законапраект «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2026 год». Праект рэспубліканскага бюджэту і разліковыя паказчыкі па бюджэтах абласцей і сталіцы на 2026 год распрацаваны на аснове палажэнняў праграмных дакументаў па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны з улікам існуючай эканамічнай сітуацыі. Для сектара дзяржаўных фінансаў ключавой задачай у наступным годзе будзе забеспячэнне эканамічнага росту для ўмацавання дзеючых сацыяльных гарантый і скарачэння рэгіянальных дыспрапорцый.

Як праінфармаваў старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Васіль ПАНАСЮК, галоўны фінансавы дакумент будучага года ўзаемазвязаны перш за ўсё з параметрамі сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны ў 2026 годзе: «Прыемна адзначыць, што з павелічэннямі будзе як даходная, так і расходная частка. Адпаведна, даходная частка павялічыцца на 14 %, расходная — на 10 %. У структуры расходнай часткі ў абавязковым парадку прадугледжана павелічэнне расходаў на сацыяльную сферу — гэта ахова здароўя, адукацыя. Перш за ўсё расходная частка ў бюджэце прадугледжана павелічэннем расходаў на падтрымку прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі, на абслугоўванне знешняга доўгу, на дадатковыя і на сацыяльныя выплаты, такія як сямейны капітал, будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай. Значнае асігнаванне прадугледжана на будаўніцтва і выкананне мерапрыемстваў па дзяржаўнай інвест-праграме», — адзначыў Васіль Панасюк. 

У двух чытаннях прыняты праект закона «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2026 год». Ён вызначае крыніцы фарміравання даходаў, іх аб’ём і кірункі выкарыстання сродкаў. Даходы бюджэту фонду разлічаны ў суме 39 014,4 мільёна рублёў, або 110,8 % да бюджэту фонду за 2025 год. Асноўную долю ў структуры ўзносаў на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне складаюць абавязковыя страхавыя ўзносы работадаўцаў і працуючых грамадзян — 98,3 %. Расходы бюджэту фонду разлічаны ў суме 38 495,4 мільёна рублёў, або 117,3 % да бюджэту фонду за 2025 год. Асноўную суму расходаў (гэта 80,7 %) прадугледжваецца накіраваць на фінансаванне пенсіённага забеспячэння.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Святлана БАРТАШ падкрэсліла: «Матэрыяльная дапамога непрацаздольным асобам, якія маюць патрэбу, уключаючы аказанне паслуг па іх выплаце, фінансаванне санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення, спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў прафсаюзаў, а таксама аплаты аднаго дадатковага вольнага ад працы дня ў месяц маці (мачасе) або бацьку (айчыму), апекуну (папячыцелю), якая (які) выхоўвае дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, — гэта тыя кірункі выкарыстання бюджэту фонду, якія ўжо склаліся».

У першым чытанні быў прыняты законапраект «Аб змяненні законаў» (па пытаннях падатковых праваадносін). Так, падатковая палітыка ў 2026 годзе будзе накіравана на забеспячэнне ўстойлівага выканання прадугледжаных бюджэтам расходных абавязацельстваў. У цэлым праект закона забяспечвае вырашэнне праблемных пытанняў падаткаабкладання з улікам вынікаў яго практычнага прымянення, далейшае спрашчэнне парадку вылічэння і выплаты канкрэтных падаткаў, аптымізацыю падатковых ільгот, удасканаленне падатковага адміністравання, а таксама палягчэнне ўспрымання плацельшчыкамі прадпісанняў Падатковага кодэкса. У рамках прапанаваных змяненняў падатковая нагрузка ў 2026 годзе прагназуецца на ўзроўні 25,7 % да ВУП.

Член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Наталля КУЛЯШОВА адзначыла, што дадзены праект закона — вынік сістэмнай гадавой работы кансультатыўных саветаў, рабочых груп, бізнес-супольнасцяў, якія ўносілі свае прапановы па карэкціроўцы і змене падатковага заканадаўства: «Усе змяненні, якія сёння былі агучаны, закрануць і юрыдычныя асобы, і фізічныя. Але, у прыватнасці, яны не адаб’юцца негатыўна на фінансава-эканамічнай дзейнасці нашых суб’ектаў гаспадарання, на дабрабыце нашых грамадзян. Як звычайна, гэта базавыя інавацыі, індэксацыя ставак, устаноўленых у беларускіх рублях».

Таксама ў першым чытанні быў прыняты законапраект «Аб змяненні законаў» (па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці). Праект закона прадугледжвае прывядзенне палажэнняў асобных законаў у адпаведнасць з Законам Рэспублікі Беларусь ад 22 красавіка 2024 г. № 365-З «Аб змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці» ў частцы тэрміналогіі, якая датычыцца суб’ектаў індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці, пералікаў відаў дзейнасці, дазволеных для ажыццяўлення індывідуальным прадпрымальнікам і самазанятым, рэгламентацыі іншых звязаных з рэалізацыяй дадзенага заканадаўчага акта пытанняў.

Як адзначыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Дзяніс КАРАСЬ, у нашай краіне ўдасканаленне заканадаўства ў сферы прадпрымальніцкай дзейнасці нацэлена на выбудоўванне цэласнай сістэмы дзяржаўнага кіравання, якая забяспечвае перш за ўсё павышэнне канкурэнтаздольнасці прадпрымальніцкага сектара і павелічэнне яго ўкладу ў нацыянальную эканоміку:

«Гэты законапраект прадугледжвае карэкціроўку 4 кодэксаў і 26 законаў, якія вядуць істотны крок, для таго каб бізнес-супольнасці было камфортна і зручна працаваць у гэтым кірунку. Усе асноўныя змяненні былі прыняты папярэднім законам, які быў прыняты 1 кастрычніка 2024 года. Гэтым законапраектам прыводзяцца ў парадак заканадаўчыя акты, тэрміналогія, паняційная структура», — рэзюмаваў парламентарый.

Дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў таксама прыняты ў першым чытанні праекты законаў «Аб змяненні Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях», «Аб змяненні законаў» (па пытаннях рэгулявання грамадзянскага судаводства і грамадзянскіх праваадносін)», у другім чытанні — «Аб змяненні законаў па пытаннях натарыяльнай дзейнасці». Ратыфікавана Пагадненне паміж урадамі Беларусі і ААЭ аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый. Таксама ратыфікаваны Чацвёрты дадатковы пратакол да Агульнага рэгламенту Сусветнага паштовага саюза, Першы дадатковы пратакол да Сусветнай паштовай канвенцыі, Першы дадатковы пратакол да Пагаднення аб паштовых плацежных паслугах.

Яна ВАЛАСАЧ

Чытайце таксама: У Палаце прадстаўнікоў разгледзелі пакет падаткова-бюджэтных дакументаў на будучы год

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю